Вы ніколі не здагадаецеся, кухня якога народа нагадала блогеру Леаніду Пашкоўскаму стравы з беларускай вёскі
«Беларуса занесла ў правільнае месца», — пажартаваў аўтар папулярнага ютуб-канала «Хачу дадому».

Трэвэл-блогер Леанід Пашкоўскі, аўтар папулярнага ютуб-канала пра вандроўкі «Хачу дадому», у новым выпуску распавёў пра гастранамічныя адкрыцці ў Катманду — сталіцы Непала.
Вялікім сюрпрызам для яго стала, што некалькі традыцыйных страваў непальцаў вельмі падобныя па смаку да беларускіх дранікаў і варэнікаў.
«Беларуса занесла ў правільнае месца», — пасмяяўся Леанід.
Аладкі з сачавіцы ў Непале называюцца бара. Гэта папулярная страва, якую і набываюць як стрыт-фуд, і гатуюць дома. Што цікава, дадаткам да аладак могуць ісці кавалкі бульбы, абваленыя ў вострых спецыях. А таксама так званы папкорн з соі — соевыя шарыкі ў соусе.
«Дранік ён і ў Непале дранік. Хрумсткі ўнутры, далікатны ўсярэдзіне. Афігенна смачна, таму што гэта ў маім ДНК. Мне гэтага вельмі бракавала», — пракаментаваў блогер. Адзначыўшы, праўда, што замест соевых катлетак з задавальненнем навярнуў бы з дранікамі смятаны.


Што тычыцца традыцыйнага непальскага дэсерту «ёмары», то ён ужо канчаткова пагрузіў жлобінца ў настальгію па дзяцінстве ў бабулі.
«Хлопцы, гэта рэальна варэнік! З тварагом, крыху запечаным. Я ў шоку — я не разумею, я ў Непале ці ў беларускай вёсцы. Мне хочацца праглынуць яго адразу, як і дранік, бо я нібыта зноў апынуўся дома. Я не чакаў, што ў непальцаў так шмат супольнага з беларусамі», — не хаваў эмоцый відэаблогер. «Дзякуй, божа, што прывёў мяне сюды! Шчасцю няма мяжы».


Цеста такіх паравых піражкоў робіцца з рысавай мукі. Унутры ж яны напаўняюцца малочным запарным крэмам з яек.
Дарэчы, яйкі ў Непале доўгі час заставаліся сімвалам багацця, бо былі ў дэфіцыце і каштавалі вельмі дорага. Зрэшты, да гэтага часу ў многіх сем’ях іх падаюць да стала як шчодры пачастунак для гасцей.
Каментары