Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Дзмітрый Ярмоліч працуе ў нафтагазавай сферы: раней на Алясцы, цяпер на Ямале. Але самарэалізуецца ён у музыцы. Нейрасеткі ён лічыць такімі ж інструментамі, як сінтэзатар, фартэпіяна ці драўляныя лыжкі.

Дзмітрый Ярмоліч працуе вахтавым метадам у нафтагазавай галіне. Раней ён працаваў на нафтавых аб’ектах у раёне North Slope на поўначы амерыканскага штата Аляска, потым — на Ямале і Вынгапураўскім радовішчы ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.

Дзмітрыю 41 год, ён жыве ў Мінску, жанаты, мае дзяцей. Аднак паралельна з працай на буравых займаецца музыкай. Цяпер ягоны праект называецца «Вуж», мужчына выпускае песні па-беларуску, створаныя пры дапамозе нейрасетак. Пра свае эксперыменты мужчына расказвае ў сацсетках.
Як на буравой «раставаў лёд»
Музычная гісторыя Дзмітрыя Ярмоліча пачалася задоўга да «Вужа» і нейрасетак. Пад псеўданімам D-i-medroL Ярмоліч выпускаў асобныя лірычныя трэкі. Яшчэ ў верасні 2017 года ён апублікаваў на YouTube ролік «Бур идёт» — пародыю на тагачасны хіт гурта «Грибы» «Тает лёд». У кадры работнікі ў спецвопратцы танчаць на фоне буравой устаноўкі, а знаёмы рэфрэн ператвараецца ў песню пра вахту і бурэнне. Ролік тады шырока разышоўся па сацсетках, суполках і відэаплатформах.
Новы праект «Вуж», які з'явіцца праз восем гадоў, абсалютна адрозніваецца ад усяго, што Дзмітрый рабіў папярэдне. Матэрыялам для творчасці стала беларуская мова, міфалогія і гісторыя.
Спачатку зрабіў выгляд, што выпадкова знайшоў беларускі хіт
Першы трэк новага праекта на беларускай мове Ярмоліч апублікаваў у снежні 2025 года. Але адразу не прызнаўся, што мае да яго дачыненне. Ён выклаў некалькі ролікаў так, нібыта выпадкова знайшоў невядомую беларускую музыку і цяпер дзеліцца адкрыццём:
«Беларусь улятае ў чарты 2026 года! Чулі гэты гук? Гэта калі продкі качаюць не горш за топавых дыджэяў. Этнафутурызм, які мы заслужылі. Гонар за нашых».
У іншых відэа захапляўся спалучэннем беларускай музыкі і традыцыйных інструментаў з клубнымі бітамі:
«Беларуская музыка можа настолькі разрываць. Я проста ў шоку».
Прыём спрацаваў. Пад ролікамі з’явіліся сотні пераважна станоўчых каментароў:
«Як прыемна чуць родную мову».
«На роднай мове — буду слухаць усё жыццё. Дзякуй вялікі».
«Мурашы па скуры. Песня — агонь!»
«Божа, як хораша. Наша, беларускае».
Трапляліся і скептычныя водгукі — у тым ліку здагадкі, што музыка згенераваная. Тым не менш, адзін з ролікаў за суткі сабраў каля 200 тысяч праглядаў.
Толькі пасля гэтага Ярмоліч раскрыў карты: Vuž — ягоны ўласны праект. Паводле аўтара, ён сам напісаў тэкст і промпты, а музыку і вакал атрымаў пры дапамозе нейрасеткі.
«Заўсёды хацелася зрабіць нешта годнае па-беларуску, каб можна было слухаць у машыне, каб качала. І я бачу, што вам таксама зайшло», — растлумачыў ён.
«Беларускі код у лічбавым гуку»
TikTok Ярмоліч пачаў актыўна весці менавіта дзеля развіцця «Вужа». Цяпер у яго каля 5400 падпісчыкаў. Сваю музыку ён апісвае так:
«Беларускі код у лічбавым гуку. Найлепшы modern folk і ethno house для тваіх дынамікаў».
Слухачы радуюцца самой прысутнасці беларускай мовы ў сучаснай танцавальнай музыцы, але перыядычна заўважаюць памылкі ў вымаўленні і націсках. Ярмоліч спакойна прымае заўвагі, але часам і адказвае хейтарам.
Адзначым, што генератары музыкі значна лепш працуюць з англійскай і расейскай мовамі, чым з беларускай. Яны могуць механічна прачытаць літару, памыліцца з націскам або зрабіць фразу фанетычна ненатуральнай. Таму згенераваныя песні часта могуць рэзаць слых тым хто добра валодае беларускай мовай.
