У Мінску пачалі судзіць трох беларусаў, якім павесілі «тэрарызм» і «здраду дзяржаве». Аднаго з іх затрымалі ў Крыме
Мінскі абласны суд пры канцы верасня пачаў разглядаць справу супраць Генрыха Агеева, Юрыя Васілеўскага, а таксама Івана Балашэнкі.

Агулам іх судзяць паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве», піша «Вясна».
Вядома, што Генрыха затрымалі нібыта па «справе «Байпола» больш за паўтара года таму ў акупаваным Расіяй Крыме, дзе яго збівалі і катавалі. Пазней яго перавезлі ў Беларусь і змясцілі ў СІЗА КДБ. Юрыя затрымалі год таму пры невядомых абставінах. Пра Івана Балашэнку праваабаронцам раней не было вядома. Падрабязнасці гэтай справы невядомыя.
У залежнасці ад ролі кожнага Генрыху, Юрыю і Івану выстаўленыя наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў спалучэння);
- ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму);
- ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у ёй);
- ч. 2 арт. 290-4 (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй);
- ч. 1 і ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве (у рэд. закона ад 09.01.2019);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
- ч. 1 арт. 179 (незаконны збор або распаўсюджванне інфармацыі пра прыватнае жыццё — выключаная 26.05.2021);
- ч. 2 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх).
Што вядома пра фігурантаў справы?
Генрых Агееў — былы сілавік з Берасцейшчыны. У верасні 2026 года яму споўнілася 32 гады. Палітвязня затрымалі ў лютым 2024 года ў Крыме. Як распавядаў сам Агееў свайму былому сукамерніку, ён з'яўляецца фігурантам «справы «Байпола» — ён нібыта ездзіў па заданні былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы «Байпола» Аляксандра Азарава.
Каля сямі месяцаў яго ўтрымлівалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе яго збівалі ды катавалі. Увесь гэты час пра месцазнаходжанне мужчыны было невядома. У верасні 2024 года Агеева экстрадавалі ў Беларусь, пры гэтым не аддалі ніякіх дакументаў, таму час у СІЗА ФСБ не будзе залічаны ў тэрмін прысуду. На радзіму беларуса везлі суткі з мяшком на галаве, распавёў былы сукамернік.
Юрый Васілеўскі скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў у БНТУ спачатку як асістэнт кафедры, а пасля як выкладчык і старшы выкладчык кафедры электразабеспячэння. З 2017 года Васілеўскі ўключаны ў Рэестр судовых экспертаў. Яго профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспертыза. Яго затрымалі ў верасні 2025 года. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а з сакавіка 2026 года перавялі ў СІЗА № 1.
Пра Івана Балашэнку праваабаронцам нічога невядома.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Ну дык маецца на ўвазе русское государство лукашыстаў