Беларус, які стаў расійскім наёмнікам, вярнуўся ў Слуцк — без увагі з боку сілавікоў. Заклікае іншых не паміраць за Расію
Мужчына, які падпісаў кантракт з расійскім войскам і правёў на лініі фронту ва Украіне сем месяцаў, расказаў пра вялізныя страты сярод штурмавікоў і падман пры вярбоўцы. Пры гэтым сам ён збіраецца вярнуцца ў расійскае войска даслужыць два месяцы, што засталіся.

Мужчына сам выйшаў на сувязь са стваральнікам ютуб-канала Slutsk Gorod і прапанаваў запісаць інтэрв’ю, «каб сказаць людзям праўду». Баец пажадаў захаваць ананімнасць.
Атрымаўшы раненне пасля сямі месяцаў на лініі фронту, ён часова вярнуўся ў Беларусь для лячэння і рэабілітацыі. Паводле яго слоў, вайскоўцам ён марыў быць з дзяцінства, але дома не прайшоў медкамісію па стане здароўя. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ён паехаў у Расію і толькі з трэцяй спробы змог давесці справу да заключэння кантракта.
Мужчына сцвярджае, што ваяваць пайшоў «за ідэю». Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры яго накіравалі ў разведвальнае падраздзяленне.
На пытанне, што б ён мог сказаць тым, хто сёння задумваецца пра ўдзел у вайне або бачыць рэкламу з прапановамі падпісаць кантракт, баец адказаў вельмі катэгарычна:
«Я б не стаў да гэтага заклікаць. Там ёсць спецыяльна навучаныя людзі, якія гэтым займаюцца. А калі прыходзіць чалавек з грамадзянкі, які не ведае, што такое ваенная справа… Вучэбка — гэта не звычайная армія. Там ідзе вельмі хуткая падрыхтоўка, трэба ўсё схопліваць на ляту. Звычайны чалавек, які нічога не разумее, літаральна можа проста не выжыць. Ісці ад таго, што дома нейкія праблемы ці ты проста захацеў неяк паказацца… — не варта наогул туды ісці. Таму што гэта вайна», — падкрэсліў ён.
Баец таксама папярэдзіў пра падман у рэкламе, якая абяцае службу ў бяспечных тылавых зонах. Паводле яго слоў, амаль 90% навабранцаў незалежна ад абяцанняў накіроўваюць у штурмавыя падраздзяленні, дзе назіраецца каласальны недахоп людзей.
Як даводзіць наёмнік, штурмавікі гінуць вельмі хутка, а з тых, з кім ён пачынаў службу, у жывых амаль нікога не засталося:
«У нас на вучэбцы было 96 чалавек, большая частка пайшла ў штурмавыя падраздзяленні. З майго ўзвода дваіх забралі ў разведку і аднаго ў РЭБ. Усе астатнія 18 чалавек сышлі ў штурмавікі. Іх ужо не стала праз два тыдні».
Адказваючы на пытанне, ці ведае ён хоць каго-небудзь са сваёй вучэбкі, хто выжыў за гэтыя 7‑8 месяцаў у штурмах, ён коратка адказаў: «Не».
Баец ахарактарызаваў сучасны фронт як прастору татальнага кантролю дронаў, дзе артылерыя і снайперы адышлі на другі план, а 95% раненняў складаюць асколачныя.
Нягледзячы на ўласныя перасцярогі і разуменне маштабу страт, сам суразмоўца плануе вярнуцца на фронт, каб даслужыць два месяцы дзеючага кантракта. Паводле яго слоў, прэтэнзій з боку беларускіх праваахоўных органаў да яго на гэты момант няма.
Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ад 3 да 7 гадоў за наёмніцтва — удзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай краіны.
Каментары
цікава а калі ў маскоўскіх імерыях было па іншаму? беларус маскаль цябе заўсёдны падмане таму - плот , і канава з кракадзіламі
Органы возбудились количеством сограждан, желающих покатать жен на белой Гранте.