Грамадства2626

«Больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу — і гэта толькі з майго аддзялення». Рэаніматолаг з райцэнтра шчыра апісаў будні беларускай медыцыны

Мікалай (імя змененае) — анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Некалькі гадоў ён адпрацаваў у бальніцы беларускага райцэнтра, а потым быў вымушаны пакінуць краіну. У шчырай споведзі доктар расказвае, што назіраў у райбальніцы — шмат у чым гэта люстэрка ўсяго грамадства.

Фота: LookByMedia

«Часам пісалі прэпарат на паперы, але па факце яго не давалі пацыенту, бо яго проста не было»

Калі ты працуеш у рэанімацыі ў такім месцы, мусіш быць гатовы да ўсяго. Ёсць у мяне калегі, якія працуюць анестэзіёлагамі ў спецыялізаваных рэанімацыях у Мінску ці ў абласных гарадах. Звычайна яны працуюць толькі з абмежаванай колькасцю хваробаў — напрыклад, гэта кардыярэанімацыя. 

А ў раённай бальніцы ты — універсальная машына. Аварыя, пажар, старыя людзі з хранічнымі хваробамі ці нечым экстранным накшталт інфарктаў ці інсультаў, дзеці з атручваннямі, апёкамі ці падзеннямі — усіх вязуць. Досведу вядзення дзяцей у мяне не было, гэта ўвогуле асобная спецыяльнасць, але мусіш прыстасоўвацца.

Калі праходзіш гэтую школу, робішся моцным і ў працоўным плане, і ў маральным. Тым больш што раёнам не надта надзяляюць увагу, таму заўсёды нечага дэфіцыт: абсталявання, рэагентаў, аналізаў. Пастаянна мусіш нешта прыдумляць, каб дапамагчы чалавеку ва ўмовах, калі ў цябе няма паловы таго, што трэба.

Я трапіў на працу ў гады кавіду. Шмат што тады шакавала — схаваная статыстыка, тое, колькі людзей памірала. Калі бачыш па шэсць трупаў штодзень у маленькім райцэнтры, а ты яшчэ зусім малады спецыяліст, гэта моцна б’е па псіхіцы, самаацэнцы, увогуле па ўсім. А калі нагледзеўся адразу вельмі дрэннага, потым лягчэй, бо мала што можа перабіць той досвед.

Фота: АР

Напэўна, самае яркае, што бачыў — гэта калі хлопец на працоўным месцы стрэліў сабе ў галаву з табельнай зброі, яго прывезлі проста ў аперацыйную. Ці выратавалі яго? Вядома, што не, гэта быў прамы стрэл у галаву.

З чым я працаваў? Інсульты, інфаркты, алкашы, постаперацыйныя пацыенты і проста нейкія паталогіі, дзе трэба аперацыя. У нашым аддзяленні звычайна было разы ў два больш пацыентаў, чым яно разлічанае, і 80% з іх — дзядулі і бабулі з інсультамі.

Дэфіцыту кадраў у нас не было, але быў дэфіцыт акадэмічнасці. Сярэдняе па гадах звяно ўсё звольнілася, шмат хто выехаў з краіны, старое звяно амаль усё выйшла на пенсію. Засталіся толькі зусім старыя, то-бок няма каму вучыць моладзь.

У нашай рэанімацыі дагэтуль працуе глыбокая пенсіянерка, і нам гэта падаецца дзіўным. Гэтая праца звязаная з вялікай мабільнасцю: ты мусіш пастаянна перасоўвацца, цябе могуць выклікаць у іншыя корпусы бальніцы, і трэба туды хутка трапіць. Часам трэба прымяняць фізічную сілу, ды проста паўгадзіны чалавека пакачаць — гэта фізічная нагрузка. А людзі ў гадах не хочуць гэтым займацца.

Калі я пачаў працаваць, мой заробак з улікам розных надбавак быў недзе 800 даляраў, апошні мой заробак там быў каля 1000 даляраў.

Калі браць у сярэднім па бальніцы, то ў анестэзіёлага-рэаніматолага самыя вялікія заробкі на стаўку. Але я малады чалавек, павінен ствараць у краіне ячэйку грамадства, а на гэтыя грошы проста нерэальна існаваць. Не ўяўляю, як мог бы ўтрымліваць сям’ю, набыць кватэру ці машыну.

У нашай бальніцы хапала патрэбнага абсталявання, хаця б з боку анестэзіялогіі. Былі наркозныя апараты, апараты УГД, ШВЛ, нейкія маніторы, нават наркозныя апараты ў аперацыйных былі новыя, кітайскія. Праблема была больш у тым, што ў аддзяленнях, акрамя нашага, часта не было спецыялістаў, якія маглі б з тым абсталяваннем працаваць.

А яшчэ велізарная праблема — недахоп рэагентаў у лабараторыях, ты проста не можаш пацыенту прызначаць рэгулярныя аналізы. Мы ў рэанімацыі мусім браць аналізы штодзень, а рэагенту, напрыклад, няма, і наступны прывязуць праз некалькі дзён.

Фота: Заря

Або ёсць у нас апарат УГД, а вось спецыялісты па УГД скончыліся. Ёсць там адзін спецыяліст, які сумяшчае працу ў бальніцы з іншым месцам. Рэанімацыя робіць УГД у першую чаргу, і можа так здарыцца, што трэба нам зрабіць шмат УГД, а ён ужо выпрацаваў сваю норму на сёння. І тады ўсё, без належнай дыягностыкі лячэнне прыпыняецца.

Апараты ў нас ёсць, а расходнікаў да іх няма, або яны вельмі хутка заканчваюцца, і мы іх ледзьве паспяваем папаўняць. Ёсць такія дыхальныя контуры — гэта трубка, якая вядзе ад апарата ШВЛ да пацыента. Зразумела, што на кожнага пацыента мусіць быць свая трубка, і аднойчы ў нас тыя трубкі скончыліся. А што рабіць? Даводзілася выкручвацца, трэба ж неяк дыхаць.

Тое самае з медыкаментамі. Ёсць дзяржаўныя пратаколы лячэння, і вось ты пачынаеш лячыць паводле іх, а гэтага няма, і таго няма, і таго. І выходзіць, што з усяго пратакола ёсць толькі адзін прэпарат. Ты яго прызначаеш, а потым прыязджае праверка і пытаецца, а чаму вы не прызначылі таго і таго. Іх жа не хвалюе, што тут нічога няма.

Часам пісалі прэпарат на паперы, але па факце не давалі пацыенту, бо яго проста не было.

«Койкі займаюць алкашы, а калі даходзіць чарга да нармальных пацыентаў, для іх проста няма месца»

Адна з асноўных катэгорый, што траплялі ў рэанімацыю — гэта алкаголікі. Проста зачыніліся малпоўнікі, і калі міліцыі нешта не падабаецца, яны адразу вязуць чалавека ў бальніцу. 

Таму ўсё нестандартнае — людзі з неадэкватнымі паводзінамі, вельмі агрэсіўныя — адразу ехала ў рэанімацыю. Нам трэба было проста дачакацца, пакуль чалавек працверазее. А калі ён у запоі шмат дзён, то і выходзіць з гэтага стану ён будзе доўга.

Упэўнены, што так па ўсёй краіне. Койкі займаюць алкашы, а калі даходзіць чарга да нармальных пацыентаў, для іх проста няма месца. Ты вымушаны нешта шукаць, выбіраць.

У некаторых бальніцах рэанімацыі могуць не браць такіх пацыентаў, але ў нас было не так, таму мы мусілі забіраць увогуле ўсіх. У выніку пацыентаў было ў два разы больш, чым месцаў. Проста бярэш койкі з іншых аддзяленняў, кладзеш гэтых людзей на калідор і прывязваеш, і на іх ужо няма абсталявання, манітораў. 

Калі прыходзяць з выражанай інтаксікацыяй ад алкаголю, гэта не страшна, мы нават часам рызыкавалі і не бралі такіх у аддзяленне. Такія людзі проста напіліся, хутка яны працверазеюць, і ўсё будзе добра. 

Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

А калі гаворка пра запой, алкаголь можа ўплываць на іншыя сістэмы арганізма, у чалавека можа быць хранічная хвароба. І калі людзі злоўжываюць, яны вельмі часта не заўважаюць, што атрымалі нейкія траўмы. Па пратаколах ім трэба было рабіць КТ, бо часта ў іх бываюць пашкоджанні галавы ад падзенняў. І калі чалавек мае такое пашкоджанне, гэта стапрацэнтна мінімум трое сутак у рэанімацыі. І ўсё, койка занятая.

Былі ў нас і псіхічна хворыя: шызафрэнія, псіхатычныя разлады, афектыўныя, разлады ўспрымання і паводзінаў. Адкуль? Прыходзіць чалавек у псіханеўралагічны дыспансер, яму выпісваюць накіраванне, ён трапляе ў прыёмнае аддзяленне, яго кладуць да нас. Нікуды больш, акрамя як у рэанімацыю, яго нельга пакласці, бо толькі ў нас было закрытае аддзяленне з пастаянным назіраннем.

Яшчэ часам трапляюцца алкаголікі, у якіх ад доўгага ўжывання ёсць галюцынацыі. Калі ёсць галюцынацыі, гэта заўсёды спачатку шпіталізацыя ў рэанімацыю, а потым перавод у псіхіятрычную бальніцу — вядома, пасля агляду псіхіятра. Але ж псіхіятр то ёсць, то няма, і ў выніку мы самі вырашылі ладзіць такія агляды, хаця не мелі права. Потым усё-ткі з’явіўся псіхіятр, але ўсё адно гэта вялікая праблема.

Часта бывалі людзі са спробамі суіцыдаў. Але праблема ў тым, што, можа, палова такіх выпадкаў хутчэй дэманстратыўныя або такія, за якімі няма нейкіх вялікіх дыягназаў. І такі пацыент не можа знаходзіцца нідзе, акрамя рэанімацыі, і ты не можаш яго выпусціць з аддзялення без агляду псіхіятра.

Памятаю дурны выпадак. Хлапчо шаснаццаці‑сямнаццаці гадоў пасварылася з дзяўчынай і лягло ў ванну, каб нібыта вены рэзаць, напісала ёй пра гэта. Нехта выклікаў хуткую, тыя прыехалі і запісалі гэта як спробу суіцыду. Яго прымусова кладуць у рэанімацыю, і ты прыходзіш з ім гаварыць, а ён ужо кажа — маўляў, вы не падумайце, я ж не хацеў. І ўсе ўсё разумеюць, але нічога не зробіш: будзе агляд псіхіятра і запісы пра спробу суіцыду ў паперах у чалавека.

«За апошнія гады больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу, каб працаваць дактарамі, і гэта толькі з майго аддзялення»

Бывала, што ў нас у бальніцы дактары рызыкавалі атрымаць ВІЧ ад пацыента. Праз тое, што ёсць асветніцкая праца, большасць людзей з ВІЧ прымаюць таблеткі. Так, у іх падае вірусная нагрузка, таму нават калі яго кроў да цябе трапіць, заразіцца вельмі складана. Але часам бываюць такія пацыенты, хто не прымае таблетак, а лячыць іх усё роўна трэба.

Больш за ўсё рызыкуюць хірургі і траўматолагі, бо яны непасрэдна кантактуюць з біялагічнымі вадкасцямі. Неяк у нас медык двойчы трапіў у сябе іголкай падчас аперацыі ў пацыента з ВІЧ, а там пацыент не прымаў таблетак, і была вялікая вірусная нагрузка. Той медык псіхануў, зняў пальчаткі і проста падчас аперацыі пайшоў у інфекцыйны кабінет па прафілактычную дозу лекаў ад ВІЧ. 

Часам сярод ночы ў бальніцу прыязджаюць тыя, хто мог прыехаць у яе ў любы іншы час. Прыходзяць а 12‑й ночы нейкія бабулі з павышаным ціскам, высокім цукрам ці хворымі ныркамі. Пачынаюць расказваць, чым хварэюць з 1980‑х, яшчэ і торбы прывозяць, каб іх паклалі ў бальніцу, а падстаў для шпіталізацыі там няма.

Вельмі часта прывозілі пажылых людзей, якіх ніхто не даглядае. Бывае, лечыш кагосьці, у каго няма сваякоў. А потым прыязджаюць нейкія дзеці або ўнукі з Мінска і кажуць — маўляў, засудзім вас за тое і за тое. Распачынаецца нейкі цырк, хаця гэтага чалавека знайшлі на вуліцы ў бамжацкім стане.

Калі я працаваў у бальніцы, там пазвальняліся палова спецыялістаў. У выніку на дактароў, якія засталіся, выходзіць у два разы больш працы. Адміністрацыя не зможа заўсёды закрываць дзіркі за кошт маладых спецыялістаў, таму што людзі проста больш не хочуць ісці ў медыцынскі. Рана ці позна ў бальніцы здарыцца калапс. Нешта будуць рабіць, можа, змяняць падыходы або размяркоўваць нагрузку, але ў любым выпадку будзе дрэнна.

Але мне вельмі пашчасціла працаваць у тым аддзяленні. Былі добрыя настаўнікі, цудоўныя людзі, з усімі калегамі было класна працаваць.

Пры гэтым толькі за апошнія гады больш за 10 чалавек пераехалі ў Еўропу працаваць, і гэта толькі з майго аддзялення. Ведаю яшчэ некалькіх, хто актыўна вучыць замежную мову — напэўна, людзі гэта робяць не проста так.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • Тамаш
    27.09.2026
    Зразумела. Жыць у лукастане немагчыма. Толькі мянтам і чыноўнікам. Смешна назіраць за дэбільнымі мордамі ў пінжаках са значкамі на лацканах у магазінах. Сур’ёзныя гандоны, бачна каго на бярозы ўздымаць.
  • Экстреміст
    27.09.2026
    И тут недавно попался пост как человек не может найти работу анестезиологом после народной судимости, даже частникам страшно брать. Продолжайте
  • U
    27.09.2026
    Челу в райцентре рб мало тыщи. Ну ну… Ты же не в NY живешь. Врачи вообще офигевшие. Он работал… однако закончилась смена и досвидания.

Цяпер чытаюць

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА14

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цягнік, які ішоў з расійскай Анапы ў Мінск, затрымаўся ў дарозе праз пашкоджанне ўкраінцамі чыгункі на Браншчыне1

Прэзідэнтам FIDE стаў былы расіянін з казахстанскім пашпартам. Ён знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё35

Трамп спадзяецца на пагадненне паміж Зяленскім і Пуціным яшчэ да суровай зімы2

На прыпынкавых павільёнах у Мінску дададуць новыя агароджы

Украінца, які ўчыніў разню ў каталіцкім кляштары ў Польшчы, змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу

Біл Гейтс перасцярог, што ШІ можа знішчыць мільярд людзей10

У Гродне адкрылі мурал адначасова да Дня машынабудаўніка і Года беларускай жанчыны ФОТАФАКТ11

БелАЗ зноў пачаў прадаваць фірмовыя мужчынскія боты2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА14

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць