Грамадства22

Праграміст з Беларусі ў Польшчы страціў працу і зараз спіць у начлежцы

Распрацоўшчык Алекс звярнуўся ў «начлежку», калі трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Ён распавёў dzpk.io, як уладкаваная гэтая сістэма.

У Польшчы ёсць так званыя «Punkty pomocy dla osób w kryzysie bezdomności», дзе людзі без даху над галавой могуць пераначаваць, зарадзіць тэлефон, памыцца і памыць рэчы, а таксама бясплатна паесці.

Два гады шукаў працу. Спачатку «пазычаў грошы, прадаваў рэчы»

Здарылася чарада нешчаслівых выпадковасцяў. Спачатку праграміст працаваў у беларускай ІТ-кампаніі. Два гады таму праект скончыўся, і ён знайшоў іншую фірму — прадуктовага «адзінарога». Але і там адбыліся скарачэнні, і беларус застаўся без працы: «Я мідл-фронтэндэр [самастойны распрацоўшчык] з пяццю гадамі досведу. Гэта значыць, знайсці новую працу даволі цяжка».

«Спачатку ў мяне пачаўся нейкі псіхалагічны крызіс, — прызнаецца Алекс. — Я спрабаваў рабіць уласныя праекты — напрыклад, ШІ-настаўніка англійскай мовы, ШІ-кампаньёна. Але даходу яны амаль не прыносілі.

Час ад часу праходзіў сумоўі, але масава CV не рассылаў. У выніку працягнуў так каля паўтара года. Цяпер таксама актыўна рассылаю CV на вакансіі, звязаныя з ШІ-прадуктамі і ўкараненнем аўтаматызацыі. Аднак усюды шукаюць са значным досведам».

Спачатку Алекс «пазычаў грошы ў знаёмых, прадаваў рэчы». А затым вырашыў пераехаць з Уроцлава ў Варшаву — бліжэй да знаёмых і новых вакансій. «Але і тут асабліва нічога за паўгода не знайшоў», — падсумоўвае ён.

«Начлежку» ў Варшаве параіў штучны інтэлект

Алекс прызнаецца, што спачатку планаваў здымаць хостэл. Але «грошай асабліва няма, здымаць жыллё няма за што».

«Ну, што рабіць? Выйшаў на вуліцу, пагутарыў са сваім ШІ-памочнікам, і ён выдаў мне тэлефон, куды тэлефанаваць па дапамогу, — расказвае айцішнік. — Ноч правёў на вуліцы (тады было цёпла, каля 20 градусаў). А потым звярнуўся па адрасе, які даў мне ШІ, — Konwiktorska 3/5.

Прыехаў а 8 раніцы. Пачакаў паўгадзіны, выйшаў сацыяльны работнік. Я расказаў яму, што так і так, вось такая сітуацыя — няма дзе жыць, няма сям’і.

Мяне спыталі, дзе я зарэгістраваны, я адказаў, што ва Уроцлаве. І гэта, як бы, праблема, таму што калі ты зарэгістраваны ва Уроцлаве, то і вырашаць такія пытанні таксама павінен ва Уроцлаве. Максімум — яны могуць накіраваць мяне ў «начлежку».

Тут суразмоўца падкрэслівае, што сацыяльныя службы просяць дакументы — «у першую чаргу іх цікавіць сталы побыт і ці працаваў я ў Варшаве». Ён даў карту сталага побыту — як пацвярджэнне асобы. Але што рабіць тым, у каго нават карта пратэрмінаваная, ён не падкажа.

Потым беларус па парадзе сацыяльнага работніка прыйшоў у будынак, які называецца «Noclegownia z ogrzewalnią».

Дзверы адчыняюцца а сёмай вечара, і да гэтага часу на вуліцы ўжо выстройваецца чарга. Калі месцы скончацца раней, чым жадаючыя, давядзецца ехаць па двух іншых адрасах. «Ёсць нумар тэлефона, па якім можна патэлефанаваць і загадзя даведацца, ці ёсць у іх свабодныя ложкі. Але забраніраваць нельга», — папярэджвае Алекс.

