Зменяцца правілы вывазу каналізацыйных адкідаў з прыватных дамоў
У Беларусі плануюць увесці адзіны парадак вывазу сцёкавых вод з прыватнага сектара. Гэта тычыцца дамоў, якія не падключаныя да цэнтральнай каналізацыі і выкарыстоўваюць выграбныя ямы або іншыя аўтаномныя сістэмы водаадвядзення, піша Blizko.by.

Пра новыя правілы расказала намесніца начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Салівончык падчас вебінара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі.
Вываз сцёкавых вод будзе рабіцца на платнай аснове паводле дамовы. Мясцовыя органы ўлады будуць размяшчаць на сваіх сайтах інфармацыю пра выканаўцаў, якія працуюць на адпаведнай тэрыторыі, а таксама пра ўстаноўленыя імі тарыфы.
Заказаць асенізацыйную машыну можна будзе праз службу 115, а аплаціць паслугу — праз АРІП.
Асобная пастанова павінна вызначыць адзіныя правілы карыстання аўтаномнымі сістэмамі водазабеспячэння і каналізацыі. Плануецца ўсталяваць максімальна дапушчальны ўзровень запаўнення выграбных ям.
Змены закрануць значную колькасць прыватных дамоў. У Беларусі налічваецца каля 800 тысяч дамоў, падключаных да цэнтральнага водазабеспячэння, але без цэнтральнай каналізацыі. Штогод з іх вывозяць больш за 1,3 мільёна кубаметраў сцёкавых вод.
Каб зрабіць паслугу таннейшай, мясцовыя ўлады змогуць вызначаць аптымальныя адлегласці для перавозкі сцёкаў і месцы іх прыёму. Асенізацыйныя машыны пры гэтым павінны будуць зліваць сцёкавыя воды толькі на спецыялізаваных станцыях.
Праект пастановы ўжо прайшоў грамадскае абмеркаванне і цяпер разглядаецца ва ўстаноўленым парадку. На гэты момант дакумент праходзіць юрыдычную экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі.
Каментары