Культура44

Ініцыятыва Maldzis набыла слоўнік Насовіча

Гэта першы ў гісторыі поўны навуковы слоўнік беларускай мовы.

Ініцыятыва Maldzis выкупіла «Слоўнік беларускай гаворкі» (у арыгінале — «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія») Івана Насовіча. Праца была выдадзеная Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу ў 1870 годзе. Гэты слоўнік — адзін з найважнейшых лексікаграфічных збораў у гісторыі беларускага мовазнаўства.

«Слоўнік Насовіча — гэта спроба зафіксаваць свет, які мог знікнуць без следу. І хоць сам Насовіч мысліў у катэгорыях сваёй імперскай эпохі, вынік ягонай дзейнасці і да сёння працуе на беларускую будучыню. Вяртаючы гэты слоўнік у беларускі кантэкст, мы вяртаем сведчанне таго, што беларуская мова стагоддзямі была паўнавартаснай і жывой», — кажа кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч.

Кнігу набылі на аўкцыёне ў Нідэрландах на сродкі, якія MALDZIS збірае дзякуючы штомесячным ахвяраванням. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх — падтрымаць іх можна праз форму.

У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка будзе перададзеная на радзіму аўтара — у Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей.

Іван Насовіч нарадзіўся 26 верасня 1788 года ў вёсцы Гразіўцы Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і псаломшчыка. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, потым у духоўнай семінарыі; скончыў яе ў 1812 годзе і адразу атрымаў прызначэнне выкладчыкам расейскай мовы і славеснасці ў вышэйшае аддзяленне Аршанскага духоўнага вучылішча.

Апроч беларускай і расейскай ведаў стараславянскую, лацінскую, грэчаскую і французскую мовы, а таксама старажытнаяўрэйскую і польскую.

Наступныя трыццаць з лішнім гадоў забрала служба — спачатку ў вучылішчах духоўнага ведамства, потым у сістэме Міністэрства народнай асветы Расейскай імперыі: выкладчык расейскай мовы і славеснасці, выкладчык лацінскай мовы, інспектар, дырэктар.

Служба дала магчымасць збору навуковага матэрыялу. Пераезды ў Оршу, Мсціслаў, Магілёў, Маладзечна, Свянцяны, а пазней, пасля выхаду на пенсію, і падарожжы па Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губернях дазволілі пачуць беларускія гаворкі ў іх жывой розніцы, зблізку пазнаёміцца з народнай песняй і сабраць лексіку і фразеалогію з розных куткоў Беларусі.

У 1843 годзе Насовіч выйшаў у адстаўку, вярнуўся ў Мсціслаў і ў 55 гадоў узяўся за навуковую працу.

Яму было 64 гады, калі выйшлі «Беларускія прыказкі і прымаўкі». У ягоныя 79 выйшаў «Зборнік беларускіх прыказак», у 80 — «Беларускія прыказкі і загадкі», у 85 — «Беларускія песні». У рукапісах засталіся «Збор беларускіх слоў паводле алфавіта» і «Алфавітны паказальнік старажытных слоў», выняты з «Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расеі» (1853).

Галоўная праца — «Слоўнік беларускай гаворкі» — выйшла ў 1870, калі аўтару было 82. Пачаў ён яе ў 1847 годзе і прысвяціў ёй 16 гадоў.

Гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Сёння над праектамі такога маштабу працуюць інстытуты з дзясяткамі супрацоўнікаў — Насовіч зрабіў гэта адзін. Ягоныя этнаграфічныя працы не мелі аналагаў у свой час і дагэтуль служаць даследчыкам.

Складзены ім збор беларускіх баек, легенд, павер’яў і анекдотаў выдаць не ўдалося; дзе рукапіс сёння — невядома.

Постаць Насовіча для сучаснага беларускага погляду няпростая: ягоныя светапоглядныя і палітычныя перакананні належалі імперыі, у якой ён служыў. Але праца, зробленая ў тых рэаліях, працуе на беларускую мову — і саму гэтую супярэчнасць варта ўспрымаць як прыкмету эпохі, калі беларуская культура існавала паміж імперскай сістэмай і ўласнай ідэнтычнасцю.

Каментары4

  • XXX
    26.09.2026
    Ці ёсьць сэнс у неагучаных выдатках, калі было факсімільнае выданьне?
  • жэўжык
    26.09.2026
    Наконт так званых "імпэрскіх поглядаў Насовіча". Трэба разумець, што гэты слоўнік супраць волі аўтара быў жорстка зьнявечаны расейскай цэнзурай.

    З Вікіпэдыі: "Гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч адзначаў, на падставе апублікаваных у 1928 годзе асабістых сшыткаў Івана Насовіча, замену Расійскай акадэміяй навук назвы мовы з «крывіцкай» на «беларускую» супраць волі аўтара[7]. Гэта адбывалася на фоне агульнага пашырэння расійскімі ўладамі тэрміна «беларусы» побач з «вялікарусы» і «маларосы»[4]."
  • Bielar4Us
    26.09.2026
    сам Насовіч мысліў у катэгорыях сваёй імперскай эпохі
    ======
    лухта

Цяпер чытаюць

«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі11

«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь праз 14 гадоў вярнулася ў міжнародны конкурс «Вікі любіць славутасці». Чакаюць любыя фотаздымкі мясцовых помнікаў архітэктуры

Ураджэнец Беларусі выканаў «Дзень Перамогі» ў аэрапорце Варшавы — і трапіў ва ўкраінскую базу «Міратворац»34

У Баранавічах зніклі трое іншаземцаў9

Названыя апошнія нобелеўскія лаўрэаты ў гэтым годзе1

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра14

Лукашэнка заявіў, што ў Еўропе бяда з прадуктамі і ёсць гатоўнасць дапамагчы19

У Віцебску кіроўца збіў жанчыну і дзіця, што стаялі на астраўку бяспекі

Радаслаў Сікорскі заклікаў еўрапейскія краіны закрыць расійскія консульствы6

У Шклове перад «Дажынкамі» зафарбавалі знакаміты дом з малітвамі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі11

«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць