У Беларусі прадаецца рэдкая манета, якую можна выкарыстоўваць як аб'ектыў у фотаапараце. Што за яна?
У Беларусі выставілі на продаж рэдкую манету, якую можна выкарыстоўваць замест аб’ектыва ў фотаапараце. Разам з ёй прадаецца і спецыяльная камера-абскура, заўважыла выданне Blizko.by.

Манету выпусцілі ў 2006 годзе на Астравах Кука ў гонар 180‑годдзя фатаграфіі. Яна прысвечаная першаму ў свеце фотаздымку, зробленаму з натуры. У 1826 годзе французскі вынаходнік Жазэф Нісефор Ньепс стварыў геліягравюру, якая атрымала назву «Від з акна ў Ле Гра». Для гэтага ён выкарыстаў камеру-абскуру і зрабіў здымак з акна сваёй майстэрні ў маёнтку Гра ў мястэчку Сен-Лу-дэ-Варэн.

На адным баку манеты выяўлены той самы від з акна. Другі бок амаль пусты: на ім ёсць невялікі партрэт каралевы Лізаветы II, надпіс і намінал — два даляры. У цэнтры манеты зробленая маленечкая скразная адтуліна.


Менавіта яна дазваляе выкарыстоўваць манету як аб’ектыў. Калі ўставіць яе ў камеру-абскуру, святло праходзіць праз адтуліну і стварае выяву на фотаплёнцы.

У камплекце ёсць камера-абскура з індывідуальным нумарам, штатыў, шпулька фотаплёнкі Agfa і сертыфікат адпаведнасці.


Усяго выпусцілі 2500 такіх камплектаў. Манета вырабленая са срэбра 925‑й пробы, мае дыяметр 30 міліметраў і змяшчае 10 грамаў чыстага срэбра. Яна захоўваецца ў стане Proof — гэта найвышэйшая калекцыйная якасць чаканкі.
Лот выставілі на продаж за 880 рублёў, што адпавядае прыблізна 294 далярам паводле афіцыйнага курсу Нацбанка Беларусі. Прадавец папярэджвае, што фотаплёнцы ўжо 20 гадоў, таму яе першапачатковыя характарыстыкі маглі змяніцца.

Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары