У Мінску мужчына выліў шампанскае жанчыны ў ракавіну, за што атрымаў нажом у жывот
У Мінску 39‑гадовую жанчыну абвінавачваюць у наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў мужу. Крымінальную справу ўжо перадалі ў суд, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Муж і жонка жылі ў здымнай кватэры на вуліцы Акадэміка Карскага. Аднойчы жанчына захацела выпіць, тады муж схадзіў у краму па дзве бутэлькі шампанскага для яе і піва для сябе. Яны сядзелі на кухні, выпівалі і размаўлялі.
Калі жанчына заўважыла, што муж ап’янеў, яна зрабіла яму заўвагу, бо яму яшчэ трэба было працаваць дыстанцыйна. Аднак мужчына працягнуў піць піва. Гэта раззлавала жонку, і яна скінула са стала ягоны келіх з пенным напоем, які разбіўся.
У адказ муж узяў недапітую бутэльку шампанскага і пачаў выліваць напой у ракавіну. У гэты момант жанчына схапіла кухонны нож і ўдарыла яго ў жывот.
Зразумеўшы, што зрабіла, яна паспрабавала аказаць мужу першую дапамогу. Аднак стан пацярпелага пагаршаўся, таму жанчына выклікала хуткую дапамогу. Перад прыездам медыкаў яна вымыла нож і прыбрала ў кватэры. Муж і жонка заявілі медыкам і міліцыянтам, што мужчыну нібыта паранілі невядомыя, калі ён вяртаўся з крамы.
Аднак пазней праўда высветлілася, супраць жанчыны распачалі крымінальную справу. Эксперты прыйшлі да высновы, што мужчына атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця.
Паводле намесніка пракурора Фрунзенскага раёна Андрэя Сербуна, абвінавачаная мае вышэйшую адукацыю, афіцыйна нідзе не працуе і раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Яна мае дваіх дзяцей ад першага шлюбу, якія жывуць з бацькам.
Жанчыне выставілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса — наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця. Сваю віну абвінавачаная цалкам прызнала. У якасці меры стрымання ў дачыненні да яе ўжылі асабістае паручальніцтва.
Каментары