Грамадства3232

Былы палітвязень знайшоў у Вільні падпрацоўку ў чаце — і трапіў пад крыміналку за правакацыі супраць Украіны

Мікіту Саідава папрасілі прынесці пахавальны вянок пад віленскі офіс абароннай кампаніі. І заадно партрэт яе кіраўніка з чорнай стужкай.

Мікіта Саідаў. Фота: «Дапамога»

27 жніўня каля віленскага офіса абароннай кампаніі RSI Europe пакінулі жалобныя вянкі і партрэт яе кіраўніка Томаса Мілашаўскаса з чорнай стужкай. Усё здымалі на відэа, якое неўзабаве пачало разыходзіцца па сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах. Амаль адначасова падобныя вянкі з’явіліся каля офіса зброевай кампаніі CSG у Чэхіі.

У Літве затрымалі грамадзяніна Украіны, які прывёз вянкі. Паводле крыніц літоўскіх медыя, наняць яго мог беларус.

«Наша Ніва» даведалася, што беларус, які фігуруе ў гэтай гісторыі, — 23‑гадовы былы палітвязень Мікіта Саідаў. Хлопца адпусцілі да суда, цяпер ён жыве ў «Замку».

Абяцалі 400 еўра і пісалі пра памерлага сябра

Мікіта Саідаў знайшоў аб’яву ў адным з чатаў з падпрацоўкамі, расказвае кіраўніца дабрачыннай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава.

Заказчык тлумачыў, што ў яго памёр сябар, сам ён знаходзіцца не ў Літве, таму патрэбны чалавек, які купіць пахавальныя вянкі і адвязе іх па названым адрасе.

За працу нібыта прапаноўвалі 400 еўра. Частка грошай павінна была пайсці на самі вянкі, астатняе заставалася выканаўцу.

Саідаў, паводле Калегавай, не вазіў вянкі да RSI Europe сам. Ён перадаў падпрацоўку знаёмаму, які і выканаў заказ. Наталля кажа, што партрэт кіраўніка кампаніі з чорнай стужкай даставіла пазней іншая асоба — з гэтай жанчынай Наталля не знаёмая і дакладных звестак пра яе ролю не мае.

RSI Europe, да будынка якой прывезлі вянкі, вырабляе беспілотныя сістэмы, пастаўляе Украіне FPV-дроны і сістэмы дыстанцыйнага падрыву. Паводле Наталлі Калегавай, Саідаў не ведаў, чым займаецца кампанія.

Пасля затрымання знаёмага з’ехаў у Латвію

Калі чалавека, які адвёз вянкі, затрымалі, Мікіта Саідаў спалохаўся і ўцёк у Латвію.

Сябры Мікіты паведамілі пра здарэнне Калегавай. Яны не маглі з ім звязацца і ведалі, што паліцыя прыйшла да аднаго з хлопцаў з іх кампаніі. Наталля Калегава знайшла Саідава і пераканала яго вярнуцца.

«Я сказала: «Ты павінен прыехаць. Калі ты лічыш сябе невінаватым, бегчы нельга». Ён вярнуўся з Латвіі і сам прыйшоў у паліцыю», — расказвае яна.

Нейкі час Мікіта Саідаў знаходзіўся пад вартай, Наталля Калегава знайшла яму адваката.

Хлопца падазраюць у дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы. Гэта артыкул 118 Крымінальнага кодэкса Літвы. Яго першая частка прадугледжвае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Мікіту вызвалілі да суда.

У 19 гадоў трапіў у жодзінскую турму

Для Мікіты Саідава гэта ўжо трэцяя крымінальная справа ў жыцці. Беларускія сілавікі затрымалі яго 8 жніўня 2022‑га — спачатку паводле адміністрацыйнай справы, затым дайшло да палітычнай крыміналкі. Да суда хлопца трымалі ў турме №8 у Жодзіне.

Саідава судзілі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. На момант «злачынства» хлопец быў непаўналетнім.

Адначасова яму выставілі абвінавачванне і ў незаконным абароце наркотыкаў без мэты збыту — частка 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

У снежні 2022 года Саідаву прызначылі два з паловай года хатняй хіміі. Ён вырашыў з'ехаць, і ўжо ў студзені 2023 года знаходзіўся ў Літве.

