Вайна

Навукоўцы хочуць уключыць тэрыторыю былога Кахоўскага вадасховішча ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

Пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС у 2023 годзе з-пад вады зноў адкрылася тэрыторыя «Вялікага Лугу» — гістарычных зямель запарожскіх казакоў, затопленых у 1950‑я гады. За тры гады тут выраслі дрэвы вышынёй да сямі метраў, а археолагі знайшлі сляды старажытных паселішчаў. Цяпер украінскія навукоўцы заклікаюць захаваць гэтую тэрыторыю і адмовіцца ад аднаўлення плаціны.

Украінскія навукоўцы каля новых знаходак — якара XVIII стагоддзя і чоўна (злева). Фота: zprz.city

Да сярэдзіны XX стагоддзя ў ніжнім цячэнні Дняпра распасціраўся «Вялікі Луг» — велізарная прыродная тэрыторыя плошчай каля 2155 квадратных кіламетраў з лугамі, балотамі, пратокамі і астравамі.

Гэтыя цяжкадаступныя мясціны адыгралі важную ролю ў гісторыі Украіны. У XVI стагоддзі яны сталі адным з цэнтраў запарожскага казацтва, а сляды чалавечага жыцця тут сягаюць яшчэ каменнага веку.

У 1950‑я «Вялікі Луг» затапілі — пасля будаўніцтва Кахоўскай ГЭС. Старажытныя рэчышчы, астравы, лугі і шматлікія гістарычныя помнікі апынуліся пад вадой.

6 чэрвеня 2023 года плаціна Кахоўскай ГЭС была ўзарвана. З вадасховішча выліліся каля 18 кубічных кіламетраў вады, што выклікала катастрафічныя затапленні гарадоў і вёсак ніжэй па цячэнні Дняпра.

Аднаўленне экасістэмы і археалагічныя знаходкі

Пасля таго, як вада сышла, на месцы вадасховішча пачаліся нечаканыя змены. Як піша брытанская газета The Guardian, былое дно вадасховішча пачало надзвычай хутка ператварацца ў прыродную тэрыторыю, падобную да той, што існавала да будаўніцтва плаціны. Зноў з'явіліся балоты, лугі, астравы і пясчаныя ўзвышшы. На аголеных участках пачалі расці дрэвы і хмызняк.

Біёлаг Павел Алейнік расказаў журналістам, што ўсяго за тры гады на тэрыторыі былога вадасховішча дрэвы паспелі вырасці да сямі метраў. Паводле навукоўца, расліннасць можа стаць своеасаблівым зялёным шчытом ад таксічных цяжкіх металаў, выяўленых у донных адкладах.

Разбурэнне плаціны адкрыла новыя магчымасці і для археолагаў. Сёння на востраве Хорціца, прыкладна за 45 кіламетраў ад якога праходзіць лінія фронту, працуюць экспедыцыі падводных і наземных археолагаў. Пакуль над палявым лагерам рэгулярна пралятаюць дроны і працуе СПА, навукоўцы Інстытута археалогіі Украіны даследуюць аголенае дно.

Паніжэнне ўзроўню вады на 6‑8 метраў і рух мільёнаў тон пяску вынеслі на паверхню артэфакты ад неаліту і бронзавага веку да антычнасці і часоў казацтва. Сярод знаходак — аленевы рог бронзавага веку з апрацаваным кончыкам для нанясення ўзораў на кераміку ці скуру, фрагмент, імаверна, скіфскай керамікі, частка візантыйскай амфары, якар XVIII стагоддзя а таксама човен, выдзеўбаны з суцэльнага ствала дрэва, які праляжаў у вадзе каля тысячы гадоў.

Пагроза новага будаўніцтва плаціны

Цяпер ва Украіне разгарнулася дыскусія пра будучыню Кахоўскага вадасховішча. Яго аднаўленне неабходнае перадусім для арашэння сельскагаспадарчых зямель на поўдні краіны. Неўзабаве пасля разбурэння плаціны ўкраінскі ўрад ухваліў праект падрыхтоўкі да аднаўлення Кахоўскай ГЭС пасля заканчэння вайны.

Аднак гісторыкі, эколагі і археолагі лічаць, што паўторнае затапленне «Вялікага Лугу» прывядзе да страты ўнікальнай прыроднай і гістарычнай тэрыторыі, якая цяпер адраджаецца. Больш за сто ўкраінскіх грамадскіх і навуковых арганізацый выступаюць за ўключэнне яе ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Адпаведны зварот ужо накіраваны ў Міністэрства культуры Украіны і Нацыянальную камісію Украіны па справах ЮНЕСКА.

«Будаўніцтва плаціны было экацыдам, яе разбурэнне было экацыдам, а трэцім экацыдам стане яе аднаўленне», — цытуе выданне словы Паўла Алейніка.

Каментары

Цяпер чытаюць

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу116

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Усе навіны →
Усе навіны

У Баранавічах зніклі трое іншаземцаў9

Названыя апошнія нобелеўскія лаўрэаты ў гэтым годзе1

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра13

Лукашэнка заявіў, што ў Еўропе бяда з прадуктамі і ёсць гатоўнасць дапамагчы19

У Віцебску кіроўца збіў жанчыну і дзіця, што стаялі на астраўку бяспекі

Радаслаў Сікорскі заклікаў еўрапейскія краіны закрыць расійскія консульствы6

У Шклове перад «Дажынкамі» зафарбавалі знакаміты дом з малітвамі8

Армія прыняла на ўзбраенне лазер «Шафран» беларускай распрацоўкі для знішчэння дронаў15

Пад Жыткавічамі BMW разбіўся ўшчэнт аб дрэва. Малады кіроўца цудам выжыў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу116

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць