Украіна ўпершыню ўдарыла па дата-цэнтры «Яндэкса». «Яндэкс.Дыск» працуе са збоямі
Дата-цэнтр у Разанскай вобласці загарэўся пасля начной атакі дронаў і спыніў працу. Карыстальнікі паведамляюць пра праблемы з доступам да файлаў і дакументаў. Раней Расія атакавала ўкраінскія дата-цэнтры, а Уладзімір Зяленскі абяцаў сіметрычны адказ.

У ноч на 8 кастрычніка пад удар трапіў дата-цэнтр «Яндэкса» ў горадзе Сасава Разанскай вобласці. Пра атаку паведамілі маніторынгавыя каналы. Гэта першы выпадак, калі «Яндэкс» пацярпеў ад украінскага ўдару.
Спачатку кампанія паведаміла пра «інцыдэнт» і часовую недаступнасць шэрагу сэрвісаў. Карыстальнікі скардзіліся на праблемы з «Яндэкс.Дыскам» і «Яндэкс.Дакументамі». У Yandex Cloud таксама зафіксавалі перабоі з электразабеспячэннем часткі інфраструктуры.
Пазней прэс-служба «Яндэкса» пацвердзіла РБК, што пажар узнік у выніку атакі беспілотнікаў. Праца дата-цэнтра цалкам спыненая. Частка сэрвісаў можа быць недаступная для карыстальнікаў.
«Пацярпелых няма, профільныя службы на месцы ліквідуюць наступствы», — заявілі ў кампаніі.
Атака адбылася пасля расійскіх удараў па ўкраінскіх дата-цэнтрах. У канцы верасня расійскія вайскоўцы атакавалі дата-цэнтр «Датагруп» у Кіеве. Міністэрства абароны Расіі сцвярджала, што ён апрацоўваў і перадаваў разведвальныя даныя для ўкраінскай арміі.
Зяленскі раней заявіў, што зацвердзіў план дальнабойных удараў па Расіі на кастрычнік. Паводле яго, на атакі супраць грамадзянскай інфраструктуры Украіна будзе адказваць ударамі па адпаведных расійскіх аб’ектах.
Дата-цэнтр «Яндэкса» размешчаны на тэрыторыі станкабудаўнічага завода «Саста». Прадпрыемства выпускае абсталяванне для апрацоўкі металу і пастаўляе яго ў тым ліку абароннай прамысловасці.
У тую ж ноч пад удар трапіў і нафтаперапрацоўчы завод «Газпром нефтехим Салават» у Башкартастане, паведаміў тэлеграм-канал Exilenova+. ASTRA паводле фота і відэа відавочцаў вызначыла, што ў раёне прадпрыемства ўзнік пажар. Завод можа перапрацоўваць да 10 мільёнаў тон вуглевадароднай сыравіны за год. Раней ён ужо зазнаваў атакі ўкраінскіх дронаў.
Каментары