10 000 км за тры тыдні. Беларусы адправіліся ў Турцыю на аўто: што ўбачылі і колькі патрацілі?
Сяргей і Святлана са Століна ў Турцыі дагэтуль ніколі не былі, а ў ліпені гэтага года вырашылі самастойна адправіцца да Міжземнага мора на сваім аўтамабілі. За 23 дні падарожжа ўбачылі цэнтральную частку Турцыі, легендарную Кападокію, узбярэжжа ад Фетхіе да Каша, а яшчэ паглядзелі Эльбрус і праехалі па Грузіі з прыпынкам у Батумі. За тры тыдні яны наматалі амаль 10 тысяч кіламетраў, піша «Анлайнер».

«Кошту пакетных тураў нават не ведаем»
«Калісьці і нам здавалася, што Турцыя — гэта абавязкова фармат «усё ўключана», — прызнаюцца Сяргей і Святлана. — Насамрэч можна па-рознаму планаваць адпачынак там. Напрыклад, самастойна дабірацца да краіны і самому браніраваць любы гатэль, які спадабаўся. Мы нават разглядалі варыянт даляцець да Стамбула і ўзяць у арэнду аўтамабіль, але ў сезон цэны высокія — ад €70 у суткі, і гэта не лічачы паліва і страхоўкі. Таму вырашылі ехаць на сваёй машыне і на месцы самастойна планаваць, дзе спыніцца і на колькі дзён. Пакетныя туры не разглядалі і нават іх кошт не ведаем».

Аўтападарожжамі сямейная пара захапілася некалькі гадоў таму: тады яны разам з двума дзецьмі аб'ездзілі заходнюю частку Беларусі. Хутка захацелася чагосьці большага — і сям'я дабралася да Грузіі, праехаўшы яе ўздоўж і ўпоперак. Сяргей і Святлана кажуць, што тады ўпершыню ўбачылі горы, і ад тых пейзажаў захапіла дух.
У гэтым годзе дарога паклікала яшчэ далей. Так канчатковым пунктам маршруту стала Турцыя, у прыватнасці адна з найпрыгажэйшых частак узбярэжжа: Каш — Фетхіе — Алюдэніз. Праўда, у падарожжа сужэнцы адправіліся ўжо без дзяцей, бо для іх працяглыя пераезды і актыўны адпачынак занадта стамляльныя.

«Аўтападарожжы добрыя тым, што ты не проста дабіраешся з пункта А ў пункт Б, а можаш паглядзець усё, што знаходзіцца паміж імі», — так героі артыкула фармулююць галоўную перавагу ўлюбёнага фармату.
Знаёмыя дапытваюцца ў Сяргея пасля паездкі, ці не дальнабойнік ён. А хлопец нязменна адказвае, што проста любіць дарогу і пастаянная змена карцінкі за акном аўтамабіля дадае яму сіл і энергіі.
Маршрут: сочым за перамяшчэннем
Сочым па карце. У першы дзень падарожжа Сяргей і Святлана дабраліся да Паўлаўска (Расія, Варонежская вобласць), пераадолеўшы адлегласць каля 1300 кіламетраў. Другі дзень — аўтакідок да Кіславодска, вядомага сваімі мінеральнымі крыніцамі. Гэта яшчэ каля 900 кіламетраў.

«Затым у нас быў план наведаць нацыянальны парк «Прыэльбруссе». Мясцовасць Джылы-су з найпрыгажэйшымі відамі на вадаспады і Эльбрус знаходзіцца за 80 кіламетраў ад Кіславодска, але дарога горная, звілістая і займае прыкладна 2,5 гадзіны. Ехалі з хуткасцю 25—40 км/г! Ужо думалі, што з умовамі надвор'я не пашанцавала, але калі пад'ехалі да Эльбруса, нам адкрыліся абедзве вяршыні. І гэта адно з самых яркіх уражанняў ад усёй паездкі!»