Побыт і правілы: «Тры «мінусы» — і папросяць на выхад»

Пачынаецца афармленне — ты падаеш дакумент, і твае даныя ўносяць у сістэму.

Выдаюць паперку з правіламі, дзе сказана, што нельга ўжываць алкаголь (і прыходзіць п’яным таксама — на ўваходзе стаіць алкатэстар), скандаліць і рабіць іншыя рэчы, якія перашкаджаюць суседзям. Курыць — па раскладзе на вуліцы, есці — толькі на кухні. Ну і падтрымліваць чысціню, вядома.

Калі парушыў правілы, атрымліваеш «мінус». Тры мінусы — і папросяць на выхад.

«Яшчэ важная дэталь. Калі прапусціць тры дні ў месяц, то страціш замацаванае за табой месца. Табе дадуць 7 дзён, каб забраць рэчы, — або іх утылізуюць. Можа, потым і запішашся нанова, але ўжо наўрад ці будзеш у прыярытэце», — дадае беларус.

Жыхары начуюць у агульных спальнях. Паводле ацэнкі суразмоўцы, у пакоі плошчай каля 15 квадратных метраў стаіць восем двух’ярусных ложкаў, а такіх пакояў на першым паверсе — чатыры. На другім жывуць жанчыны (але ў «начлежцы» каля 80% — менавіта мужчыны).

«На вуліцы ёсць шафка, дзе пакідаеш заплечнік, — працягвае Алекс. — Можаш узяць з сабой у спальню асабістыя рэчы: зубную шчотку, пасту, тэлефон, зарадку — таму што смартфон заўсёды павінен быць зараджаны на выпадак, калі табе патэлефануюць. Але паміж ложкамі прасторы няшмат, літаральна паўметра-метр».

Туалет і душ агульныя, на паверсе — каля чатырох. Усё гэта па чарзе прыбіраюць самі жыхары: «Уносіш сябе ў спіс і прыбіраеш раніцай, каля 8-й, або ўвечары, каля 10-й. Восем чалавек выходзіць на ўборку — мужчын каля шасці і жанчын двое».

Кожны новы жыхар павінен на працягу сямі дзён зайсці да сацыяльнага работніка. І Алекс ужо гэта зрабіў: «З пошукам працы яны не дапамагаюць — гэта да ужонда працы (хоць я даволі скептычна настроены да падобных арганізацый). Але ў іх стаіць нешта накшталт стэнда з камп’ютарам, дзе можна паглядзець вакансіі.

Сацыяльная работніца дапамагла зрабіць так, што я змагу жыць у «начлежцы» яшчэ месяц. Дала адрасы, куды варта схадзіць, каб атрымаць інфармацыю».

Суседзі «неагрэсіўныя», іерархіі не аказалася

«Кантынгент даволі розны. Відаць, што людзей жыццё паматала. Некаторыя з турэмнымі татуіроўкамі. Але ёсць і самыя звычайныя на выгляд людзі.

Усе палякі. Украінцаў і беларусаў пакуль не сустракаў. У асноўным ва ўзросце «за сорак», моладзі — усяго пара чалавек. Неагрэсіўныя. Я спачатку думаў, што там будзе іерархія, але не.

Цалкам нармальныя, хоць, прызнацца, з суседзямі я пакуль асабліва не размаўляў. Так, перакінуўся парай слоў падчас уборкі.

То праз дыялект, то праз асаблівасці гаворкі некаторых суразмоўцаў зразумець складана — хоць польскую я ведаю. Даводзіцца напружвацца. І, прызнаюся, столькі выразаў «кур*а» я яшчэ ні разу не чуў. Устаўляюць праз кожныя 2—3 словы».

У «начлежцы» паўсюль развешаны плакаты пра шкоду алкаголю. І, на думку Алекса, сюды ў асноўным трапляюць якраз праз праблемы з моцнымі напоямі. Што тычыцца забароненых рэчываў, то, лічыць ён, «напэўна, людзі чымсьці падобным бавяцца», нягледзячы на ўсюдыісныя камеры: «Але я такім не захапляюся, не ведаю».

«Што на кухні»

Усё бясплатна і кормяць два разы — раніцай і ўвечары.

«Прыходзіш на кухню, падыходзіш да акенца, і табе выдаюць пластыкавы кантэйнер з кейтэрынгу, — апісвае беларус. — На вячэру — гарнір, катлета або рыба, гародніна, салата. У прынцыпе, нядрэнна.

— Раніцай у асноўным бутэрброды. Невялікі кавалачак масла, грам 10, і альбо гародніна, альбо кавалачак мяса, альбо тварог. Можаш зрабіць сабе гарбату на кухні. Кавы няма, але людзі прыносяць яе з сабой. Есці можна толькі на кухні».

Днём можна схадзіць у спецыяльную сталовую па іншым адрасе. Але там ужо давядзецца маліцца перад ежай.

План Б — пайсці ў «Жабку», але ёсць нюансы

Цяпер Алекс праходзіць сумоўе ў ШІ-стартап па аўтаматызацыі бізнесу — «з пяці этапаў пакуль на другім». А ў якасці хобі генеруе музыку — кажа, грошай гэта не прыносіць, але яму «ў кайф».

План Б — пайсці ў «Жабку». Але тут дзве складанасці: першае — у «начлежку» трэба прыходзіць да сёмай вечара, і калі Алекса паставяць на другую змену, то ён фізічна не паспее і давядзецца начаваць на вуліцы. Другое — трэба яшчэ аформіць «санэпідэмкніжку» (Orzeczenie do celów sanitarno-epidemiologicznych), што патрабуе часу, сіл і 400 злотых (можна аформіць і за 220 злотых, ( 90‑50 еўра).

«Думаю, у будучыні, па меры развіцця аўтаматызацыі, людзей, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, будзе ўсё больш, — упэўнены праграміст. — Я доўга баяўся звярнуцца па дапамогу, думаў, што ўжо ніхто і нічым мне не дапаможа. Цягнуў, распрадаваў рэчы — а лепш бы захаваў іх і адразу звярнуўся ў сацыяльную службу, і зразумеў, як працуе гэтая сістэма».

Зараз беларус падаў заяву на «кругласутачны прытулак» — гэта сацыяльнае жыллё, дзе не трэба сыходзіць на ўвесь дзень. Аднак яго прадаставяць менавіта ва Уроцлаве — па месцы апошняга сталага замельдавання, хоць у Варшаве працы і больш: «Як мне сказалі, заяву будуць разглядаць да 2 месяцаў. Хоць, ведаючы Уроцлаў, можа, і даўжэй».

Але, падсумоўвае Алекс, яго гісторыя — прыклад таго, што нават калі вы апынуліся на вуліцы, гэта яшчэ не канец свету.

Каментары2

  • Так і будзе выглядаць
    29.09.2026
    Базавы даход і кожнаму па патрэбах, як вы марыце
  • Дзякуй
    29.09.2026
    Важная інфармацыя.

Цяпер чытаюць

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»9

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»

Усе навіны →
Усе навіны

11‑гадовая брытанка стала самым маладым шахматным гросмайстарам у гісторыі5

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў10

Расіяне другі раз за дзень атакавалі цэнтр Кіева, трапілі ў медцэнтр1

Сталі вядомыя падрабязнасці пра маштабны пажар на сталічным паркінгу

Украіна пашкодзіла пяць цэхаў на заводзе па вытворчасці кампанентаў для «Арэшніка» і іншых ракет2

У Мінску на месцы былога аўтацэнтра Audi і Porsche будуць прадаваць Geely5

У Оршы на старым месцы малююць новы мурал з Караткевічам ФОТАФАКТ

Раптоўна памёр 43‑гадовы камандзір узвода мінскага АМАПа51

У Мазыры запусцяць транспарт з поўным аўтапілотам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»9

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць