Беларуска набыла BMW у Маскве і папала на грошы — давялося даплаціць яшчэ $12 тысяч, каб ездзіць на аўто
Купля машыны ў расійскім аўтасалоне абярнулася для беларускі знаёмствам са скандальна вядомым расійскім аўтаблогерам Эрыкам Давыдычам і сур'ёзнымі праблемамі пры пастаноўцы аўто на ўлік.

Мара з сюрпрызам
Звычайна расіяне масава едуць па машыны ў Беларусь, а не наадварот, бо часы, калі беларусам было выгадна купляць машыны ў Расіі, даўно сышлі ў мінулае. Тым не менш беларуска Вольга набыла машыну ў падмаскоўных Хімках, бо менавіта там знайшлася BMW у выкананні і камплектацыі, аб якой марыла жанчына.
Такой машынай стала BMW 320 i M sport 2025 года выпуску, за якую беларуска заплаціла каля $73 тысяч.
Як жанчына расказвае ў сацсетках, яна ад самога пачатку папярэдзіла менеджараў аўтасалона «Рольф Прэміум» у Хімках, што яна — грамадзянка Беларусі, купляць машыну будзе на беларускі пашпарт, а ставіць на ўлік плануе ў Мінску. На што ў салоне ёй паведамілі, што праблем у Беларусі не ўзнікне, бо абедзве краіны ўваходзяць у Мытны саюз.
Дзяўчына забрала машыну, паспела абцягнуць яе ахоўнай браняплёнкай і паехала ў Мінск. Але радасць была нядоўгай.
У Беларусі Вользе адмовілі ў пастаноўцы на ўлік і запатрабавалі даплаціць каля $12 000 утылізацыйнага збору. Высветлілася, што аўтамабіль увозіўся на тэрыторыю ЕАЭС праз Кыргызстан па заніжаным інвойсе.
Згодна з дакументамі, BMW, якую прадалі ў Расіі за $73 тысячы, пры імпарце ў Кыргызстан для мытні нібыта каштавала ўсяго 16 600 еўра. Беларуская мытня ў такі смешную цану для BMW 2025 года не паверыла, ацаніла рэальны кошт аўто і выставіла Вользе рахунак на суму, якая была сэканомленая пастаўшчыком пры ўвозе аўто на тэрыторыю ЕАЭС.

Чаму такое адбылося?
Рэч у тым, што яшчэ з 1 ліпеня 2024 года ў Беларусі пачалі па-новаму налічваць утыльзбор на аўто, якія ўвозяцца з краін ЕАЭС — Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана.
Калі з моманту размытнёўкі транспартнага сродку ў адной з краін ЕАЭС прайшло менш за год (а з ліпеня 2026 года адлічваюць два гады), беларускія мытныя органы пры налічэнні ўтылізацыйнага збору абапіраюцца на экспертную ацэнку кошту транспартнага сродку.
У выпадку, калі мытны кошт аўто, заяўлены пры мытным афармленні ў адной з краін ЕАЭС, будзе меншы за кошт, названы ў заключэнні аб незалежнай ацэнцы, то да стаўкі ўтылізацыйнага збору дадаецца розніца паміж мытнымі пошлінамі і падаткамі.
Суму даплат вылічваюць сыходзячы з той сумы, якую трэба было б аплаціць, калі б гэты аўтамабіль ад пачатку размытніваўся ў Беларусі з улікам экспертнай ацэнкі кошту (яна абапіраецца на рынкавы кошт аналагічных тавараў у краінах набыцця).
Такім чынам мытныя органы змагаюцца са спробамі заплаціць зменшаныя мытныя пошліны. У выніку замест стандартнага ўтыльзбору памерам 625 рублёў (каля 210 даляраў) жанчыне налічылі каля $12 тысяч.
Шоу працягваецца
Калі жанчына апынулася ў такой сітуацыі, то звярнулася па юрыдычную дапамогу да вядомага расійскага юрыста-блогера Ярдрэя (Андрэя Падшывалава), кампанія якога мае філіял у Беларусі і ўжо неаднаразова займалася гучнымі справамі ў нашай краіне.

