Меркаванні77

«Для нас, БНФ, вылучэнне Шушкевіча было нажом у спіну». Навумчык і Статкевіч высвятляюць ролю Беларускага згуртавання вайскоўцаў

12 кастрычніка былы палітвязень і ветэран беларускага дэмакратычнага палітычнага руху Мікола Статкевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале тэкст пра кароткую гісторыю створанага ў жніўні 1991 года Беларускага згуртавання вайскоўцаў, ля вытокаў якога яму давялося стаяць. У ім ён сярод іншага крытычна выказаўся пра некаторыя аспекты тагачаснай дзейнасці Беларускага Народнага Фронту, што выклікала пярэчанні з боку іншага вядомага ўдзельніка тых падзей — былога дэпутата Вярхоўнага Савета 12‑га склікання Сяргея Навумчыка. У выніку разгарэлася цэлая дыскусія. 

Падчас пасяджэння Антыкрызіснага камітэта ўсіх асноўных палітычных сіл краіны для абароны незалежнасці. Сярод прысутных — Аляксандр Дабравольскі (крайні злева), Зянон Пазняк (чацвёрты злева), Станіслаў Шушкевіч (стаіць у цэнтры), Мікола Статкевіч і Міхась Ткачоў (крайнія справа)

У сваім тэлеграм-допісе Статкевіч сярод іншага пісаў: 

«Суполкі БЗВ узніклі ў гарнізонах па ўсей тэрыторыі Беларусі. А правядзенне 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску цырымоніі прысягі на вернасць Беларусі дало магчымасць стварыць харугвы БЗВ з вайскоўцаў запасу ва ўсіх раёнах сталіцы.

БЗВ дамаглося стварэння беларускай арміі, стала ініцыятарам стварэння Антыкрызіснага камітэта ўсіх асноўных палітычных сіл краіны для абароны незалежнасці, арганізавала напісанне і публікацыю ў газетах паўтарамільённым агульным накладам кароткага агляду раней забароненай ваеннай гісторыі Беларусі «Забытая слава», рэгулярна праводзіла масавыя святкаванні датаў ваенных перамог нашых продкаў. 

25 сакавіка 1993 года, пасля заявы ўрада Кебіча аб намеры адмовіцца ад нацыянальнай валюты і перайсці на расійскі рубель, БЗВ правяло на галоўным праспекце Мінска марш у абарону незалежнасці пад лозунгам: «Народ, барані сябе сам!» Тысячы мужчын пад барабанны бой пад кіраўніцтвам актывістаў БЗВ прайшлі шыхтамі па праспекце імя Францыска Скарыны. Гэта аказала вялікае ўражанне на ўрад і ад увядзення чужой валюты адмовіліся. Але пасля гэтага Вярхоўны Савет прыняў рашэнне ўнесці змены ў закон «Аб статусе вайскоўцаў», згодна з якімі вайскоўцам забаранялася займацца любой «грамадска-палітычнай» дзейнасцю, што трактавалася ўладамі не толькі як забарона ўдзелу ў працы палітычных партый, але і ў дзейнасці любых грамадскіх арганізацый. Нават «таварыства сабакаводаў», як яны казалі.

У выніку афіцэраў-патрыётаў паставілі перад выбарам — вайсковая служба альбо членства ў БЗВ. Самае прыкрае, што гэтыя змены ў закон падтрымала фракцыя БНФ. Мне дагэтуль не зразумелыя матывы, па якім кіраўніцтва гэтай партыі дапамагло ўраду Кебіча расправіцца з патрыятычнай арганізацыяй афіцэраў. Няўжо з-за банальнай рэўнасці да росту папулярнасці грамадскай арганізацыі? Недарэмна ж тагачасны міністр абароны Казлоўскі ў прысутнасці афіцэрскага сходу Ваеннай акадэміі радасна крычаў мне праз усю залу: «БНФ вас предал!»

Кіраўніцтва БЗВ, каб пазбегнуць звальненняў з войска сваіх паплечнікаў, прыняло рашэнне аб спыненні членства ў арганізацыі ўсіх кадравых афіцэраў, акрамя старшыні арганізацыі. У выніку БЗВ засталося без дасведчанага актыву і прысутнасці ў войску. Арганізацыя атрымала моцны ўдар. А пазней, напачатку 1994 года, з-за ўдзелу яе членаў у ахове забастоўкі рабочых, была пазбаўлена юрыдычнай рэгістрацыі. Пасля чаго была зарэгістравана ўжо пад іншай назвай».

Абвінавачванне БНФ у нібыта саўдзеле ў «расправе з патрыятычнай арганізацыяй афіцэраў» якраз і выклікала вострую рэакцыю з боку Сяргея Навумчыка, які на сваёй старонцы ў фэйсбуку выклаў сваё бачанне тых падзей. На яго думку, БЗВ — «неад’емная старонка найноўшай гісторыі, якая ў будучыні, перакананы, разрасцецца да кніг і доктарскіх дысертацый». Аднак жа

«На вялікі жаль, у сваім допісе шаноўнаму Міколу Статкевічу не ўдалося ў поўнай меры захаваць аб’ектыўнасць, прыпісваючы ўсе пералічаныя ім патрыятычныя ініцыятывы выключна БЗВ, пры гэтым прыніжаючы ролю БНФ і яго парламенцкай фракцыі».

І далей расказвае, як усё, на ягоную думку, рэальна было:

«Не буду падрабязна пісаць, як было арганізавана Апазіцыяй БНФ адзначэнне 75‑х угодкаў БНР, у межах якога адбылося і згаданае Міколам Статкевічам шэсце БЗВ. Адзначу толькі асноўнае: дэпутаты БНФ бралі на сябе адказнасць за практычна ўсе маштабныя масавыя акцыі, выкарыстоўваючы свае дэпутацкія магчымасці. Тое ж тычыцца, дарэчы, і цяпер ужо легендарнай прысягі 8 верасня 1992 года. А таксама — Антыкрызіснага камітэта, пра які згадвае Статкевіч.

Мікола Статкевіч у пачатку 1990-х. Фота: Gazetaby.com 

Давайце ўжо шчыра: без дэпутатаў ні старшыня КДБ Шыркоўскі, ні міністр МУС Ягораў, ні іншыя чыноўнікі нікога з лідараў БЗВ не сталі б нават слухаць. Я не кажу, што гэта правільна — наадварот, тое была заганная практыка, але толькі дэпутацкі статус гарантаваў (па Законе аб статусе дэпутата) правядзенне пэўных мерапрыемстваў.

На вялікі жаль, таго ўражання, пра якое піша Статкевіч, шэсце на ўрад Кебіча не зрабіла. Што не дзіўна: урад, які кантраляваў амаль стотысячнае ўзброенае войска, не магло напалохаць шэсце хай і патрыятычна настроеных, ахвярных, але бяззбройных людзей (ніякай зброі ў афіцэраў запасу — актывістаў БЗВ, зразумела, не было).

Падводзіць памяць шаноўнага Міколу Статкевіча і ў тым, што ў выніку гэтага шэсця «ад увядзення чужой валюты адмовіліся». Наадварот.

Праз некалькі месяцаў, 8 верасня 1993 года, у Маскве было падпісана Пагадненне аб аб’яднанні грашовых сістэм Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі, якое прадугледжвала ўвядзенне ў якасці адзінага плацежнага сродку расійскага рубля. Ад РФ яго падпісалі прэм’ер-міністр Віктар Чарнамырдзін і старшыня Цэнтрабанка РФ Віктар Герашчанка, ад Беларусі — старшыня Саўміна Вячаслаў Кебіч і старшыня Праўлення Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

Працэс атрымаў сваё развіццё 5 студзеня 1994 года, калі Чарнамырдзін і Герашчанка заявілі пра пераход на расійскі рубель, а Герашчанка і Багданкевіч падпісалі сумнавядомае «Міжбанкаўскае пагадненне», у якім быў распісаны механізм пахавання беларускай банкаўскай сістэмы. А 12 красавіка 1994‑га ў той жа Маскве была падпісаная фінальная Дамова аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі. На шчасце, аб’яднання не адбылося: Масква жадала цалкам падпарадкаваць сабе Нацбанк Беларусі, кіраўніцтва Нацбанка з гэтым не пагадзілася, і ў маі 1994‑га было вымушана абвясціць беларускі рубель адзіным плацежным сродкам».

Натуральна, не мог абысці ўвагай Сяргей Навумчык і закіданую Статкевічам нібыта «здраду» БЗВ з боку БНФ, калі дэпутаты ад апазіцыі падтрымалі закон «Аб статусе вайскоўцаў», які забараняў кадравым вайскоўцам удзел у грамадска-палітычнай дзейнасці. Ён тлумачыць сапраўдную матывацыю таго рашэння:

«Што да «рэўнасці» — яе не было і быць не магло: ніякія тагачасныя апытанні не зафіксавалі папулярнасці лідараў БЗВ хаця б у межах арыфметычнай хібнасці, у гэтым лёгка пераканацца, пагартаўшы тагачасную і афіцыйную, і незалежную прэсу.

Няўдзел вайскоўцаў у палітычнай дзейнасці (ці дзейнасці, якая мае выразна палітычны характар) — агульнапрынятая норма ў дэмакратычных краінах. Ці ў тых, якія імкнуцца да дэмакратыі.

З гэткім жа поспехам можна папракнуць тых жа дэпутатаў БНФ, што яны дамагліся дэпартызацыі прадпрыемстваў (а гэта доўгі час быў адзін з галоўных лозунгаў дэмсіл) — бо па-за межы прахадной завода ці НДІ выводзіліся не толькі прыхільнікі марксізму-ленінізму, але і актывісты таго ж БНФ ды дэмпартый.

Закон не можа мець селекцыйны характар.

Верагодна, можна было і не падтрымліваць закон. Але тады ў вайсковых частках напоўніцу дзейнічалі б і фактычна адноўленая камуністычная партыя, і шавіністычныя, праімперскія арганізацыі, якія актывізаваліся якраз у 1993 годзе (і, нагадаю, падтрымалі як Кебіча, гэтак і Лукашэнку).

Вельмі шкада, што, памятаючы выкрык міністра абароны Казлоўскага, што нібыта БНФ «предал» ягоных паплечнікаў, шаноўны Мікола Статкевіч забываецца на іншае.

Менавіта Апазіцыя БНФ на заканадаўчым узроўні (падкрэсліваю: не ў форме артыкулаў у прэсе, а — законапраектаў) вынесла прапанову пра вяртанне афіцэраў-беларусаў з былых рэспублік СССР на радзіму, іх уладкаванне на службу ў беларускім войску. Больш за тое: быў арганізаваны камітэт «Вяртанне», які ўзначаліла дэпутат Апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава. Сотні афіцэраў-беларусаў удалося вярнуць (на жаль, не ўсіх). І менавіта Апазіцыя БНФ арганізавала акцыю падтрымкі афіцэраў БЗВ, якіх пачалі звальняць з войска (яшчэ да прыняцця згаданых паправак у закон). І менавіта актывісты БНФ сабралі подпісы пад лістом у падтрымку БЗВ, пад якім падпісаліся грамадскія і культурныя дзеячы, уключна з Васілём Быкавым — і дэпутацкая апазіцыя БНФ у поўным складзе».