У гэты самы дзень падарожнікі даехалі да Уладзікаўказа, а на наступную раніцу накіраваліся да расійска-грузінскай мяжы, перасеклі яе і, любуючыся прыгажосцю Крыжовага перавалу, дабраліся да Баржомі. А ўжо раніцай адправіліся ў Турцыю.
«З Грузіі ў Турцыю можна заехаць двума шляхамі. Першы — праз памежны пераход «Валэ», па вельмі прыгожай горнай дарозе. Па ёй мы і паехалі. А ўжо назад вярталіся праз «Сарпі», што каля Батумі».
Кападокія
Хто часта бывае ў Турцыі, ведае, што машыны з беларускімі нумарамі на дарогах гэтай краіны ўбачыш не часта.
«Мы за два тыдні не сустрэлі ніводнай. Магчыма, таму, што ездзілі ў рэгіён, які не вельмі папулярны сярод нашых турыстаў, — кажа Сяргей. — Але беларусаў, канешне, сустракалі. Адна дзяўчынка вельмі ўзрадавалася, убачыўшы нашу машыну на стаянцы каля гатэля, ды яшчэ і на нумарах першага рэгіёна. Намалявала нам на пыльным шкле сэрцайка, напісала «Брэст» (яе родны горад) і забегла ў лобі гатэля, гучна пытаючыся: «Хто тут з Брэста?» Мы пагаварылі, абмяняліся ўражаннямі, параілі адзін аднаму цікавыя лакацыі ў Турцыі».
Першым пунктам маршруту па Турцыі стала Кападокія. Сяргей і Святлана правялі там каля двух сутак і, канешне, сустрэлі світанак у небе. Палёт на паветраным шары браніравалі загадзя, але маглі і не паляцець.
— У першы дзень нас прывезлі на золку да пункту адпраўлення, прыкладна ў 04:30. Шары ўжо надзімалі, але ў выніку палёт адмянілі праз моцны вецер. Шары садзьмулі, а мы расстроіліся. На наступны дзень зноў забраніравалі экскурсію, і тады ўжо нам пашанцавала.

— Як уражанні?
— Клас! Многія кажуць, што страшна, але нам так не падалося. Мы лёталі ў вялікім кашы, у якім разам з пілотам змяшчаецца каля 30 чалавек. Ён падзелены на невялікія ячэйкі на трох-чатырох чалавек. Калі ўсіх размясціць, шар узлятае. Спачатку павольна, плаўна. Потым пілот робіць рэзкія манёўры то ўверх, то ўніз, каб паказаць наваколле з рознай вышыні. А ў каньёне пралятае проста за некалькі сантыметраў ад скалы — вышэйшы пілатаж!
Асноўная лакацыя, адкуль шары падымаюцца ў неба, знаходзіцца паблізу горада Гёрэме, дзе мы спыніліся на начлег. Шароў паўсюль вельмі шмат: падчас нашага палёту іх было, напэўна, каля 100—150. Адныя яшчэ знаходзіліся на зямлі, іншыя луналі ў паветры на розных вышынях. Заварожвальнае відовішча!
Што яшчэ паглядзець у Кападокіі
- Нацыянальны парк «Гёрэме» (музей пад адкрытым небам, вядомы ўнікальнымі скальнымі ўтварэннямі і пячорнымі цэрквамі візантыйскай эпохі).
- Даліна Кахання са знакамітымі прыроднымі скульптурамі і скаламі, якія становяцца чырвонымі ў промнях заходзячага сонца.
- Крэпасць Учхісар — найвышэйшы пункт Кападокіі (можна схадзіць на экскурсію ўсярэдзіну).



Фетхіе — першы пункт на ўзбярэжжы
З Кападокіі падарожнікі наўпрост накіраваліся ў Фетхіе — горад на сутыку Міжземнага і Эгейскага мораў, які вабіць прыгожай набярэжнай. Па вечарах там працуюць кавярні і рэстараны, грае музыка, а на золку можна спакойна шпацыраваць у цішыні, любуючыся морам і горамі. У іншай частцы размешчаная маляўнічая марына з лодкамі рознага памеру.



Непадалёк ад Фетхіе, у бок Алюдэніза, знаходзіцца выдатны пляж Кідрак — прасторны, з развітой інфраструктурай. Пляж платны, але цана па мясцовых мерках невысокая: 450 лір на чалавека за ляжак з парасонам (каля 30 рублёў) плюс яшчэ 200 лір за ўезд на стаянку (прыкладна 13 рублёў).

Адсюль жа можна з'ездзіць у Каякёй — закінутую грэчаскую вёску, яшчэ адзін музей пад адкрытым небам. У межах Фетхіе знаходзяцца лікійскія скальныя грабніцы.

Нарэшце, гара Бабадаг, якая знаходзіцца каля Алюдэніза, — рай для аматараў параглайдынгу. Палёт на параплане над Блакітнай лагунай стаў другой актыўнасцю (разам з палётамі на паветраных шарах), якая ў спісе Сяргея і Святланы была абавязковай часткай праграмы.


Асаблівая атмасфера ў Алюдэнізе
Пасёлак Алюдэніз знаходзіцца прыкладна за 10 кіламетраў ад Фетхіе, далей ад мора, і гатэлі размешчаныя ў горнай мясцовасці. Сяргей і Святлана прыехалі сюды і нават заначавалі дзеля асаблівай атмасферы гэтага месца. Днём тут ціха, але вечарам галоўная вуліца становіцца шумнай і ажыўленай.
— Ці праўда, што самыя прыгожыя пляжы — у раёне Алюдэніза?
— Магчыма. Прынамсі, мы там выпадкова знайшлі пляж, які нам спадабаўся больш за ўсё ў гэтай паездцы. Называецца Кёнюль. Калі ехалі ўздоўж узбярэжжа, убачылі машыны, што стаялі каля абрыву. Аказалася, унізе класны дзікі пляж: спускацца да яго было цяжка, але яно таго каштавала! Віды там вельмі прыгожыя, вада чыстая, і над табой — стромкая скала. На гэты пляж прывозяць турыстаў на экскурсійных катарах, але туды можна і з боку сушы трапіць «дзікунамі».


Такая ж гісторыя і з пляжам Даліны матылькоў: ён цяжкадаступны з сушы, таму ў асноўным усе трапляюць на яго з мора. Але пляж добра бачна зверху, з дарогі ад Алюдэніза ў бок Каша.

Каш: грэчаскі куточак на турэцкім узбярэжжы
У Кашы Сяргей і Святлана правялі чатыры дні: два — у гатэлі каля самага берага мора, а яшчэ два — на гары Янакей, з якой адкрываецца прыгожы від на бухту.
Сам гарадок аўтэнтычны і вельмі інстаграмны: можна бясконца любавацца яго старажытнымі вулкамі і рабіць фота на фоне беласнежных грэчаскіх пабудоў і традыцыйных турэцкіх домаў.

Месца гэта вядомае сваім старажытным і дагэтуль дзейным амфітэатрам, дзе можна назіраць за закатамі і слухаць выступленні музыкаў.
За 20 кіламетраў ад Каша знаходзіцца адзін з найпрыгажэйшых пляжаў Турцыі — Капуташ. Ён пясчана-галькавы, з бірузовай вадой. Дарэчы, у самім Кашы бераг стромкі, і спусціцца ў ваду часцей за ўсё можна з драўляных насцілаў.

«Яшчэ мы з'ездзілі паглядзець на антычны горад Патара (за 40 кіламетраў ад Каша). Там жа размешчаны велізарны пляж з такой жа назвай, які выглядае як пясчаныя барханы. Увечары там вельмі шмат людзей: ладзяць фотасесіі або проста любуюцца закатамі. Вельмі прыгожа!»

Экспрэс-перыяд з «усё ўключана»
Пасля вывучэння ўсіх прыгажосцяў турэцкай рыўеры Сяргей са Святланай вырашылі некалькі дзён адпачыць у фармаце «ўсё ўключана». Яны вярнуліся ў Алюдэніз і знялі на тры дні гатэль каля мора і з басейнам.
Гэта самае іх працяглае спыненне ў адным месцы — у асноўным пара праводзіла ў кожным з гатэляў толькі адну або дзве ночы.
«Самым каларытным месцам начлегу аказаўся гатэль у Кападокіі з нумарамі, размешчанымі проста ў пячоры. Вельмі аўтэнтычна: вокнаў на вуліцу няма, толькі з нумара ў калідор. Прыгожа, але вільготна».

«Мы ў асноўным браніравалі гатэлі з турэцкім сняданкам. У Кашы спецыяльна шукалі гатэль з пральнай машынай, таму што трэба было памыць рэчы. Часам прыязджалі, глядзелі нумар і, калі не падабалася, ехалі далей.
У асноўным адзначылі больш камфортнае размяшчэнне ў гатэлях, якія размешчаныя далей ад мора. Хаця аднойчы нам пашанцавала засяліцца ў вельмі класны гатэль каля мора і па добрай цане — ён нядаўна адкрыўся і, мабыць, завабліваў турыстаў».
Што трэба ўлічваць?
Яшчэ месяцы за паўтара да падарожжа Сяргей і Святлана пачалі прадумваць маршрут, збіраць інфармацыю пра краіну, разбірацца ў нюансах. Тады ж пралічылі бюджэт (спойлер: у яго не ўпісаліся).
Карацей, у Турцыю яны прыехалі падрыхтаванымі, хоць раней там ніколі не былі.
— Складаней было наважыцца на паездку ў Грузію ў мінулым годзе: усё здавалася новым, невядомым. Цяпер гэтую частку дарогі я мог ехаць без навігатара, — кажа Сяргей. — А ў Турцыі ўжо адчуваў сябе спакойна: знакі, паказальнікі — усё зразумела.
— Машына не падвяла?
— Я загадзя зрабіў усё ад мяне залежнае, каб гэтага не здарылася. І ўсё прайшло добра, нават запасное кола не спатрэбілася.
— Як турэцкія дарогі і норавы мясцовых кіроўцаў?
— Дарогі ў Турцыі вельмі годнай якасці. Мы ехалі па бясплатных, хаця можна выбіраць і платныя: там хуткасны рэжым вышэйшы і палос больш. У гарадах турэцкія кіроўцы ездзяць даволі агрэсіўна, а на трасе паводзяць сябе больш спакойна і прадказальна.
Важны момант: у Турцыі дапушчальны парог перавышэння хуткасці не +10 км/г, як у Беларусі, а +10% ад значэння на знаку. Ігнараваць гэтае правіла не раю, бо часта сустракаюцца перасоўныя радары, а штрафы за парушэнне высокія.

У такой паездцы важна прадугледзець усе моманты, звязаныя са страхоўкамі і правіламі праходжання мяжы.
«Напрыклад, у Грузію можна спакойна трапіць і без страхоўкі на машыну, але пры выездзе з краіны яе папросяць паказаць і выпішуць штраф, калі ў цябе яе няма. А ў Турцыю без такой страхоўкі нават не ўедзеш, але яе можна купіць і перад праходжаннем мяжы. Паколькі турэцкі поліс на аўто без мясцовай карткі і ДНЖ загадзя аформіць складана, я знайшоў чат, дзе полісы прадаюць легальна, і праз знаёмых аплаціў. З Грузіяй у гэтым плане праблем няма: праз спецыялізаваны грузінскі сайт страхавання заказваеш поліс анлайн і спакойна аплачваеш карткай».
Пры перасячэнні турэцкай мяжы Сяргею, як уладальніку аўтамабіля, у пашпарт паставілі штамп пра ўезд. І асадкай напісалі дату, да якой ён мусіць вывезці машыну (тэрмін — 90 дзён). За несвоечасовы вываз мытныя штрафы вельмі высокія.
Картку eSIM для сувязі ў Турцыі аплацілі з Беларусі, а вось для Грузіі аплата не прайшла, таму прыйшлося ўжо на месцы купляць звычайную сімку.
Яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, Сяргей і Святлана забраніравалі першыя некалькі гатэляў у Расіі. А гатэлі ў Грузіі і Турцыі браніравалі або за суткі, або нават за пару гадзін да прыезду. Часам глядзелі на Booking, што ў гатэлі ёсць вольныя месцы, і дамаўляліся ўжо на месцы — так танней.
З сабой падарожнікі бралі валюту і беларускія банкаўскія карткі. Аказалася, што ў Турцыі за гатэлі лепш разлічвацца наяўнымі, а ў кавярнях, рэстаранах і на АЗС атрымлівалася плаціць карткамі. Зрэшты, пару разоў аплата не праходзіла — да гэтага трэба быць гатовым.
«Цэны ў Турцыі непрыемна ўразілі»
Сяргей і Святлана расказалі, што ў цэнтральнай частцы Турцыі можна знайсці гатэль і за $20—25 на дваіх, а на ўзбярэжжы цэны пачынаюцца ад $50—70 (са сняданкамі). З кавярнямі і рэстаранамі падобная сітуацыя.
«Пакуль ехалі да ўзбярэжжа, маглі паабедаць за 60 рублёў у пераліку на нашы грошы. Прычым спачатку мы не ведалі, што ў Турцыі прынята прыносіць кампліменты да асноўнай стравы — розныя гароднінныя закускі, аліўкі, хлеб. А вось каля мора абед ці вячэра абыходзіліся ўжо мінімум у 150—180 рублёў на дваіх».

— Спадабалася турэцкая ежа?
— Мы часцей за ўсё бралі рыбу, гародніну. Вялікай разнастайнасці не заўважылі. Традыцыйныя турэцкія супы ў асноўным пюрэпадобныя. Для нас гэта дзіўна, калі бульба ў супе не плавае, — смяецца Сяргей. — І наогул цэны на ежу падаліся вельмі высокімі: калі параўнаць з Грузіяй, то ўсё як мінімум на 20—30% даражэй. Яшчэ больш уразілі цэны на паліва: амаль $2 за літр!
У выніку практычна па ўсіх артыкулах Сяргей і Святлана выйшлі па-за межы чаканага бюджэту. Вось выдаткі за ўсю 23‑дзённую паездку (у пераліку на даляры):
- жытло — 1175,
- ежа — 1030,
- паліва — 735,
- забавы — 660,
- страхоўкі — 210,
- платная дарога па Расіі — 85,
- сувязь — 80,
- іншае — 125.
Разам: $4100.
«Так, цэны ў Турцыі непрыемна ўразілі, але прырода, мора, архітэктура — гэта тое, на што варта было паглядзець. Мы атрымалі максімум ад гэтай паездкі: праехалі па ўсёй цэнтральнай частцы краіны, палёталі на паветраных шарах у Кападокіі, наведалі асноўныя славутасці на ўзбярэжжы, пашпацыравалі па ўтульных аўтэнтычных гарадах, убачылі цудоўныя старажытныя збудаванні, атрымалі асалоду ад прыгажосці прыроды ва ўсёй яе разнастайнасці. Міжземнае мора з яго пляжамі, канешне, цудоўнае! І ў нашым спісе яшчэ нямала месцаў, якія хацелася б наведаць», — адзначаюць напрыканцы Сяргей і Святлана.

«У кожнай краіне першы дзень траціўся на пытанні з зарадкай». Беларус расказаў, як ён ездзіў на Tesla ў Турцыю
Завязлі ў магнітных пясках і здзівіліся цэнам у кавярнях. Беларус расказаў, як з'ездзіў з сям'ёй на машыне ў Грузію
«Хто сёння табе гарантуе, што пройдзеш кантроль?» Як беларусы дабіраюцца з Польшчы на радзіму праз Грузію і Расію
Каментары