Навука і тэхналогіі

Пампеі знішчыла не лава. Сем міфаў пра знакамітую катастрофу

Амаль дзве тысячы гадоў таму вывяржэнне Везувія пахавала Пампеі і суседнія паселішчы. Гісторыя гэтай катастрофы добра вядомая, але многія папулярныя ўяўленні пра яе не адпавядаюць таму, што сёння ведаюць археолагі і вулканолагі. BBC Science Focus выкрывае сем міфаў і памылковых поглядаў пра Пампеі.

К. Брулоў. Апошні дзень Пампеі (1833)

Вывяржэнне Везувія ў 79 годзе нашай эры застаецца адной з найбольш вядомых катастроф антычнага свету. Шырока распаўсюджана меркаванне, што горад накрылі патокі распаленай лавы. Але гэта не так.

1. Пампеі знішчыла не лава

Вулканолагі тлумачаць, што лава рухаецца адносна павольна, і ў большасці выпадкаў чалавек здольны ад яе ўцячы. Акрамя таго, лававы паток цалкам спальвае ўсё на сваім шляху, і тады ад антычных будынкаў нічога б не засталося. 

Падчас вывяржэння Везувій выкінуў слуп камянёў, попелу і газаў прыкладна на 30 кіламетраў у вышыню. Неба пасярод дня пацямнела, а попел пачаў засыпаць горад. Пад яго вагой абвальваліся дахі дамоў.

Пазней слуп вулканічнага матэрыялу абрынуўся, і па схілах Везувія панесліся патокі распаленых газаў, попелу і камянёў. Іх тэмпература дасягала некалькіх соцень градусаў, а хуткасць 100‑200 км/г. Менавіта яны разам з попелам пахавалі Пампеі і забілі многіх жыхароў.

2. Катастрофа адбылася раптоўна і не пакінула часу на ўцёкі

У рэальнасці прыкметы небяспекі з'явіліся задоўга да вывяржэння. Яшчэ за 17 гадоў да яго ў рэгіёне адбываліся землятрусы, пасля якіх Пампеі працягвалі адбудоўваць. Частка жыхароў нават пакінула горад.

За чатыры дні да вывяржэння пачалася новая серыя землятрусаў. А калі Везувій ужо прачнуўся, Пампеі некалькі гадзін засыпала попелам, перш чым да горада дайшлі смяротныя патокі. Так што ў многіх жыхароў быў час уцячы. Праблема была ў тым, што людзі тады не разумелі сувязі паміж землятрусамі і будучым вывяржэннем.

3. Ад Везувія пацярпелі толькі Пампеі

Пампеі сталі сімвалам катастрофы, але былі далёка не адзіным пацярпелым горадам. Вакол Неапалітанскага заліва існавала цэлая сетка паселішчаў і вілаў, якія таксама трапілі пад удар. Сярод іх Стабіі і Геркуланум.

Геркуланум знаходзіўся яшчэ бліжэй да Везувія. У адрозненне ад жыхароў Пампеяў, у яго насельнікаў было значна менш часу на ўцёкі. Вулканічны матэрыял там з часам зацвярдзеў амаль як бетон, таму раскопваць горад цяжэй. Затое захаваліся яго рэшткі надзвычай добра.

4. Людзі ў антычнасці паводзілі сябе падчас катастроф зусім інакш

З часу вывяржэння Везувія мінула амаль дзве тысячы гадоў, але знаходкі ў Пампеях паказваюць, што ў штодзённым жыцці людзі не так ужо моцна адрозніваліся ад нас. Археолагі знаходзяць хлеб, які застаўся ў печах, хатнія святыні і іншыя сляды звычайнага жыцця, што абарвалася ў момант катастрофы.

Псіхолагі звяртаюць увагу на тое, што многія пампейцы не жадалі пакідаць свае дамы, маёмасць і звыклы ўклад жыцця, нягледзячы на відавочныя прыкметы небяспекі. Падобныя паводзіны бачны і сёння. Напрыклад, перад магчымым вывяржэннем вулкана Агунг на Балі ў 2017 годзе эвакуявацца заклікалі 100 тысяч чалавек, але адразу з'ехалі толькі каля 40 тысяч. Людзі не хацелі пакідаць дамы, працу і блізкіх. Таму інданезійскім уладам давялося сілай высяляць людзей з гэтага раёна.

Рэшткі горада Пампеі на фоне Везувія. Фота: Wikimedia Commons

5. У Пампеях ужо ўсё знайшлі

Археолагі даследуюць Пампеі стагоддзямі, але горад усё яшчэ хавае нямала адкрыццяў. Новыя раскопкі працягваюць даваць інфармацыю пра жыццё рымлян, а сучасныя тэхналогіі дазваляюць вывучаць тое, да чаго раней немагчыма было дабрацца.

Асабліва цікавы прыклад — абгарэлыя скруткі з бібліятэкі Геркуланума. Яны настолькі крохкія, што фізічна разгарнуць іх немагчыма. Цяпер даследчыкі спрабуюць «разгортваць» іх у лічбавым выглядзе і расшыфроўваць з дапамогай штучнага інтэлекту. Адзін са скруткаў, які раней немагчыма было адкрыць, ужо ўдалося прачытаць цалкам.

6. Вулканы прыносяць толькі разбурэнне

Вывяржэнне Везувія ў 79 годзе стала катастрофай, але самі вулканы нельга разглядаць выключна як крыніцу небяспекі.

Вулканічная дзейнасць стварае вельмі ўрадлівыя глебы, а раёны вакол вулканаў могуць мець багатую экасістэму. Менавіта таму людзі на працягу тысячагоддзяў сяліліся побач з імі, нягледзячы на рызыку.

7. У Пампеях загінулі амаль усе

Вобразы чалавечых цел, захаваных у попеле, стварылі ўражанне горада, з якога амаль ніхто не выбраўся. Але археалагічныя знаходкі сведчаць пра іншае.

Паводле адной з ацэнак, у Пампеях жылі каля 20 тысяч чалавек, хоць гэтая лічба застаецца спрэчнай. Пры гэтым на даследаванай частцы горада знайшлі каля 1300 цел. 

Значна меншая за чаканую колькасць загінулых можа сведчыць, што многія паспелі ўцячы. Частка жыхароў пакінула Пампеі яшчэ пасля ранейшых землятрусаў, іншыя з'ехалі ў апошнія дні або ўжо падчас выпадзення попелу. Таму гісторыя Пампеяў — гэта не толькі гісторыя гібелі горада, але і гісторыя людзей, якім удалося выратавацца і пачаць жыццё ў іншым месцы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года4

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус, які стаў расійскім наёмнікам, вярнуўся ў Слуцк — без увагі з боку сілавікоў. Заклікае іншых не паміраць за Расію19

Бацьку і сына Кабарчукоў, асуджаных у Беларусі за «тэрарызм», збіраюцца судзіць і ва Украіне2

Трое іншаземцаў, якіх тыдзень шукалі ў Баранавічах, знайшліся1

Дзяржваенпрам прэзентаваў пажарны комплекс на гусенічным ходзе на аснове савецкай баявой машыны2

Цяжарная беларуска выйшла ў Гданьску на адзіночны пікет супраць доўгай выдачы ДНЖ. Яна чакае ўжо больш за 470 дзён21

За калецтва 17‑гадовай дзяўчыны, на якую скінулі снег з даху Dana Mall, будуць судзіць дырэктара гандлёвага цэнтра2

Згарэў найстарэйшы крыты прадуктовы рынак Парыжа2

Сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру раней займалася і беларускім пытаннем — яна асуджала рэпрэсіі пасля Плошчы 2010‑га4

Гэты пад'езд у Мінску назвалі ўзорным5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года4

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць