«Яна змяніла маё жыццё». Маляваныч сустрэў каханне — гэта беларуская мастачка
Яны маглі пазнаёміцца значна раней. Абое бывалі ў іканапіснай майстэрні ў Мінску, але размінуліся. Сабака Вольгі Сіліванчык здымаўся ў тым самым серыяле, што і Аляксандр Ждановіч, і зноў яны не перасекліся. Спатрэбіліся гады, эміграцыя і тэлевізійная вандроўка ў Італію, каб яны нарэшце сустрэліся.

Гэта адбылося 1 снежня 2025 года. Маляваныч прыехаў на ўзбярэжжа каля Рыма здымаць гісторыю беларускай мастачкі. Праз некалькі тыдняў запрасіў яе ў Варшаву. Цяпер яны жывуць паміж Польшчай і Італіяй, разам працуюць з дзецьмі і рыхтуюць выставу.
Некалькі разоў прайшлі побач
Да той снежаньскай сустрэчы Аляксандр і Вольга ніколі не бачыліся. Прынамсі, яны так думалі. Пазней, ужо перабіраючы мінулае, пачалі знаходзіць дзіўныя перасячэнні, пра якія распавялі на ранішнім шоу на «Белсаце».
У маладосці Ждановіч некалькі гадоў вучыўся ў іканапіснай майстэрні. Іканапіс вывучала і Сіліванчык: у 2008 годзе яна прайшла адпаведны курс пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску.
Да таго як цалкам перайсці ў мастацтва, Вольга каля дваццаці гадоў працавала кінолагам. Адзін з яе сабак удзельнічаў у здымках дэтэктыўнага серыяла «Жураў-2». У тым жа серыяле зняўся і Ждановіч: у серыі «122 сантыметры» ён сыграў дырэктара страхавога агенцтва. На здымачнай пляцоўцы іх шляхі зноў размінуліся.
Урэшце, іх звяла эміграцыя і праца. У 2025 годзе Аляксандр Ждановіч стаў вядоўцам трэцяга сезона праекта «Без рэтушы». Ён ездзіў па розных краінах і сустракаўся з беларусамі, якія спрабуюць наладзіць жыццё далёка ад дому. Праз іх лёсы аўтары паказвалі Швецыю, Італію і іншыя краіны — вачыма людзей, якія цяпер жывуць там штодня.
Адной з гераінь стала Вольга Сіліванчык. Яна жыве ў Тарваяніцы на беразе Тырэнскага мора, прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Рыма. Малюе лодкі, пляжы, вуліцы і будынкі, якія мяняюцца разам з сонцам.
Так пачалася гісторыя, якой у сцэнары не было.

Ад «Калыханкі» да вымушанай эміграцыі
Аляксандра Ждановіча ведае некалькі пакаленняў беларусаў. Амаль дваццаць гадоў, з 1996‑га да 2015-га, ён быў вядоўцам «Калыханкі».
Сам Ждановіч — акцёр з дзясяткамі тэатральных і кінароляў. У 1985 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і больш за тры дзесяцігоддзі працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Акрамя гэтага, граў у кіно, ставіў спектаклі, пісаў казкі і працаваў з дзецьмі.
Вольга пазней у шоу скажа: яе сын вырас на «Калыханцы», але вобраз Маляваныча ёй не надта падабаецца. Затое падабаецца сам Ждановіч. Яна сустрэла акцёра Аляксандра, якому ўжо за шэсцьдзесят, які перажыў смерць жонкі, рэпрэсіі і некалькі пераездаў.
Першая жонка Аляксандра, актрыса тэатра лялек Людміла Ждановіч, памерла ў 2015 годзе. У іх засталіся двое дарослых сыноў. Пасля 2020 года Маляваныча затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, асудзілі на суткі і звольнілі з тэатра.
У лютым 2022‑га ён выехаў з Беларусі. Больш за два гады пражыў у Грузіі. У Тбілісі Ждановіч удзельнічаў у беларускіх культурных імпрэзах, ладзіў заняткі для дзяцей, агучваў фільмы і працягваў пісаць казкі. Пераехаць у Польшчу вырашыў, калі беларускае культурнае жыццё ў Грузіі пачало згасаць і рабіць новыя праекты стала ўсё цяжэй.
У Варшаве ён ізноў выступае перад дарослымі і дзецьмі, паказвае батлейку, чытае вершы і прэзентуе ўласныя кнігі. На сустрэчах прызнаецца, што ў ім дагэтуль жыве маленькі хлопчык.

