Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года
У Беларусі Максіма Стасевіча, які працаваў на Белым моры ў сферы турызму, пакаралі толькі ў 2026 годзе — адміністратыўкай, калі ўсе тэрміны даўніны прайшлі. А вось у Карэліі яго дзеянні палічылі «пагардлівымі адносінамі да заканадаўства Расіі і Беларусі».
Стала вядома пра незвычайны выпадак трансгранічных рэпрэсій у адносінах беларуса Максіма Стасевіча, удзельніка пратэстаў 2020 года. Вярхоўны суд Рэспублікі Карэлія забараніў яму заязджаць у Расію да 17 красавіка 2126 года. Гэта не абдрукоўка — беларусу будуць не рады на працягу 100 гадоў. Усе апеляцыі аказаліся марнымі.
Максім Стасевіч вучыўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці «лінгвіст-выкладчык». У 2020‑м ён удзельнічаў у пратэстах пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
16 жніўня 2020 года Максім з бел-чырвона-белым сцягам ішоў у калоне па праспекце Незалежнасці ў Мінску, як вядома з рашэння суду. У Беларусі яго не прыцягвалі да адказнасці, дый увогуле выглядала, што пра хлопца забылі.
У чэрвені 2021 года Стасевіч пераехаў у расійскую Карэлію. З чэрвеня 2022‑га ён працаваў у дзіцячым лагеры ў Лоўхскім раёне рэспублікі: быў важатым, выкладаў кіналогію і марскі турызм. Жыў там жа, у жыллі, якое даваў працадаўца. На працы яго характарызавалі выключна са станоўчага боку.
Вёска, дзе працаваў беларус, знаходзіцца на ўзбярэжжы Кандалакшскага заліва Белага мора. Замежнікам туды можна трапіць толькі з асаблівым дазволам ФСБ. Такі дазвол у Стасевіча быў да 31 снежня 2023 года, а потым ён яго не падаўжаў.
У снежні 2025 года беларуса затрымалі ў Санкт-Пецярбургу. Аказалася, што цяпер ён у вышуку, і Беларусь хоча, каб яго вярнулі на радзіму. Аднак пракурор Адміралцейскага раёна Пецярбурга вырашыў, што паколькі ўдзел у дэманстрацыі не з’яўляецца па расійскім заканадаўстве крымінальным злачынствам, то і выдаваць Стасевіча Беларусі няма патрэбы. У выніку хлопца проста адпусцілі.
У красавіку 2026 года Стасевіча затрымалі ў карэльскай вёсцы Нільмагуба за тое, што ён знаходзіўся там без дазволу ФСБ. Яго аштрафавалі, таксама паўстала пытанне, ці не выслаць беларуса з краіны. Часцяком за такое высылаюць з Расіі на пару гадоў, але суд вырашыў не дэпартаваць беларуса.
А пасля ўмяшаўся Цэнтр па процідзеянні экстрэмізму МУС Карэліі — гэта аналаг мясцовага ГУБАЗіКа. Паліцэйскія вынеслі рашэнне: забараніць Стасевічу ўезд у Расію на 100 гадоў. Прычына — тое, што беларус «схаваўся ад органа крымінальнага пераследу на тэрыторыі Расіі».
Тады беларусу давялося тэрмінова вырашаць пытанні на радзіме — хутчэй за ўсё, дыстанцыйна. У чэрвені 2026 года Стасевіч падаў хадайніцтва ў Заводскі РАСК Мінска, каб крымінальны пераслед замянілі адміністрацыйнай адказнасцю. У выніку Стасевіча аштрафавалі і канчаткова перагарнулі гэтую старонку.
Пасля гэтага Петразаводскі гарадскі суд Карэліі прызнаў забарону на ўезд Стасевічу незаконнай. Суд адзначыў, што ў Расіі Стасевіч не займаўся ні экстрэмісцкай, ні іншай супрацьпраўнай дзейнасцю.
Але паліцыя не здавалася і патрабавала ўсё ж выслаць Стасевіча. Паводзіны Максіма назвалі «пагардлівым стаўленнем да заканадаўства Расіі і Беларусі». А яго ўдзел у пратэстах у Мінску — «безумоўнай пагрозай грамадскаму парадку, у тым ліку на тэрыторыі Расіі».
У выніку Вярхоўны суд Карэліі выканаў патрабаванне паліцэйскіх. Канчатковае рашэнне — Максім Стасевіч павінен пакінуць тэрыторыю Расіі і не вяртацца да 2126 года.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары