Рэчыцкая пенсіянерка завяла раман з акцёрам Меншыкавым і ўляцела на 3 тысячы рублёў. Добра, што больш не мела
61‑гадовая жыхарка Рэчыцы, верачы, што завязала раман з расійскім акцёрам Алегам Меншыкавым, пералічыла махляру 3086 рублёў 97 капеек. Злачынец спрабаваў выманіць у яе ў агульным ліку 5200 рублёў, але яго спынілі супрацоўнікі міліцыі, піша «Гомельская праўда».

Знаёмства адбылося ў тыктоку. На старонцы невядомага было размешчана фота акцёра і пазначана яго імя. Пазней перапіска перамясцілася ў WhatsApp, дзе фальшывы Меншыкаў хутка прызнаўся жанчыне ў каханні і заявіў, што хоча звязаць з ёй сваё жыццё. Ён нават расказаў, што набыў у Гомелі ўчастак для будаўніцтва дома і збіраецца прывезці туды будучую жонку.
Падчас штодзённых размоў пенсіянерка расказвала суразмоўцу пра свае справы: працу на агародзе, клопаты пра ўнука, хатнія справы, праблемы са здароўем і адносіны з мужам. У адказ «акцёр» дасылаў букеты, кампліменты і прызнанні ў каханні, але адначасова настойліва патрабаваў грошай.
Ён пераконваў жанчыну, што яму патрэбныя сродкі на шлюбаразводны працэс. Пры гэтым тлумачыў, што калі грошы пералічыць беларуская каханая, то палова яго капіталу — больш за 10 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 119 тысяч даляраў) — нібыта законна пяройдзе да яе. Банкаўскія рахункі, якія ён дасылаў, належалі староннім асобам. Гэта выклікала ў пенсіянеркі падазрэнні, але махляр развейваў іх, абвінавачваючы яе ў абыякавасці і зноў прызнаючыся ў пачуццях.
Жанчына расказала, што ўжо станавілася ахвярай падобнага махлярства паўтара года таму. Тады праз тыкток у яе спрабавалі выманіць грошы пад выглядам аплаты мытных выдаткаў за пасылку з падарункамі ад «каханага». Аднак цяперашні суразмоўца не адмовіўся ад сваіх патрабаванняў і працягваў пераконваць яе ў шчырасці пачуццяў.
Пенсіянерка не змагла знайсці 5200 рублёў: крэдыт ёй не давалі, а пазычыць грошы не атрымлівалася. Махляр аказваў на яе такі моцны псіхалагічны ціск, што жанчына пачала разглядаць нават продаж ныркі і атрыманне крэдыту на лячэнне зубоў, каб пералічыць грошы «зорцы».
«Заплаці, ад гэтага залежыць наша будучае шчасце», «Ты, напэўна, мяне не любіш. Тады шукай сабе іншага мужчыну ў тыктоку», «Мілая, калі ў цябе атрымаецца пералічыць грошы, мы будзем жыць разам у Гомелі ў нашым доме», — такімі паведамленнямі злачынец маніпуляваў жанчынай.
На падазроную актыўнасць і шматлікія грашовыя пераводы, а таксама спробы адправіць грошы за мяжу супрацоўнікі аддзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Рэчыцкага РАУС звярнулі ўвагу падчас маніторынгу. Яны звязаліся з пенсіянеркай, каб прадухіліць далейшае махлярства. Спачатку жанчына адмовілася ад дапамогі і настойвала, што ўсё пад кантролем. Пасля працяглых размоў міліцыянерам, аднак, удалося пераканаць яе, што грошы яна адпраўляе злачынцам, а не каханаму артысту.
Па словах супрацоўнікаў міліцыі, да гэтага махлярства магла быць датычная цэлая група людзей. Пра гэта сведчаць памылкі ва ўжыванні займеннікаў і выкарыстанне анлайн-перакладчыка, што можа сведчыць пра іншаземнае паходжанне зламыснікаў.
Міліцыя заклікае звяртаць увагу на паводзіны старэйшых сваякоў. Калі чалавек пастаянна сядзіць у тэлефоне, хавае свае размовы, просіць пазычыць грошы або часта наведваецца ў банкі, варта пацікавіцца, ці не трапіў ён у бяду. Таксама важна размаўляць з блізкімі пра інтэрнэт-махлярства і надаваць ім увагу, каб яны не станавіліся лёгкай здабычай злачынцаў.
Мінчуку патэлефанавалі з «пенсійнага фонду» — ён прадаў кватэру і страціў 250 тысяч рублёў
«Ёй званілі па 35 разоў на дзень». 51‑гадовая мінчанка аддала махлярам усе ашчаджэнні і неўзабаве памерла
У Бабруйску пенсіянерка стала ахвярай махляроў трэці раз за два гады
Ашуканцы дураць школьнікаў праз фальшывыя сайты з гатовымі хатнімі заданнямі
Каментары