Беларусам часцей сталі адмаўляць у міжнароднай абароне ў Польшчы — што адбываецца
У Польшчы пачасціліся выпадкі адмоваў беларусам у міжнароднай абароне з фармулёўкай «маштаб рэпрэсій меншае». За мінулы месяц польскія ўлады выдалі грамадзянам Беларусі рэкордныя 52 адмовы ў міжнароднай абароне, ці 57,8% ад усіх рашэнняў.
Хаця насамрэч, па сведчаннях праваабаронцаў, рэпрэсіі ў краіне не паменшалі — яны проста змянілі фармат.
Распыталі юрыстку Вольгу Дабравольскую падрабязней пра маштабы з’явы, а таксама пра тое, што можа зрабіць кожны, каб разлічваць на пазітыўны разгляд сваёй справы.

Згодна з апошняй справаздачай Офіса па справах іншаземцаў, чэрвень стаў рэкордным па колькасці адмоўных рашэнняў у справах надання міжнароднай аховы — 52, ці 57,8% ад усіх рашэнняў. Яшчэ ў маі адмоваў было ўсяго 17, а ў красавіку — 14. У 2025‑м доля негатыўных рашэнняў складала 6,1%, у 2024‑м — 5,6% (калі браць у разлік усе справы, дзе выносілася рашэнне).
Разглядаючы чарговую справу кліента-беларуса, у рапарце аддзела, які рыхтуе інфармацыю аб краінах паходжання, Вольга Дабравольская сутыкнулася з наступнай высновай пра Беларусь: «Найбольшая хваля рэпрэсій мела месца ў першыя гады пасля пратэстаў. На сёння колькасць асоб, якім выстаўляюцца абвінавачванні ў сувязі з удзелам у пратэстах, паменшала. Большасць асуджаных ужо адбылі пакаранне або былі вызваленыя ў межах памілавання».
«Такі падыход паказвае, што Упраўленне па справах іншаземцаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców), якое разглядае справы аб міжнароднай абароне, напэўна, ацэньвае сітуацыю ў Беларусі не столькі праз прызму працяглага характару рэпрэсій, колькі праз дынаміку колькасці новых спраў і фармальныя паказчыкі вызвалення асоб. У выніку гэта можа ствараць уражанне пэўнай стабілізацыі рэпрэсій або іх зніжэння, хаця на практыцы рэпрэсіўны механізм працягвае дзейнічаць, змяняючы толькі свае формы і метады», — каментуе юрыстка.
Аднак часам у негатыўных кейсах вінаватыя і самі заяўнікі.
«Многім людзям здаецца, што іх асабістая гісторыя і іх перасцярогі відавочныя. На практыцы заяўнікі часта вельмі коратка запаўняюць анкету, не апісваюць важных абставін, не прыкладаюць доказаў, не задумваюцца над тым, якія менавіта факты могуць мець значэнне для ацэнкі іх сітуацыі».
Пры гэтым працэдура міжнароднай абароны патрабуе значна больш факталогіі — неабходна не толькі расказаць пра тое, што адбылося ў мінулым, але і растлумачыць, чаму рызыка пераследу захоўваецца менавіта сёння і чаму канкрэтны чалавек не можа бяспечна вярнуцца ў Беларусь.
Адмова ў першай інстанцыі — не канец справы
Варта памятаць, што ў Польшчы справы аб міжнароднай абароне разглядаюць у дзвюх інстанцыях. Пасля падачы абскарджання справа трапляе ў Раду па справах бежанцаў (Rada do Spraw Uchodźców), якая наноў ацэньвае ўсе акалічнасці, доказы і актуальную сітуацыю ў краіне паходжання. Менавіта таму добра падрыхтаванае абскарджанне можа істотна паўплываць на канчатковы вынік.
Ці чакаць беларусам далейшага ўскладнення ў легалізацыі?
Пакуль усім, хто працуе ў сферы міграцыйнага права, складана сказаць, як будзе развівацца практыка ў бліжэйшай будучыні.
«Але мы ўжо працуем над тым, каб звярнуць увагу на гэтую праблему, — адзначае Вольга Дабравольская. — На мінулым тыдні я мела сустрэчу з сенатарам Адамам Боднарам і прадстаўнікамі Amnesty International. Мы абмеркавалі магчымасць супрацоўніцтва на парламенцкім узроўні. Таксама ўжо запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада. Для мяне важна, каб гэтае пытанне разглядалася не толькі як праблема асобных спраў, а як больш шырокая прававая і гуманітарная праблема.
Калі падыход, што рэпрэсіі ў Беларусі нібыта страцілі сістэмны характар, замацуецца як адміністрацыйная практыка, гэта можа мець наступствы не толькі для міжнароднай абароны. Гэта можа ўплываць і на іншыя працэдуры, дзе важна прызнанне таго, што чалавек не можа бяспечна звярнуцца да ўладаў сваёй краіны».
Дадаткова юрысты заклікаюць: на асабістым узроўні заўсёды максімальна сур'ёзна ставіцца да сваёй справы.
«Я часта кажу сваім кліентам: калі ваша анкета займае тры старонкі, гэта, хутчэй за ўсё, азначае не тое, што ў вас простая справа, а тое, што вы не распавялі пра ўсе важныя акалічнасці.
У заяве неабходна паказаць не толькі тое, што з вамі адбылося, але і хто вы. Якія ў вас палітычныя погляды? Якой была ваша грамадзянская актыўнасць? Ці належыце вы да групы, якая можа падвяргацца асаблівай рызыцы пераследу, напрыклад журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў ЛГБТК+, былых супрацоўнікаў сілавых структур, валанцёраў або іншых катэгорый?
Вельмі важна не толькі падрабязна апісаць сваю сітуацыю, але і, па магчымасці, пацвердзіць яе доказамі. Гэта могуць быць позвы, судовыя рашэнні, фатаграфіі і відэазапісы, электронная перапіска, паведамленні ў месенджарах, публікацыі ў СМІ, скрыншоты з сацыяльных сетак, а таксама рэкамендацыі ці сведчанні людзей і арганізацый, якія могуць пацвердзіць вашу дзейнасць».
Не варта забывацца і пра тое, што адбывалася ўжо пасля выезду з Беларусі.
«Калі чалавек працягвае грамадскую або палітычную дзейнасць за мяжой, супрацоўнічае з беларускімі арганізацыямі, удзельнічае ў акцыях, выступае публічна або займаецца праваабарончай дзейнасцю, пра гэта таксама неабходна паведаміць. Такія абставіны могуць істотна ўзмацніць справу, бо сведчаць, што рызыка пераследу захоўваецца і сёння», — падкрэслівае юрыстка.
Каментары
Трымайцеся!
ну-ну...