Аматар рускай арміі, дачка падарожнічае па Еўропе. Шэсць фактаў пра генерала Муравейку, якога паставілі ў Адміністрацыю Лукашэнкі
Заяўляў, што Беларусь мае права «прасячы калідор у Літву сілай зброі», і лічыць расійскую армію «наймагутнейшай у свеце». Што вядома пра 55‑гадовага Паўла Муравейку, якога з пасады начальніка Генштаба перакінулі ў Адміністрацыю Лукашэнкі?

Быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах
Перанакіроўваючы Муравейку ў Адміністрацыю, Лукашэнка адзначыў, што прапанаваў яго кандыдатуру сам і хоча мець альтэрнатыўны пункт гледжання на сітуацыю ў сілавых падраздзяленнях.
Муравейка быў даверанай асобай Лукашэнкі падчас апошняй выбарчай кампаніі.
«Гэта важна, але гэта не галоўнае», — нібы апраўдваўся Лукашэнка. «Калі хтосьці скажа, што гэта ледзь не родны брат прэзідэнта, той памыляецца, таму што я вас нават да пасады начальніка Генштаба практычна і не ведаў».

Прыхільнік «рускага свету»
55‑гадовы Муравейка паходзіць з Мар'інай Горкі. У 1992‑м ён скончыў Мінскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Пасля паступіў у мінскую Вайсковую акадэмію, якую скончыў у 2001-м. Праз некалькі гадоў вучыўся ў Расіі — у Акадэміі Генштаба РФ. Скончыў яе ў 2008‑м з залатым медалём.
У 2019 годзе Муравейку, ужо на пазіцыі намесніка начальніка беларускага Генеральнага штаба і ў званні генерал-маёра ўзнагародзілі расійскім ордэнам дружбы. Муравейка тады выказваўся, што «ўпэўнены, што ніякія праблемы і дадумкі не змогуць парушыць стратэгічнае партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю».
На думку палітыка Паўла Латушкі, Муравейка — адзін з выразных прадстаўнікоў «рускага свету» ў беларускім сілавым і вайсковым блоку.
Сам Муравейка хваліў расійскую армію як «самую магутную ў свеце».
Адзін былы вайсковец так характаразаваў Муравейку. Ён разважае, што беларускіх афіцэраў можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая — патрыёты Радзімы і людзі думаючыя, другая — тыя, хто служыць, бо няма альтэрнатывы, але не робяць лішняга, прытрымліваюцца закона.
І трэцяя катэгорыя — «псіхатып Карпянкова», ударнікі працы, якія гатовы на ўсё, каб зрабіць кар'еру і дагадзіць начальству. «Вось Муравейка, напэўна, будзе нумарам адзін у спісе афіцэраў трэцяй катэгорыі», — лічыць былы вайсковец.
Дачка — аматарка падарожжаў па Еўропе
Муравейка жанаты на педагогу-псіхолагу Алене, якая, згодна з апошняй даступнай інфармацыяй у базах «Белпола», працавала па спецыяльнасці ў адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска.
У генерал-маёра ёсць 26‑гадовая дачка Вікторыя, якая скончыла БДУ. Вядома, што яна любіць вандраваць па Еўропе. Меркавана, дзяўчына выкладае ці выкладала французскую мову.

Абвінаваціў беларусаў у «недастатковым патрыятызме»
Як лічыць Муравейка, вайсковыя начальнікі прагледзелі падзенне патрыятызму ў грамадстве — таму ў тым ліку і адбыліся падзеі 2020 года. І калі б сілавікі не абаранілі краіну, было б зусім дрэнна.
«Мы з вамі становімся сведкамі таго, як касмапалітычныя погляды ўкараняюцца ў свядомасць беларусаў. Лічачы сябе людзьмі свету, частка нашых суайчыннікаў гатовая стаць людзьмі без Радзімы, адмовіцца ад яе абароны, з'ехаць за мяжу і парваць сувязь з роднай зямлёй», — казаў ён. А каб гэтага пазбягаць, у краіне, на думку генерал-маёра, мусіць быць моцная дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва.
Муравейка і прапанаваў у 2021 годзе распрацаваць новую праграму патрыятызацыі.
Пагражаў прарубіць калідор да мора праз Літву і ўжыць ядзерную зброю
У 2023 годзе Муравейка прыгразіў, што Беларусь можа «прасекчы жыццёва важны калідор» праз Літву пры дапамозе зброі.
«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Па ўсіх нормах міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі», — заявіў Муравейка ў 2023 годзе.
Пасля заяў, што Пуцін перадаў Беларусі ядзерную зброю, генерал-маёр пагражаў ёй.
«Мы навучыліся абыходзіцца з гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе прымяняць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створана пагроза», — фармуляваў ён у інтэрв’ю на АНТ.
Еўропа, на думку Муравейкі, марыць пра рэванш.
«Захад фактычна рыхтуецца да вайны. Таму гучыць рэваншысцкая скіраванасць у рыторыцы заходніх палітыкаў, актыўна праводзяцца мерапрыемствы па ўдасканальванні і развіццю ўзброеных сіл, закупляецца сучаснае ўзбраенне.
Становішча вакол Беларусі цяпер яшчэ больш складанае, чым была ў чэрвені 1941‑га напярэдадні пачатку вайны», — каментаваў Муравейка журналістам, будучы на пазіцыі начальнікі Генштаба.
«Хачу сказаць тым, хто точыць зубы, рыхтуе зброю ці збіраецца прыйсці і ўладкаваць тут крывавую бойню: сілавы блок Беларусі маналітны і ўяўляе з сябе наймагутны кулак. Пачынаючы ад дзяржаўнай мяжы і сканчаючы ўчастковым у маленькім населеным пункце», — адрасаваў ён любому, хто захоча «нахіліць» Беларусь.

Пад санкцыямі
З 2023 года Муравейка знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС, куды трапіў з іншымі асобамі, адказнымі за вайсковыя дзеянні ва Украіне. Таксама ён знаходзіцца ў санкцыйным пакеце Украіны і Канады, у тым ліку за свае выказванні. Так, Муравейка называў запуск «Арэшніка» па Дняпры «жэстам добрай волі», а вайну Расіі супраць Украіны ён вызначае як рэакцыю на патрэбу абароны рускамоўнага насельніцтва.
«Рускі народ — гэта такі спакойны талерантны народ, але злаваць яго не трэба і не трэба ставіць умовы. На кожную правакацыю, неадэкватнае дзеянне будзе адказ», — апраўдваў ён дзеянні рускай арміі ў размове з прапагандысткай Людмілай Гладкай.
Цяпер чытаюць
Беларус-вахтавік на Ямале стварае песні на беларускай мове з дапамогай ШІ. «Раней музыка была закрытым клубам. Нейрасеткі адчынілі гэтыя дзверы з нагі»
Каментары
=====
тыповы кадравы пэрсанал прамаскоўскага дыктатара (1994-2026 гг.)