Шчасце бацькоў звязанае з колькасцю дзяцей у сям'і і нават іх полам
Кітайскія навукоўцы прааналізавалі даныя амаль 50 тысяч сем'яў і выявілі цікавую заканамернасць: найбольш высокі ўзровень шчасця адзначалі бацькі з дзвюма дочкамі. У чым прычына?

Навукоўцы з Джэдзянскага ўніверсітэта Гуншан вырашылі высветліць, як колькасць дзяцей і іх пол звязаныя з самаацэнкай шчасця бацькоў. Як піша Daily Mail, аўтары прааналізавалі звесткі шасці хваль агульнанацыянальнага сацыяльнага апытання, праведзенага з 2012 па 2021 год. У выбарку ўвайшлі 49 752 сям'і. Удзельнікі адказвалі ў тым ліку на пытанні пра сваё адчуванне шчасця, вопыт бацькоўства, колькасць дзяцей і іх пол.
У выніку высветлілася, што найвышэйшы ўзровень задаволенасці жыццём дэманструюць пары сярэдняга ўзросту, якія выхоўваюць дзвюх дачок.
Навукоўцы нават увялі тэрмін «перавага дачок», заўважыўшы істотную розніцу ў эмацыйным стане бацькоў у залежнасці ад полу дзяцей.
Чаму менавіта дочкі?
Каб растлумачыць гэтую заканамернасць, даследчыкі вылучылі дзве асноўныя тэорыі. Першая грунтуецца на асаблівасцях гендарных роляў і сацыялізацыі.
Паводле яе, грамадскія нормы фармуюць жанчын больш эмацыйна адкрытымі, спагадлівымі і арыентаванымі на падтрыманне міжасобасных стасункаў, у той час як мужчын часцей вучаць эмацыйнай стрыманасці і прагматызму. Дзякуючы гэтаму дочкі звычайна ствараюць больш цёплы псіхалагічны клімат у доме.
Другая прычына звязаная са з'явай, якую ў сацыялогіі называюць kinkeeping. Літаральна яго можна перакласці як «падтрыманне роднасных сувязяў». Так называюць нябачную працу па захаванні сваяцкіх сувязяў і эмацыйных кантактаў паміж пакаленнямі.
Апытанні паказалі, што менавіта дочкі часцей бяруць на сябе гэтую ролю. Яны рэгулярней ініцыююць зносіны, аказваюць маральную падтрымку старэючым бацькам і становяцца для іх блізкімі даверанымі асобамі, што значна зніжае ўзровень стрэсу і пачуццё адзіноты ў сталым веку.
Пры гэтым аўтары даследавання падкрэсліваюць, што іх высновы грунтуюцца на звестках з Кітая з яго адмысловымі культурнымі нормамі, сацыяльнымі ўмовамі і традыцыямі. Таму ў іншых краінах вынікі могуць мець свае адценні. Тым не менш даследаванне яскрава паказвае, што менавіта якасць эмацыйнай сувязі з дзецьмі застаецца ключавым фактарам бацькоўскага шчасця.
Каментары