Пайшла ў ліквідацыю беларуская «дачка» брэнда New Yorker. Крамы цяпер знікнуць?
Беларуская даччыная кампанія нямецкага брэнда адзення New Yorker пачала працэс ліквідацыі. Інфармацыя пра гэта ў канцы кастрычніка з'явілася ў часопісе «Юстыцыя Беларусі» і Адзіным дзяржаўным рэгістры, заўважыла выданне Office Life.

Кампанія «Нью-Ёркер БЛР» была створана ў верасні 2018 года. Яе асноўным відам дзейнасці з'яўляўся рознічны гандаль адзеннем у спецыялізаваных крамах.
У студзені 2023 года кампанію ўключылі ў спіс прадпрыемстваў, у якіх замежным уласнікам забаронена прадаваць свае долі, выходзіць са складу ўдзельнікаў або праводзіць рэарганізацыю. На той момант у яе было два нямецкія ўласнікі: кампанія «Нью Ёркер Рытэйл Інвестмент ГмбХ», якой належыць 0,01%, і «Нью Ёркер Рытэйл Інтэрнэшнл ГмбХ» з доляй 99,99%. Паводле звестак Office Life, яны па-ранейшаму застаюцца ўласнікамі кампаніі.
Нягледзячы на назву, якая адсылае да амерыканскага Нью-Ёрка, New Yorker — нямецкі брэнд. Першая крама сеткі адкрылася ў 1971 годзе ў горадзе Фленсбург. Цяпер кампанія мае больш за 1300 крамаў у 50 краінах свету.
У Беларусі першая крама New Yorker пачала працаваць у сакавіку 2019 года ў мінскім гандлёвым цэнтры Green City. Цяпер у краіне налічваецца сем крамаў сеткі: пяць у Мінску, па адной у Гродне і Віцебску. Апошняя крама нядаўна адкрылася ў сталічным гандлёвым цэнтры Avia Mall у мікрараёне Мінск-Свет.
Беларускую сетку New Yorker развівае па франшызе група кампаній Rapa, якая належыць бізнэсмену Генадзю Кім-Глозману. У 2018 годзе яна атрымала выключнае права на дыстрыбуцыю нямецкага брэнда ў Беларусі.
Пры гэтым самі крамы ў гандлёвым рэестры зарэгістраваныя на кампанію «НьюФэшн», заснаваную ў кастрычніку 2018 года. Яе адзіным уласнікам з'яўляецца Генадзь Кім-Глозман.
Сярод іншых актываў бізнэсмена — сетка супермаркетаў Green, крама «Местное известное», а таксама некалькі гандлёвых цэнтраў у Мінску, Віцебску, Гомелі і Салігорску. Акрамя таго, яго група кампаній развівае ў сталічным гандлёвым цэнтры «Чэрвеньскі» краму The Brand, дзе прадаецца адзенне беларускіх дызайнераў.
Такім чынам, ліквідацыя «Нью-Ёркер БЛР» не азначае аўтаматычнага закрыцця крамаў: яны аформленыя на іншую кампанію — «НьюФэшн».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары