Статкевіч змадэляваў падзеі, што могуць разгарнуцца ў Беларусі ўвосень
Масква можа паспрабаваць паўтарыць прарыў 2022 года на Кіеў, а Украіна адказаць магутнымі ўдарамі. Палітык і экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале разважае пра так званы новы «Беларускі фронт».

Статкевіч спачатку нагадвае пра свой артыкул за 19 мая, дзе ён разгледзеў варыянты працягу Масквой вайны супраць Украіны: 1) Мабілізацыя; 2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі; 3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі.
«Аналіз іх перспектыў я ўжо зрабіў у тым тэксце, але цяпер з'яўляецца шмат дадатковай інфармацыі, па якой можна меркаваць, да якога з варыянтаў працягу вайны схіляюцца ў Крамлі. Прынамсі, пакуль, — піша ён, —
У Расіі рыхтуюцца да новай мабілізацыі пасля выбарчай парламенцкай кампаніі ў верасні.
Па розных меркаваннях украінскіх ваенных аналітыкаў, у РФ можа быць мабілізавана ад паўмільёна да мільёна новых салдат, якія ўжо ў лістападзе пачнуць накіроўвацца на фронт. Таксама, ўкраінскі бок заяўляе, што на беларускай тэрыторыі каля мяжы з Украінай вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва ваеннай інфраструктуры. З улікам гэтага можна прагназаваць, што Масква плануе накіраваць частку сваіх войскаў на нашу тэрыторыю, каб зноў паспрабаваць атакаваць Украіну з поўначы і, як мінімум, адцягнуць яе вайсковыя сілы з іншых на «Беларускі» фронт.
А таксама, паспрабаваць паўтарыць прарыў 2022 года на Кіеў.
Апошняе, з улікам балоцістай мясцовасці на большай частцы беларуска-ўкраінскай мяжы ды перавагі Украіны ў дронах, мае мала шанцаў на поспех. Але з нашай тэрыторыі расійскія войскі здолеюць наносіць па Украіне масавыя дакладныя паветраныя ўдары дронамі і ракетамі, каб прымусіць яе здацца.
Украінскія войскі ў адказ пачнуць наносіць масавыя ўдары па расійскіх ваенных камунікацыях, тэхніцы, складах, пунктах кіравання, месцах дыслакацыі ў населеных пунктах. Пад ударамі апынуцца нашы дарогі, масты, гарады, ваенныя і нафтахімічныя прадпрыемствы.
Асабліва, ў паласе дасяжнасці найбольш дзейсных зараз украінскіх дронаў сярэдняй дальнасці Hornet са штучным інтэлектам — 150 кіламетраў ад украінскай мяжы.
У гэтай паласе знаходзяцца Гомель, Брэст, Мазыр, Пінск і шмат менш буйных гарадоў і мястэчак. Калі ж расійцы пачнуць зноў наносіць удары па аб'ектах энергетыкі Украіны, як гэта ўжо было мінулай зімой, але і з нашай тэрыторыі, то мы атрымаем «люстэркавы» адказ — дальнабойныя ўдары па нашых аналагічных аб'ектах па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Разбурэнні будынкаў у населеных пунктах, прамысловасці ды інфраструктуры, ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, буйныя гарады без электрычнасці і цяпла — такая будзе плата толькі за пасіўны саўдзел у агрэсіі. А ёсць яшчэ наступствы ад простага знаходжання чужых войскаў на нашай зямлі падчас вайны.
Салдаты, якія ведаюць, што іх чакае смерць сярод палескіх балотаў, і якія хочуць напаследак «гульнуць». І якія ўпэўнены, што ўсё мясцовае насельніцтва павінна за «абарону ад «укранацыстаў» выконваць іх любыя жаданні. Тым болей, што ім нічога дадатковага не пагражае за забойствы, рабаванні, згвалтаванні «мясцовых». Бо, калі справа і дойдзе да суда, што сумнеўна, то з яго яны адправяцца не ў турму, а, зноў жа, на фронт.
У гісторыі Беларусі ўжо быў досвед доўгатэрміновага знаходжання маскоўскіх войскаў на нашай тэрыторыі падчас маскоўска-беларускай вайны 1654—1667 гадоў, якую ў Расіі потым сарамліва назвалі «польскай», і ў якой загінула болей за палову беларусаў.
Я не буду тут пісаць пра ўсе жахі той вайны – іх апісанне зойме вялікую кнігу, піша Статкевіч. — Але прывяду адзін прыклад. У 1654 годзе маскоўскія войскі асадзілі Магілёў. Асада была нядоўгай, бо пераважна праваслаўныя гараджане самі адчынілі вароты горада «аднаверцам». Потым, бліжэй пазнаёміўшыся з «братамі па веры», у 1661 годзе гэтыя мірныя людзі паднялі паўстанне і амаль пагалоўна выразалі сямітысячны гарнізон «вызваліцеляў».
Ну а ў сённяшняй сітуацыі ёсць яшчэ доўгатэрміновыя наступствы, бо вывесці расійскія войскі з нашай зямлі, нават пасля замірэння паміж Расіяй і Украінай, будзе надзвычай складана. Не здолеўшы захапіць вялікую краіну, вырашаць прыхапіць хоць меншую, каб апраўдаць гібель і калецтвы сотняў тысяч сваіх салдат у вачах простых расійцаў і каб было што аб'явіць перамогай.
Безумоўна, рэжым, які пануе ў Беларусі, як можа ўпіраецца, каб пазбегнуць такога сцэнару. Але, пры глабальнай залежнасці ад Масквы, адмовіцца ад выканання «саюзнага» абавязку робіцца ўсё цяжэй.
За дзесяцігоддзі ўтрымання ва ўладзе раней ці пазней прыходзіцца плаціць. «За так» падобных бонусаў не даюць.
Ранейшая плата нашай мовай, гісторыяй і культурай толькі стварыла перадумовы ды абудзіла апетыт да поўнага паглынання цяпер ужо «искусственной нации, которая говорит на одном с нами языке». Тым болей, што Маскве патрэбны новыя салдаты і ваенны плацдарм для наступных войн.
Так што цяпер платай за «працяг банкета» для адной сям'і могуць стаць лёсы нашай дзяржавы, нацыі і мільёнаў беларусаў», — напісаў Мікалай Статкевіч.
-
Літоўскі блогер паскардзіўся, што «Наша Ніва» няправільна пераказала яго дыялог са Спарышам. Камісія па этыцы стала на бок «НН»
-
Статкевіч: У 1917 годзе прынцып «Война до победного канца» ўжо прывёў Расію да нацыянальнай катастрофы
-
«Людзі бачылі, што разбіраюць не дрэва, а парахно». Каталіцкі актывіст заступіўся за навагрудскіх манашак
Каментары