Грамадства22

У Бярозе збіраюцца ўдыхнуць жыццё ў былы картэзіянскі манастыр

У Бярозе Брэсцкай вобласці плануюць рэканструяваць паўднёва-заходнюю частку комплексу былога картэзіянскага кляштара і ператварыць яе ў турыстычны аб’ект. Праект прадугледжвае стварэнне музейнай экспазіцыі, невялікага гатэля, канферэнц-залы і кавярні, піша Domovita.by.

Фота: «Планета Беларусь»

За рэалізацыю праекта адказвае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Бярозаўскага раёна, а праектныя рашэнні распрацоўваў філіял «Брэстрэстаўрацыяпраект». Асноўная задача — аднавіць цэласнасць паўднёва-заходняй часткі ансамбля і прыстасаваць гістарычныя будынкі для турыстычных патрэб. Земляныя работы пры закладцы падмуркаў будуць праводзіцца пад наглядам археолагаў, каб не пашкодзіць культурны пласт.

Фота: «Планета Беларусь»

У самым вядомым будынку комплексу — доме Сапегаў — плануюць адкрыць міні-гатэль. Ён будзе займаць два паверхі і 318 квадратных метраў. Тут зробяць тры нумары агульнай умяшчальнасцю 11 спальных месцаў. На першым паверсе размесціцца трохмесны нумар, цалкам прыстасаваны для людзей з асаблівымі патрэбамі. На другім паверсе будуць два двухпакаёвыя нумары, кожны з якіх разлічаны на чатырох чалавек.

У суседнім корпусе адкрыюць невялікую кавярню плошчай 196,3 квадратнага метра. Зала з барнай зонай будзе займаць 62 квадратныя метры і зможа прыняць 21 наведвальніка. Аснову меню складуць паўфабрыкаты высокай ступені гатоўнасці, таму кавярня будзе разлічаная пераважна на хуткі перакус падчас наведвання комплексу.

Фота: «Планета Беларусь»

Яшчэ адзін захаваны корпус побач з уязной брамай прыстасуюць пад музей. На першым паверсе размесцяцца музейныя залы і тэхнічныя памяшканні, а на мансардзе — закрытае фондасховішча. Суседнюю вежу злучаць з другім паверхам і ўключаць у адміністрацыйную частку комплексу.

Будынак злева ад гатэля ператвораць у адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. На першым паверсе зробяць уваходную зону, сувенірную краму і канферэнц-залу плошчай 59,5 квадратнага метра. Яна будзе разлічаная на 50 чалавек і падыдзе для лекцый і дзелавых сустрэч. На другім паверсе размесцяцца кабінеты супрацоўнікаў.

Фота: «Планета Беларусь»

У рэканструяваных будынках усталююць электрычнае ацяпленне і кандыцыянеры, правядуць сеткі сувязі і паставяць камеры відэаназірання. Пры гэтым самі гістарычныя будынкі абяцаюць рэстаўраваць асцярожна: дахі, аконныя і дзвярныя праёмы будуць аднаўляць з выкарыстаннем рэстаўрацыйных тэхналогій.

Побач з комплексам таксама плануюць упарадкаваць паркоўку на шэсць турыстычных аўтобусаў і 29 легкавых аўтамабіляў. Акрамя таго, там з’явіцца асобны платны грамадскі туалет.

Картэзіянскі комплекс у Бярозе быў адзіным кляштарам гэтага ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго будавалі амаль 40 гадоў — з 1648 да 1689 года — паводле праекта італьянскага архітэктара Джавані Батыста Джызлені. Будаўніцтва фінансаваў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега, чый род валодаў гэтымі землямі з канца XV стагоддзя. Кляштар задумваўся як добра ўмацаваная рэзідэнцыя з тоўстымі сценамі, вежамі, ровам і байніцамі. У касцёле былі пахаваныя некалькі пакаленняў Сапегаў.

Фота: Wikimedia Commons

Картэзіянцы вялі вельмі аскетычны лад жыцця: захоўвалі строгі зарок маўчання, жылі ў асобных келлях і толькі раз на год збіраліся разам за адным сталом. Пры гэтым кляштар быў буйным эканамічным цэнтрам. Манахі валодалі млынамі, цагельняй, лесапільнямі і броварам, мелі манаполію на гандаль соллю і віном, а на землях кляштара працавалі тысячы прыгонных. Да 1940 года мястэчка афіцыйна называлася Бяроза-Картузская.

Фота: blog.100ct.by

Разбурэнне комплексу пачалося яшчэ ў XVIII стагоддзі падчас Паўночнай вайны, калі яго штурмавалі шведскія войскі. Пазней царскія ўлады закрылі кляштар, абвінаваціўшы манахаў у падтрымцы паўстання 1830—1831 гадоў. Будынкі ператварылі ў казармы, а ў другой палове XIX стагоддзя касцёл і частку сцен пачалі разбіраць на цэглу для будаўніцтва вайсковых гарадкоў. Да нашага часу захаваліся толькі асобныя фрагменты агароджы, частка вежы, руіны званіцы і ўязная брама. Яе выява цяпер знаходзіцца на гербе Бярозы.

Каментары2

  • да акупацыі
    28.09.2026
    ў 18с. да акупацыі, 75% Літвінаў-Беларуса былі Уніятамі.
  • Sharon Sapieha-Latimer
    29.09.2026
    Fantastic restoration. I for one would be honoured to visit it when completed.

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!5

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Усе навіны →
Усе навіны

«Атрымліваю 10 тысяч за месяц, але ўсё роўна мару аб кватэры»2

На фронце загінуў былы гулец зборнай Украіны па футболе Раман Максімюк

У пустыні Гобі пабудавалі музей, падобны да яек дыназаўраў. Ён амаль не мае патрэбы ў кандыцыянерах нават пры 55 градусах спёкі2

Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх21

Ці дастаткова проста спаласнуць бутэльку для вады? Спецыялісты тлумачаць, чаму гэта небяспечная звычка4

У Кітаі мужчына 19 гадоў выдаваў сябе за памерлага брата-блізнюка. Яго выкрыла былая дзяўчына брата1

ЗША могуць прымяніць супраць Ірана «маці ўсіх бомбаў»3

Пуцін завысіў колькасць захопленых сёлета ўкраінскіх земляў у 45 разоў1

У Гродне пабачылі белую варону ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!5

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць