Ціханоўская ў Еўрапарламенце засцерагла ЕС ад зняцця санкцый з Лукашэнкі
29 верасня ў Бруселі Святлана Ціханоўская выступіла на другім Форуме парламенцкай дэмакратыі Еўрапейскага саюза. У сваёй прамове Ціханоўская закранула пагрозы, з якімі сутыкаецца дэмакратыя, замежнае ўмяшанне і дэзынфармацыю.

Мерапрыемства арганізавала прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола пры падтрымцы віцэ-прэзідэнтаў Катарыны Барлі і Эстэбана Гансалеса Понса. У Форуме ўдзельнічаюць дэпутаты нацыянальных парламентаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый.
Святлана Ціханоўская гаварыла пра ролю грамадзянскай супольнасці, падтрымку Украіны і беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама пра неабходнасць захоўваць ціск на рэжымы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна і ўмацоўваць устойлівасць еўрапейскіх грамадстваў.
Ціханоўская адзначыла, што ў дэмакратычных краінах часам можа ўзнікаць спакуса дамовіцца з дыктатарамі. На ейную думку, аднак, нельга ўспрымаць саступкі і слабасць як спосаб дамагчыся доўгатэрміновых вынікаў, бо дыктатары могуць расцаніць іх як слабасць.
Яна заклікала працягваць санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі, але адначасова ўмацоўваць грамадства і дэмакратычныя інстытуты. Паводле Ціханоўскай, адной вайсковай моцы для абароны дэмакратыі недастаткова — неабходныя таксама людзі, гатовыя абараняць свае каштоўнасці.
Беларуская дэмакратычная лідарка таксама заклікала еўрапейскія дэмакратыі не ўспрымаць свабоду як нешта гарантаванае, падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя інстытуты, а таксама працягваць дапамогу Украіне.
Каментары