Разам з ім яна прыехала на перамовы ў аўтасалон «Рольф», дзе трапілі на здымкі шоу «Рольф-кантроль», якое вядзе скандальна вядомы аўтаблогер Эрык Давыдыч.
Асноўная пазіцыя «Рольфа» і Давыдыча ў тым, што машына прадавалася для эксплуатацыі ў Расіі, дзе яе на той момант спакойна паставілі б на ўлік, а правяраць тонкасці беларускага заканадаўства аўтасалон не абавязаны.
Праўда, у нейкі момант у бакоў амаль атрымалася дамовіцца. Першапачаткова Давыдыч прапаноўваў беларусцы вярнуць машыну ў салон, а ёй выплацілі б назад усю суму, або абмяняць BMW на нейкі іншы аўтамабіль з тых, што ёсць у продажу.
Такі варыянт не задаволіў беларуску, бо яна ўжо вытраціла месяц і купу нерваў на гэтае аўто, патраціла грошы на аклейку яго ў браняплёнку, а таксама панесла іншыя выдаткі. Апроч таго, сам аўтамабіль яе цалкам задавольваў, бо ён быў менавіта ў тым выкананні, якога яна хацела.
Менавіта праз гэта беларуска і набыла яго не ў Беларусі, а ў Расіі, бо іншых такіх нідзе не было.

Пазней, праўда, «Рольф» ужо быў гатовы не толькі выкупіць назад аўто, але і даставіць яго з Мінска ў Маскву і пакрыць выдаткі на аклейку браняплёнкай. Але дамовіцца не атрымалася, бо, з аднаго боку, Вольга ўсё ж хацела застацца з гэтай BMW, а з іншага, па вяртанні да перамоваў змянілася пазіцыя Давыдыча, які выступаў з боку аўтасалона.
Што далей?
Паводле інфармацыі Ярдрэя, Вольга ўсё ж заплаціла суму, якую запатрабавалі ад яе ў Беларусі, каб паставіць аўто на ўлік.
Далей яна будзе падаваць у суд на прадаўца, каб той кампенсаваў даплату ўтыльзбору, які яна была вымушана даплаціць праз тое, што машына была ўвезеная ў ЕАЭС і размытненая па значна заніжаным кошце.
Вольга пойдзе ў беларускі суд.
Кыргызстан у гісторыі аўто з'явіўся не выпадкова
Адметна, што для Кыргызстана размытнёўка аўто па яўна заніжаным кошце — справа руцінная.
Шэрыя імпарцёры пры афармленні праз Кыргызстан могуць заніжаць рэальны кошт аўтамабіля нават у 3—4 разы.

Менавіта па гэтай прычыне размытнёўка дарагіх аўто ва ўзросце да трох гадоў праз Кыргызстан была нават больш выгаднай, чым 50%-ны дысконт для інвалідаў і шматдзетных пры афармленні па 140‑м указе ў Беларусі.
Для прыкладу, калі пры афармленні аўтамабіля коштам 100 тысяч еўра ва ўзросце да трох гадоў ільготная размытнёўка ў Беларусі абыходзілася ў 24 тысячы еўра, то ў Кыргызстане можна было ўкласціся ў 12—15 тысяч еўра.
Праз гэта менавіта Кыргызстан стаў асноўным пастаўшчыком дарагіх машын у Расію. Праўда, праблемы ў пакупнікоў такіх машын могуць быць не толькі ў Беларусі. Расійская мытня мае права праводзіць камеральную праверку цягам трох гадоў пасля мытнага афармлення. Таму той факт, што машына, размытненая праз Кыргызстан, сёння была пастаўлена на ўлік у Расіі, — не гарантыя таго, што ўласнік не сутыкнецца з праблемамі і адпаведнымі даплатамі ў будучыні. У Беларусі ж гэтыя праблемы яшчэ з лета 2024 года вылазяць адразу пры першаснай рэгістрацыі аўто ў краіне.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Як жа гэта файна, ёй і грошы гатовыя былі вярнуць, і выдаткі пакрыць і дастаўку зрабіць, а ёй усё мала!