«Выйшаў з беларускай турмы — і мусіў адразу стаць дарослым»

З Саідавым Наталля Калегава пазнаёмілася пасля яго ўцёкаў з Беларусі. Яшчэ да перасячэння мяжы сябры хлопца звязаліся з «Дапамогай», каб пацвердзіць яго асобу і папрасіць месца ў «Замку»: яны баяліся, што інакш ён трапіць у лагер для ўцекачоў.

«Мы праверылі яго праз агульных знаёмых. Калі літоўскія службы спыталі, ці забяром яго, я адказала: «Так». Першы час ён жыў у нас, пасля з'ехаў. Мы дапамагалі яму з дакументамі», — расказвае Наталля.

У Літве Саідаў атрымаў палітычны прытулак. Ён браўся за розную працу, ездзіў на заробкі ў Іспанію. Наталля апісвае яго як ціхага і спакойнага хлопца, які дрэнна разбіраўся ў правілах жыцця ў новай краіне.

«Мікіта — звычайны спакойны хлопец. У яго нармальнае кола зносін — беларусы, украінцы, літоўцы. Калі ён цяпер знаходзіўся пад вартай, сябры яго не кінулі: збіралі грошы, перадавалі ежу і цыгарэты.

Калі ён трапіў у турму ў Беларусі, яму было 19 гадоў. У такім узросце людзі яшчэ толькі вучацца самі прымаць рашэнні. А ён выйшаў без адукацыі, без прафесіі, без жыццёвага досведу — і амаль адразу апынуўся ў эміграцыі, дзе трэба самому шукаць працу, плаціць за жыццё, разбірацца са страхоўкай і дакументамі», — разважае Наталля Калегава.

Паводле яе, у падобным становішчы апынуліся многія маладыя беларусы, якім давялося тэрмінова ўцякаць з краіны. У новай краіне яны часта могуць прэтэндаваць толькі на цяжкую і нізкааплатную працу, а побач з аб’явамі пра будоўлю, склад ці дастаўку ім трапляюцца прапановы хутка зарабіць некалькі соцень еўра.

Цяпер «Дапамога» адкрыла збор на адваката для Мікіты.

Расследаванне гісторыі з вянкамі працягваецца. Праваахоўнікі высвятляюць, хто арганізаваў акцыю і як звязаныя інцыдэнты ў Літве і Чэхіі.

Каментары32

  • Янка
    12.10.2026
    Непазбежна, што з часам расейскія і лукашэнкаўскія спецслужбы будуць толькі шырэй выкарыстоўваць недасведчаных юнакоў і маладзёнаў для гібрыдных войн. Уладам еўрапейскіх (і ў першую чаргу ўсходнееўрапейскіх) краін варта было б актывізаваць прафілактычную працу і тлумачыць, што выкананне кур'ерскіх даручэнняў у інтарэсах неідэнтыфікаваных асобаў можа быць часткай злачынства з боку варожых дзяржаў.
  • Ай
    12.10.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Так
    12.10.2026
    Дурня да дому дэпартаваць гэтага саидова

Цяпер чытаюць

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра7

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчыны апярэджваюць мужчын у самым экстрэмальным відзе аўтаспорту — тут ездзяць хутчэй, чым на «Формуле-1»6

Рыжанкоў спадзяецца на пацяпленне адносін з Польшчай13

Расія актыўней плануе замахі на кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных кампаній1

Пампеі знішчыла не лава. Сем міфаў пра знакамітую катастрофу

Ці сапраўды моладзь менш цікавіцца сэксам? Вось што паказала даследаванне Playboy20

Былы беларускі палітвязень даў сваё тлумачэнне таму, што пайшоў ваяваць за Пуціна8

Тыгр забіў наведвальніка заапарка ў Англіі. Перад гэтым мужчына паказаў яму дзіўны жэст14

У Белавежскай пушчы паставілі звяроў у міліцэйскай форме23

Расіяне ўсё больш купляюць беларускія халадзільнікі і пліты6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра7

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць