Паводле звестак нямецкіх спецслужбаў, расійская разведка стварыла ў Германіі схованкі са зброяй. Як піша BILD, цяпер вядуцца пошукі гэтых схованак.

Увечары 11 чэрвеня 2026 года недалёка ад Субоціцы сербская паліцыя спыніла два аўтамабілі, якія накіроўваліся да венгерскай мяжы. У «Пежо» Данілы Багданавіча, серба з расійскім пашпартам, выявілі дэталі беспілотніка, а ў чорным «Вольва» Слабадана Дучыча — патаемнае аддзяленне з дзвюма кансервавымі бляшанкамі, начыненымі выбухоўкай. Паводле ацэнкі следства, з гэтага можна было сабраць бомбу. Багданавіч і Дучыч арыштаваныя.
На наступны дзень дружалюбная спецслужба перадала нямецкім калегам інфармацыю пра падазроны грузавік, які накіроўваўся ў Германію з Сербіі. Паводле звестак сербскіх уладаў, у грузавіку была схованка для кантрабанды зброі. Аднак сербскай паліцыі перахапіць аўтамабіль не ўдалося.
27 чэрвеня баварская памежная паліцыя затрымала грузавік пры ўездзе з Аўстрыі. Сербскага кіроўцу затрымалі, забаранілі яму ўезд у Германію і вярнулі ў Аўстрыю. А грузавік канфіскавалі. Следчыя сапраўды выявілі патаемныя адсекі — пустыя.
Органы бяспекі прыйшлі да высновы, што партыя зброі, пра якую папярэджвалі сербы, магла раней дасягнуць месца прызначэння ў Германіі. Паводле інфармацыі BILD, зброя можа прызначацца для нападу на абароннае прадпрыемства ў Баварыі, якое мае важнае значэнне для ваеннай дапамогі Украіне.
Пошук зброі ідзе поўным ходам. Паводле ацэнкі нямецкага ўрада, цяпер у Еўропе дзейнічаюць некалькі сетак дыверсантаў, якімі кіруе Расія. Лічыцца, што іх каардынуе ГРУ, якое, як мяркуецца, праводзіць таемныя аперацыі ў Еўропе з дапамогай «аддзела спецыяльных задач».
Нямецкія следчыя падазраюць, што зброя з грузавіка ўжо знаходзіцца ў нейкай схованцы ў Германіі і гатовая для дыверсій.
Усе датычныя да гэтай справы органы ў адказ на запыт BILD спасылаюцца на рэжым сакрэтнасці. На старонках дакументаў, якія BILD удалося ўбачыць у сувязі з расследаваннем, зверху чырвоным колерам надрукавана: «афіцыйна засакрэчана».
Каментары