Google прыбраў ШІ-інструмент Nano Banana з Google Earth ужо праз дзень пасля запуску
Карыстальнікі паспелі «разбамбіць» хмарачосы ў ЗША, стварыць ядзерныя аб'екты ў Іране і «разбурыць» Эйфелеву вежу.

Google адключыў новую функцыю генерацыі малюнкаў Nano Banana у Google Earth менш чым праз суткі пасля яе запуску. Кампанія патлумачыла гэта тым, што карыстальнікі пачалі распаўсюджваць згенераваныя выявы, якія «могуць парушаць правілы платформы», і паабяцала вярнуць інструмент толькі пасля ўкаранення «больш надзейных механізмаў абароны», піша тэлеграм-канал «Осторожно, новості».
Прычынай крытыкі сталі эксперыменты даследчыкаў OSINT і звычайных карыстальнікаў. Яны выявілі, што з дапамогай тэкставых запытаў можна было ствараць фотарэалістычныя сцэны непасрэдна на аснове спадарожнікавых здымкаў Google Earth. Сярод прыкладаў — самалёт, які ўразаецца ў хмарачос на Манхэтэне, ядзерны аб'ект у Іране, лагеры бежанцаў на мяжы ЗША і Мексікі, а таксама велізарная варонка ад выбуху ў Лос-Анджэлесе.

Даследчык OSINT Хенк ван Эс паказаў, што змог за некалькі секунд «размясціць» лагеры бежанцаў каля мексіканскай мяжы і «пабудаваць» ядзерны аб'ект у Іране, задаўшы ўсяго некалькі тэкставых каманд. Паводле яго слоў, сэрвіс амаль не абмяжоўваў падобныя запыты.
З рэзкай крытыкай выступіла і супольнасць GeoConfirmed. Там заявілі, што Google Earth доўгі час быў адным з ключавых інструментаў для праверкі інфармацыі і геалакацыі, а магчымасць генераваць рэалістычныя, але выдуманыя спадарожнікавыя выявы можа сур'ёзна ўскладніць барацьбу з дэзінфармацыяй.
На думку аналітыкаў, цяпер тым, хто займаецца праверкай фактаў, спачатку давядзецца ўпэўніцца, што перад імі не падроблены здымак Google Earth, а ўжо потым аналізаваць саму падзею. Яны таксама папярэдзілі, што зламыснікі змогуць ствараць фальшывыя ваенныя аб'екты, змяняць прызначэнне будынкаў або фабрыкаваць наступствы атак, выдаючы такія выявы за сапраўдныя.

У Google падкрэслілі, што ўсе згенераваныя выявы былі пазначаныя як створаныя штучным інтэлектам і не адлюстроўваліся ў асноўнай версіі Google Earth для іншых карыстальнікаў. Аднак пасля хвалі крытыкі кампанія вырашыла часова цалкам адключыць функцыю.

30 ліпеня Google прадставіў функцыю Nano Banana для вэб-версіі Google Earth. Яна дазваляла генераваць выявы на аснове спадарожнікавых здымкаў, аэрафотаздымкаў і трохмерных карт мясцовасці з дапамогай тэкставых запытаў. У кампаніі прапаноўвалі выкарыстоўваць яе для візуалізацыі гістарычных падзей, стварэння інфаграфікі, архітэктурных і дэвелаперскіх праектаў, планавання будаўніцтва і іншых творчых задач. Інструмент быў даступны карыстальнікам Google Earth па ўсім свеце.

Каментары
Мікола Тэсла знішчыў многія свае вынаходніцтвы, каб яны не трапілі ў рукі ідыётаў -разбуральнікаў.
Ідыёты тармозяць прагрэс.
Усё ж такі перадавыя тэхналогіі не панацэя: не абавязкова прыводзяць да прагрэса. Злыя людзі іх выкарыстоўваюць для разбурэння.
Прыходзім да таго, што мараль важнейшая за тэхналогіі.
Няма маралі - будзе вайна і знішчэнне ўсяго. У выніку апынемся ў каменным веку без света і інтэрнэта, з каструлямі супа на кастрах ля зямлянкі.