Ад кахання да Багніка і Рагнеды
Паступова праект выйшаў за межы некалькіх танцавальных песень. Ярмоліч пачаў эксперыментаваць з жаночым вакалам, перапрацоўваць творы малавядомых аўтараў і рабіць беларускія версіі вядомых песень. Сярод такіх спроб быў і «Зялёны вінаград» Аляксандра Саладухі.
Асобны кірунак — беларуская міфалогія. «Вуж» стварыў песні і нейравідэа пра Багніка, Лозавіка і Аржавеніка.
«Я максімальна сплёў сучасны рытм жыцця з нашай беларускай міфалогіяй. Дадаў туды, вядома, каханне — як узаемнае, так і тое, што раздзірае душу на часткі», — распавядаў аўтар, працуючы над другім альбомам.
У лютым ён узяўся за цыкл пра легендарных жанчын беларускай гісторыі: Рагнеду, Настассю Слуцкую, Еўфрасінню Полацкую. Песню пра Рагнеду назваў «Кроў Полацка», а разам з музычнымі ролікамі публікаваў кароткія гістарычныя даведкі.
Яшчэ адна крыніца сюжэтаў — падпісчыкі. Ярмоліч прапануе ім дасылаць асабістыя гісторыі, піша на іх аснове беларускамоўныя песні і раіцца наконт варыянтаў гучання. Гэта стварае вакол праекта невялікую, але даволі ўцягнутую супольнасць. Напрыклад, пад трэк «Вяселле» карыстальнікі зрабілі каля 150 уласных ролікаў.
Пяць альбомаў за паўгода
Штучны інтэлект дазволіў Ярмолічу выпускаць музыку з тэмпам, амаль немагчымым для традыцыйнага гурту.
Так, за паўгода ён выпусціў пяць альбомаў. Гэта альбом «Лёс» — 17 кампазіцый працягласцю больш за гадзіну. Альбом «Я — Вуж» змяшчае 11 песень. Пазней да іх дадаліся «Беларуская вясна», «Кроплі на шкле» і апошні жнівеньскі альбом «Нулявы кіламетр» з васьмі трэкаў.
Музыка даступная ў Spotify, Apple Music, «VK Музыке», «Яндекс Музыке» і на іншых сэрвісах.
Аўдыторыя «Вужа» аказалася прыкладна адных гадоў з самім аўтарам — і нават старэйшая. У Telegram-апытанні Ярмоліча амаль палова падпісчыкаў былі старэйшыя за 45 гадоў. Яшчэ 38% — ва ўзросце ад 35 да 44 гадоў. Маладзейшых за 25 гадоў аказалася толькі чацвёра.
«Раней музыка была закрытым клубам»
Самая вялікая спрэчка вакол «Вужа» датычыць хіба права аўтара наогул называць сябе музыкантам.
Ярмоліч добра ведае галоўны папрок:
«Ты не музыка. Ты проста катрыншчык, які круціць ручку штучнага інтэлекту».
Ён адказвае, што кожнае новае пакаленне творцаў спачатку сутыкалася са снабізмам. На яго думку, нейрасетка — такі ж інструмент, як гітара, фартэпіяна ці драўляныя лыжкі:
«Якая розніца, адкуль ствараецца гук, калі ён трапляе дакладна ў мэту? Чым генерацыя адрозніваецца ад біту, створанага з чужых сэмплаў, або ад голасу, вылізанага і адцюненага да непазнавальнасці? Музыка — гэта тое, што ў цябе ў душы, тое, што прымушае рухацца».
Ярмоліч называе ШІ «бясконцай гітарай з мільёнамі струн». Каб атрымаць нешта вартае, паводле яго, патрэбныя густ, нагледжанасць і ўменне пісаць дакладныя промпты:
«Памылка ў адным слове — і сімфонія ператворыцца ў кашу. Нейрасетка не ведае, навошта яна гэта робіць. Сэнс укладае чалавек. Без рук і мазгоў ШІ выдае толькі тону сырога смецця. Інструмент не робіць цябе творцам — ён толькі маштабуе твой талент або яго адсутнасць».
Ярмоліч бачыць у нейрасетках дэмакратызацыю талентаў. Раней, разважае ён, для запісу трэка патрабаваліся сотні долараў: асобна на біт, студыю, звядзенне, мастэрынг і дыстрыбуцыю. Цяпер дастаткова бясплатнага сэрвісу або падпіскі за 10—15 долараў.
Пэўныя развагі Вужа выглядаюць спрэчнымі, напрыклад, тое што нейрасетка за хвіліны робіць гук чысцейшым, чым прафесіяналы ў студыі за некалькі тыдняў. Яна можа хутка выдаць тэхнічна эфектны вынік, але не заўсёды дае натуральную дыкцыю, дакладныя націскі, арыгінальную аранжыроўку і магчымасць кантраляваць асобныя элементы запісу.
Сумнеўнай выглядае і паралель паміж генерацыяй цэлай песні і выкарыстаннем сэмплаў, аўтацюну або электронных інструментаў. У традыцыйным прадакшне музыка ўсё ж прымае мноства дробных рашэнняў — сам стварае або адбірае партыі, мяняе гармонію, рытм, тэмбр і структуру. Карыстальнік генератара таксама робіць творчы выбар, але ступень яго кантролю над канчатковым вынікам можа быць істотна меншай. Нарэшце, дэмакратызацыя доступу да стварэння музыкі не гарантуе поспеху. Калі песні становіцца танна і лёгка генераваць, перавагу атрымліваюць тыя, хто лепш валодае алгарытмамі сацыяльных сетак, мае грошы на прасоўванне або здольны бесперапынна выпускаць кантэнт. Таму ШІ не столькі ліквідуе музычную індустрыю з яе фільтрамі, колькі стварае новыя, ужо платформенныя.
Тым не менш галоўная думка Вужа зразумелая: чалавек без музычнай адукацыі і вялікіх грошай упершыню атрымаў магчымасць праверыць сваю ідэю ў амаль гатовым гуку.
«Раней музыка была закрытым клубам для тых, у каго ёсць залатая карта або добры прадзюсар. Няма грошай на студыю — твой талент нам не патрэбны. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі. Цяпер гэта не бітва гаманцоў, а бітва ідэй».
Чаму некаторыя нейрапесні збіраюць мільёны
У якасці доказаў Ярмоліч згадвае СДП, Sasha Komovich і AltVerse — праекты, музыка якіх цалкам або часткова ствараецца з дапамогай ШІ.
Найбольш паспяховы з іх — СДП, які ператварае класічную рускую паэзію ў сучасныя песні. «Сыпь, гармоника!» на верш Сяргея Ясеніна сабрала больш за 4,3 мільёна праслухоўванняў у Spotify і каля 8,6 мільёна праглядаў на YouTube. «Какая ночь! Я не могу» мае больш за два мільёны праслухоўванняў у Spotify.
Sasha Komovich стала вядомай дзякуючы нейраверсіі «Расскажи, Снегурочка». У трэка каля 2,5 мільёна праслухоўванняў у Spotify і 4,7 мільёна ў YouTube Music.
З AltVerse сітуацыя складанейшая. У сацсетках гэтаму праекту часта прыпісваюць вірусную афрасоўл-версію «Papaoutai». Песня сапраўды стала глабальным хітом і за першы месяц сабрала больш за 14 мільёнаў праслухоўванняў у Spotify.
Калі разважаць пра сакрэт такога поспеху, то кожны з гэтых праектаў узяў ужо знаёмы аўдыторыі культурны матэрыял: вершы Ясеніна, навагоднюю песню з савецкага мультфільма «Ну, погоди!» або сусветны хіт Stromae. Слухачу не трэба знаёміцца з гісторыяй з нуля, ён адразу пазнае словы ці мелодыю, але чуе іх у нечаканым афармленні.
Другі фактар — адзін выразны вірусны трэк. Масавую аўдыторыю прыводзіць адна песня, якая трапляе ў кароткія відэа, плэйлісты і рэкамендацыі алгарытмаў.
У «Вужа» пакуль іншая сітуацыя, і ў яго няма такіх праглядаў.
Але ў «Вужа» ёсць тое, чаго няма ў многіх безаблічных нейрапраектаў: пазнавальная тэма і жывы аўтар, які не хаваецца за выдуманым персанажам. Вахтавік з буравой, які паміж паездкамі на Крайнюю Поўнач піша пра Рагнеду, балотных духаў і няшчаснае каханне.
У адным з ролікаў Ярмоліч задае найбольш дакладнае пытанне:
«Калі ў цябе забраць скрыпку, гітару, фартэпіяна або доступ да ШІ, ты застанешся музыкам ці творцам? Ці ты проста хлопец з палкай, які ўзнаўляе чужое? Сапраўдная творчасць — у галаве».
