Герасімаў далажыў Пуціну пра захоп Дабраполля на Данбасе. Яго абверглі Z-блогеры
Расійскія Z-блогеры абверглі заяву начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі Валерыя Герасімава пра поўны захоп горада Дабраполле ў Данецкай вобласці. Напярэдадні ён далажыў пра гэта прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, аднак паведамленне выклікала крытыку нават сярод прыхільнікаў расійскага ўварвання, піша The Moscow Times.

Па словах Герасімава, Дабраполле, якое з’яўляецца важным лагістычным вузлом украінскай абароны, было «вызваленае» падраздзяленнямі групоўкі «Цэнтр». Ён таксама заявіў, што ў горадзе працягваюцца пошукі і знішчэнне асобных украінскіх вайскоўцаў, якія нібыта хаваюцца ў падвалах будынкаў. Пуцін назваў гэта «значнай падзеяй», якая адкрывае шлях да межаў так званай ДНР.
Аднак Z-канал «Военный осведомитель» паставіў пад сумнеў не толькі заяву пра Дабраполле, але і іншыя сцвярджэнні Герасімава. Бо, калі верыць расійскаму генералу, былі таксама захопленыя сёлы Аляксеева-Дружкоўка і Сяргееўка ў Данецкай вобласці, а ў Харкаўскай вобласці завершанае знішчэнне двухтысячнай групоўкі УСУ, якая нібыта трапіла ў акружэнне.
«Военный осведомитель» апублікаваў фрагмент відэа Міністэрства абароны Расіі, якое павінна было пацвярджаць кантроль над Дабраполлем. Аўтары канала заявілі, што відэа магло быць створанае з дапамогай штучнага інтэлекту, звярнуўшы ўвагу на нерэалістычныя рухі вайскоўца з расійскім сцягам.
Іншы Z-блогер, Alex Parker Returns, з іроніяй заўважыў, што Пуціну зноў маглі далажыць пра захоп горада, які фактычна не ўзяты. Ён нагадаў пра папярэднія заявы расійскіх вайскоўцаў адносна Святогорска і Купянска, якія таксама не атрымалі пацвярджэння.
«Военный осведомитель» спаслаўся і на аналіз канала «Дом Осинтеров», паводле якога расійскія войскі кантралююць паўднёвую і значную частку цэнтральнай часткі Дабраполля. Аднак, як адзначаюць аўтары, гэтыя звесткі не сведчаць пра ўстойлівую прысутнасць расійскіх вайскоўцаў у астатняй частцы горада.
Украінскі OSINT-праект Deep State таксама не пацвярджае расійскага кантролю над Дабраполлем: паводле яго карты, горад цалкам знаходзіцца пад кантролем УСУ.
Заяву Герасімава абверг і Z-блогер Анатоль Радаў. Ён адзначыў, што паведамленні расійскага камандавання выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне ў тых, хто знаходзіцца непасрэдна на месцы падзей.
Генеральны штаб УСУ таксама заявіў, што інфармацыя пра захоп Дабраполля не адпавядае рэчаіснасці. Паводле прадстаўніка ўкраінскага Генштаба Андрэя Кавалёва, горад застаецца пад кантролем Украіны.
Пуцін завысіў колькасць захопленых сёлета ўкраінскіх земляў у 45 разоў
Галоўнакамандуючы НАТА: Мы маем відавочную вайсковую перавагу над Расіяй
Расійскія ваенкары назвалі Канстанцінаўку «другім Купянскам», а ўкраінскія вайскоўцы зладзілі ў горадзе флэшмоб
Крэмль апублікаваў відэа з Пуціным у вобразе палкаводца
Каментары