На парадзе ў лівійскім Бенгазі засвяціўся беларускі беспілотнік «Міратворац»
Беларускі ўдарны беспілотнік «Міратворац» паказалі на вайсковым парадзе ў Бенгазі, на ўсходзе Лівіі. Раней пра пастаўкі такіх дронаў у гэты рэгіён не паведамлялася. Пры гэтым перадача ўдарных беспілотнікаў у Лівію без папярэдняга дазволу санкцыйнага камітэта Рады Бяспекі ААН парушае эмбарга на пастаўкі зброі, уведзенае ў 2011 годзе, піша выданне Reform.news.

Парад штурмавых і парашутна-дэсантных падраздзяленняў сіл спецыяльнага прызначэння адбыўся 15 кастрычніка 2026 года. Фотасправаздачу апублікавала прэс-служба камандавання Лівійскай нацыянальнай арміі.
«Міратворац» распрацавала беларускае канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты», раней вядомае як КБ «INDELA». Першапачаткова апарат стваралі пад назвай «Беркут-БМ» як рабатызаваную паветраную мішэнь. Пазней распрацоўку ператварылі ва ўдарны беспілотнік-камікадзэ «Міратворац». У 2023 годзе на выставе MILEX таксама паказалі мабільны комплекс супрацьдзеяння беспілотнікам «Міратворац-П».
Беларускія беспілотнікі гэтага сямейства ўжо фігуравалі ў паведамленнях пра пастаўкі зброі ў іншыя краіны. У лютым 2025 года паўстанцы з групоўкі М23 захапілі ў аэрапорце горада Гома на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга партыю вайсковай тэхнікі, сярод якой былі новыя «Беркуты-БМ» у драўляных скрынках.
У чэрвені 2026 года індыйская кампанія SMPP паведаміла пра завяршэнне пастаўкі індыйскай арміі 100 рэактыўных ударных дронаў-камікадзэ Peacekeeper (Agniveg) і шасці навучальных комплексаў. Паводле інфармацыі Reform.news, гаворка ішла пра беларускія распрацоўкі. Кантракт з «Белспецзнешнетэхнікай» падпісалі ў 2025 годзе. Раней выданне Afghanistan International сцвярджала, што Індыя закупляе ў Беларусі ўзбраенне для талібаў.
На парадзе ў Бенгазі прысутнічалі камандуючы Лівійскімі арабскімі ўзброенымі сіламі Халіфа Хафтар і яго сын, намеснік Садам Хафтар. Мерапрыемства прымеркавалі да 12‑й гадавіны ўваходжання сіл Хафтара ў Бенгазі 15 кастрычніка 2014 года. Сярод гасцей былі таксама кіраўнік урада ўсходняй Лівіі Усама Хамад, вайсковае камандаванне, прадстаўнікі дружалюбных дзяржаў і сем’і загінулых вайскоўцаў.

На фотаздымках журналісты Reform.news заўважылі і прадстаўнікоў Беларусі — генерал-маёра запасу Сяргея Дудко і капітана Антона Працэнку.

У Лівіі цяпер ідзе грамадзянская вайна і цэнтральны ўрад у Трыпалі не кантралюе большую частку тэрыторыі краіны. На непадкантрольнай тэрыторыі валадарыць Лівійская нацыянальная армія на чале з Халіфой Хафтарам, і менавіта з ім і ягонымі паплечнікамі развівае адносіны рэжым Лукашэнкі.
Былы міністр сельскай гаспадаркі збіраецца вырошчваць пшаніцу ў Лівіі
У Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва Лівіі
У Мінск зноў прыехала высокая дэлегацыя з Лівіі
У Беларусі праходзілі падрыхтоўку лівійскія спецназаўцы ФОТЫ
У Лівію паляцела з неанансаваным візітам прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў
Каментары