Тым часам слухачы пакідаюць пад «Вужом» простыя каментары:
«Беларуская мова — проста супер».
«Вуж, ты моц! Калі сказаць, што ад тваіх трэкаў бясконцая асалода, — гэта будзе мала».
«Паставілі першы трэк – і адразу ў дзясятачку! Так зайшло, гналі па трасе, ды з добрай акустыкай, гэта проста адвал бошкі! Дзякуй, братка, за добрую музыку, а галоўнае на нашай роднай мове!»
Хто яшчэ стварае беларускую музыку з дапамогай ШІ
«Вуж» — не першая спроба прымусіць нейрасетку спяваць па-беларуску. Ужо існуе некалькі праектаў, але кожны выкарыстоўвае тэхналогію па-свойму: адзін кладзе на біты класічную паэзію, другі эксперыментуе з фальклорам, трэці ператварае ў песні ўласныя вершы.
Найбольш падобны да «Вужа» — Setivir, эксперыментальны праект Аляксея Картынніка. У ягоным каталогу — больш за дзясятак беларускамоўных трэкаў, у тым ліку «Родны Флоў», «Мужык-беларус», «Ляцелі», «Купала» і «Бітая дарожанька». Частка песень заснаваная на народных тэкстах і беларускай класіцы. Аўтар адкрыта расказвае пра выкарыстанне Suno і паказвае, як пасля генерацыі некалькі гадзін дапрацоўвае матэрыял уручную.
Самы папулярны трэк праекта, «Родны Флоў», сабраў на YouTube каля пяці тысяч праглядаў, «Мужык-беларус» — каля 2,6 тысячы. Гэта значна менш за вірусныя паказчыкі ролікаў «Вужа».
Яшчэ адзін цікавы прыклад — Нейра-вакальны інструментальны ансамбль «Дрыгвяты», створаны Аляксандрам Гурнікам. Сам аўтар называе яго «дзіцячымі песнямі для дарослых на беларускай мове». У плэйлісце — 18 кампазіцый: «Дрыгва», «Праклёны», «Невялічкае шчасце», «Сустрэча», «Светапогляд мовы» ды іншыя. У промптах беларускія цымбалы, дуда і жалейка сустракаюцца з фанкам, фолк-металам, J-pop і K-pop. Але «Дрыгвяты» пакуль застаюцца хутчэй эксперыментам унутры Suno, чым самастойным медыйным брэндам.
На мяжы паміж паўнавартасным праектам і серыяй эксперыментаў знаходзіцца Guslee Bel — «беларускія вершы на бітах». У сацсетках аўтары публікуюць нейраапрацоўкі і мэшапы, аднак не заўсёды можна дакладна вызначыць, якая частка канкрэтнай працы створаная ШІ, а якая — чалавекам.
У лютым 2026 года прымусіць нейрасетку спяваць па-беларуску паспрабавала нават Нацыянальная акадэмія навук. Падчас дыскусіі пра здольнасць ШІ працаваць з беларускай мовай навукоўцы прадэманстравалі згенераваныя песні. Аднак гэта так і засталося навукова-папулярызатарскім эксперыментам.
-
«Беларусь — найлепшая краіна. Але трэба падрыхтавацца». Мужчына чысціў тэлефон, але яго з сям'ёй усё роўна затрымалі на мяжы
-
«Не спадабаліся прадукты на паліцы — і пішуць туды эсэмэску». МУС назвала Threads пагрозай бяспецы і заявіла пра затрыманні
-
Таксістам загадалі тэрмінова зняць усю рэкламу казіно і букмекераў з бартоў машын
Каментары
Пластмасавы свет перамог, макет аказаўся мацнейшым - пакуль усё ж не. Добра, што моладзі цікава на жывых інструментах пабрыньчаць.
ШІ хай будзе забаўкай, а творчасць застаецца жывой.
Очень в тему вспомнили. Хотел бы посмотреть на тот AI, который сможет повторить Летова (не спародировать, а создать что-то подобное). Вроде слушаешь - и текст хрень на грани понимания, и музыка простая... а офигеваешь, аж слезы наворачиваются. Спустя три десятка лет со времен юности - все так же, я проверял... правда, добавилась ностальгия по ней, по юности ) Уж и Егора того нет сколько годков...
Кто-то это описал как картину - ее надо смотреть с расстояния, а не разглядывать отдельные мазки краски. Думаю, до такого "понимания" музыки AI дойдет примерно никогда.