Кінолаг, якая навучылася жыць з мастацтва
Вольга нарадзілася ў Мінску ў 1980 годзе. Яе шлях у мастацтва быў менш прадказальным. Спачатку яна стала кінолагам і амаль два дзесяцігоддзі працавала з сабакамі. Паралельна вучылася жывапісу. У 2008‑м скончыла аддзяленне станковага жывапісу Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава, пазней прайшла курс класічнай анімацыі на «Беларусьфільме», ілюстравала дзіцячыя кнігі і выкладала маляванне ў школе.
У 2013 годзе Вольга пераехала ў Італію. Там мастацтва з захаплення ператварылася ў прафесію і асноўны заробак. Сіліванчык называе сябе імпрэсіяністкай, піша партрэты, нацюрморты і пейзажы, выкладае жывапіс дзецям і дарослым, ладзіць пленэры і кіруе дзіцячай студыяй ArtFabrica.

За апошнія гады яе працы паказвалі ў Італіі, Францыі, Нідэрландах, Партугаліі, Чэхіі, Польшчы і Аўстрыі. У 2023 годзе яна атрымала ў Рыме прэмію імя Рыкарда Брамантэ за ўнёсак у мастацтва і педагагічную працу.
Пасля пратэстаў 2020 года Вольга разам з суполкай «Беларусы Рыма» рабіла вулічныя перформансы, прысвечаныя падзеям на радзіме. У верасні 2026‑га яе працы паказалі ў Балоньі на выставе «Гарызонты ў валізе» — чатыры беларускія мастачкі расказвалі пра жыццё пасля ад’езду, памяць, згубленае пачуццё дому і спробу ўкараніцца ў іншай краіне.
Пава і паўлін паміж Рымам і Варшавай
Пасля здымак у Італіі Аляксандр запрасіў Вольгу ў Варшаву. З таго часу іх жыццё падзелена паміж польскай сталіцай і італьянскім узбярэжжам.
Сімвалам гэтых стасункаў сталі дзве невялікія мельхіёравыя птушкі, пава і паўлін, якія калісьці падарыла Аляксандру сяброўка. Цяпер адна птушка жыве ў Рыме, а другая — у Варшаве.

Пра сваё новае каханне Аляксандр Ждановіч публічна напісаў, калі рыхтаваўся да выставы «Беларускія мастакі ў выгнанні» ў Вене:
«Я маю шчасце пазнаёміцца з неверагодным чалавекам, жанчынай, цудоўнай мастачкай Вольгай Сіліванчык. Яна змяніла маё жыццё. Вярнула веру ў сябе, пашырыла творчыя гарызонты. Адным з вынікаў гэтых стасункаў стала вяртанне да малявання».
Аляксандр Ждановіч прызнаўся, што не мае акадэмічнай мастацкай адукацыі, калі не лічыць некалькіх гадоў пры іканапіснай майстэрні. Жывапіс доўгі час быў ягоным захапленнем: ён вучыўся сам, часам удзельнічаў у выставах, а пазней амаль перастаў браць пэндзаль у рукі. Вярнуцца да жывапісу яму дапамагла Вольга.
Вольга таксама пачала запускаць Аляксандра ў свой творчы свет. Улетку вучні яе італьянскай студыі ArtFabrica малявалі партрэты Маляваныча. Ждановіч прымяраў перад камерай капелюшы, мяняў вобразы і пазіраваў дзецям.
У Варшаве Вольга і Аляксандр запусцілі тэатральна-мастацкую лабараторыю для развіцця дзіцячага ўяўлення. Самі называюць яе «Ларабраторыяй» — з наўмыснай гульнёй у слове. На занятках дзеці малююць, прыдумляюць персанажаў, працуюць з голасам і рухам, складаюць гісторыі і ператвараюць іх у невялікія сцэны.
Магчымасць быць побач
Новы праект пары называецца «Святло-Адчувальнасць». Самі аўтары тлумачаць яго вельмі асабіста:
«Мастачка і акцёр. Двое закаханых людзей, якіх лёс раскідаў па розных краінах. Гэты праект для нас — адна з магчымасцяў быць разам праз мастацтва, праз творчасць».
Праект пройдзе з 17 да 30 лістапада 2026 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. У дзвюх выставачных залах аб’яднаюць два мастацкія светы. Першы — святло Італіі ў пленэрным жывапісе Вольгі Сіліванчык. Другі — беларуская памяць у партрэтах, плакатах і інсталяцыях.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Krychu zdziviła, što spadaryni nie padabajecca vobraz Maliavanyča ŭ prahramach Kalychanka. Vobraz stvorany pad dziaciej i ich fantaziju dy ŭvahu, chiba taki vobraz moža padabacca, abo nie, darosłamu čałavieku ?