BMW заклаў у бюджэт мільярд еўра на выплату кампенсацый звольненым супрацоўнікам
Нямецкі аўтаканцэрн BMW плануе скараціць да 8000 працоўных месцаў па ўсім свеце, пераважна ў Германіі. Для гэтага кампанія запусціла праграму добраахвотнага звальнення з буйнымі кампенсацыямі. Паводле інфармацыі выдання Bild, у 2026 годзе на гэтыя выплаты прадугледзелі мільярд еўра, а ў 2027‑м выдаткі могуць быць яшчэ большымі.

Памер кампенсацыі будзе залежаць ад заробку супрацоўніка, яго ўзросту і стажу працы ў кампаніі. Паводле інфармацыі выдання, некаторыя вопытныя работнікі з высокімі даходамі могуць атрымаць каля 50 тысяч еўра за кожны год працы ў BMW. Такім чынам, супрацоўнік са стажам 12 гадоў патэнцыйна можа разлічваць на 600 тысяч еўра. Handelsblatt таксама паведамляе пра асобныя выпадкі, калі выплаты перавышаюць 650 тысяч еўра.
Цікавасць да праграмы аказалася настолькі вялікай, што ўнутраны партал BMW часова не вытрымаў нагрузкі. Кампанія прыпыніла прыём новых зваротаў, каб апрацаваць ужо атрыманыя заяўкі. Прадстаўнік канцэрна пацвердзіў высокую зацікаўленасць супрацоўнікаў, але не стаў раскрываць падрабязнасці пра памеры кампенсацый.
Нягледзячы на значныя першапачатковыя выдаткі, кіраўніцтва разлічвае, што праграма акупіцца. З 2028 года BMW плануе штогод ашчаджаць каля мільярда еўра.
Сярод прычын скарачэнняў — імкненне павысіць эфектыўнасць працы, пашырэнне выкарыстання штучнага інтэлекту і памяншэнне патрэбы ў частцы распрацоўшчыкаў пасля запуску новага пакалення аўтамабіляў Neue Klasse.
Германія і Францыя адмовіліся ад поўнай забароны аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання
Сусветныя аўтавытворцы адзін за адным страчваюць прыбытак. Ва ўсім вінаваты пераход на электрамабілі?
Прыбытак Volkswagen упаў на 44%. Канцэрн скароціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі
Кітайскі аўтапрам імкліва заваёўвае Еўропу. Замест сваіх легенд еўрапейскія заводы выпускаюць аўто з Паднябеснай
Танкі замест аўтамабіляў. ВПК замяняе аўтапрамысловасць у якасці галоўнага рухавіка эканомікі Германіі
Каментары