Палове адмовілі, траціне далі статус бежанца. Сталі вядомыя жнівеньскія вынікі разглядаў заяў беларусаў на міжнародную абарону ў Польшчы
У жніўні 2026 года Польшча прызнала бежанцамі 35 беларусаў, якія звярнуліся па міжнародную абарону. Яшчэ аднаму чалавеку надалі дадатковую абарону. Адначасова па 49 заявах былі вынесены адмоўныя рашэнні, а разгляд яшчэ 17 спраў прыпынілі. Такія дадзеныя прыводзіць польскае Упраўленне па справах іншаземцаў, піша выданне Most.

Cтаноўчыя рашэнні ў жніўні склалі 35,3% ад агульнай колькасці разгледжаных спраў. Гэта больш, чым у ліпені, калі статус бежанца або дадатковую абарону атрымалі толькі па 13% спраў. Аднак паказчык за жнівень істотна ніжэйшы за вынікі папярэдніх гадоў і першых пяці месяцаў 2026 года, калі доля адмоваў складала ўсяго каля 4,5—5,5%.
Увогуле колькасць новых заяў беларусаў на міжнародную абарону ў Польшчы скарачаецца. За першыя восем месяцаў 2026 года польскае ведамства зарэгістравала каля 1200 такіх зваротаў. Гэта азначае вяртанне да адносна стабільнага ўзроўню пасля рэкордных паказчыкаў 2022—2024 гадоў, калі штогод паступала ад 3 да 4 тысяч заяў. У 2024 годзе іх было амаль 4 тысячы.
Упраўленне па справах іншаземцаў тлумачыць зніжэнне колькасці новых зваротаў дзвюма асноўнымі прычынамі. Па-першае, большасць людзей, якія пасля 2020 года сутыкаліся з пагрозай палітычных рэпрэсій, ужо пакінулі Беларусь і паспелі легалізаваць сваё знаходжанне ў Польшчы. Па-другое, на рашэнні польскіх уладаў уплывае больш строгая практыка разгляду спраў. У ведамстве мяркуюць, што высокая доля адмоваў летам можа стрымліваць новых мігрантаў ад выбару працэдуры міжнароднай абароны як асноўнага спосабу легалізацыі.
Па стане на 1 верасня 2026 года ў Польшчы заставаліся на разглядзе справы каля 3,2 тысячы грамадзян Беларусі. Прыкладна 92% з іх знаходзіліся на разглядзе ў першай інстанцыі. Нягледзячы на зніжэнне колькасці новых заяў, захоўваецца чарга са спраў, пададзеных у папярэднія гады. У польскім ведамстве гэта называюць структурнай праблемай прапускной здольнасці сістэмы. Цяпер асноўная ўвага надаецца справам, якія назапасіліся з 2023—2024 гадоў.
Змяніліся і суадносіны паміж статусам бежанца і дадатковай абаронай. Калі ў 2022 годзе на адзін статус бежанца прыпадала каля 20 рашэнняў аб дадатковай абароне, то ў апошнія месяцы статус бежанца беларусам сталі надаваць часцей. У справаздачы польскага ведамства дакладная прычына такой змены не называецца. Аўтары матэрыялу мяркуюць, што цяпер больш увагі можа надавацца індывідуальным выпадкам пераследу, а не толькі агульнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і патэнцыйнай пагрозе для заяўніка.
Што да доступу да рынку працы, то звычайна заяўнікі на міжнародную абарону могуць атрымаць права працаваць праз шэсць месяцаў пасля падачы заявы, калі за гэты час першая інстанцыя не вынесла рашэння. Аднак беларусы ў гэтым плане часта з'яўляюцца выключэннем. Многія з іх яшчэ да пачатку працэдуры міжнароднай абароны ўжо мелі права на працу — напрыклад, на падставе гуманітарных віз з дазволам на працу або часовых дазволаў на жыхарства.
У польскім ведамстве адзначаюць, што дзякуючы гэтаму большасць беларусаў, якія звярнуліся па абарону, застаюцца фінансава незалежнымі і не ствараюць дадатковай нагрузкі на дзяржаўную сістэму сацыяльнай дапамогі.
26 верасня беларусы правялі пікет каля будынка Упраўлення па справах замежнікаў у знак пратэсту супраць вялікай колькасці адмоў у наданні міжнароднай абароны.
Беларусам часцей сталі адмаўляць у міжнароднай абароне ў Польшчы — што адбываецца
Польшча рэзка знізіла выдачу міжнароднай абароны беларусам. У чэрвені адмоў удвая больш, чым станоўчых рашэнняў
У Варшаве сустрэлі 10 палітзняволеных, якія прыехалі з Вільні ФОТЫ і ВІДЭА
Чэшскі суд адмяніў адмову ў міжнароднай абароне 23‑гадоваму беларусу Якаву Кудзялевічу, які правёў 73 дні ў коме
«Усе казалі, што гэта нерэальна». Беларуска змагла зрабіць бацькам візы незвычайным шляхам
Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Каментары
я ведаю толькі адну прычыну - людзі перасяклі мяжу, верагодна паехалі ў Беларусь