Далей жа Навумчык ужо не толькі абараняе добрае імя БНФ, але і пераходзіць у атаку, згадваючы іншыя нюансы тагачаснага палітычнага жыцця:

«Між іншым, мне невядома ніводнага слова падтрымкі БЗВ (ва ўсякім разе, публічнага) ад чалавека, які меў непараўнальна большую ролю за ўсіх тых падпісантаў разам узятых — ад старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Якога ў пачатку 1994 Мікола Статкевіч на пленуме кіраўніцтва БСДГ вылучыў кандыдатам у прэзідэнты; абсалютнае права Статкевіча, але, выглядае, экс-спікеру адразу была прабачаная рэальная пазіцыя бяздзейнасці, тады як дэпутатам БНФ праз дзесяцігоддзі вылучаюцца несправядлівыя фантомныя прэтэнзіі.

Выкрэсліванне БНФ і яго дэпутацкай фракцыі з нацыянальнай гісторыі зрабілася сістэмным і мяне ўжо не здзіўляе, і шкада, што да гэтага далучыўся і Мікола Статкевіч.

Мне вельмі непрыемна абвяргаць, спрачацца, удакладняць — тым больш калі даводзіцца гэта рабіць у адносінах да аўтараў, з якімі, мяркую, у нас, пры ўсіх разыходжаннях, была і застаецца агульная мэта — незалежнасць Беларусі.

Але нас, дэпутатаў, застаецца ўжо няшмат, з кожным годам хтосьці сыходзіць у Вечнасць, і як былы каардынатар Апазіцыі БНФ у ВС-12 рабіць гэта я лічу сваім абавязкам — хаця б дзеля памяці тых, хто адказаць ужо не можа».

Статкевіч гэты вялікі тэкст без адказу не пакінуў, перадаўшы тлумачэнні адносна выкладзенага ў ім праз свайго паплечніка Сяргея Спарыша. На ягоную думку, Сяргей Навумчык «запамятаваў некаторыя дэталі»:

«Так, акцыю з нагоды гадавіны Дня Волі ініцыяваў і рыхтаваў БНФ. Але БЗВ таксама рыхтавалася да яе, каб правесці вядомы марш у абарону незалежнасці. Толькі рабілі мы гэта не ў газетах, а персанальна.

Мы сфармавалі свае раённыя харугвы з дапамогай спісаў вайскоўцаў запасу, якія прымалі прысягу 8 верасня 1992 года (пра якую, у тым ліку ролю ў яе падрыхтоўцы БНФ, я нядаўна пісаў), пасля чаго ставілі подпісы і пакідалі каардынаты. Пасля працавалі з імі, праводзілі раённыя сходы, дзе абіраліся кіраўнікі харугваў. Мы разам з імі прымалі рашэнне пра марш, праз гэтую сетку і сабралі людзей на марш.

Акцыя была супольнай. Дэманстрацыя БНФ і марш БЗВ. Толькі ў дэманстрацыі брала ўдзел заўважна меньшая колькасць людзей, чым у Маршы. Што, мабыць, не спадабалася арганізатарам дэманстрацыі.

Цяпер пра эфект Марша: у дзяржаўных медыя і Вярхоўным Савеце пачалася сапраўдная істэрыка. Марш назвалі «маршам баевікоў». Папраўкі ў закон «Аб статусе вайскоўцаў» былі прынятыя з-за гэтага, і ўсе дэпутаты выдатна разумелі, што яны скіраваныя канкрэтна на ліквідацыю БЗВ. Два дэпутаты з фракцыі БНФ, якія ўваходзілі ў БЗВ (Лявон Дзейка і Віталь Малашка), сутыкнуліся з ціскам лідара фракцыі, але адмовіліся падтрымаць папраўкі супраць БЗВ.

Пагадненне пра пераход на расійскі рубель ужо рыхтавалася да падпісання. Пасля Марша Кебіч затармазіў і закрыў тэму ва ўласцівай яму манеры — шляхам зацяжак, пераносаў і дадатковых перамоў.

Сяргей, мабыць, запамятаваў, што ў 1991 годзе ён разам з Вярхоўным Саветам забараняў дзейнасць кампартыі ў Беларусі. Праз пэўны час забарону знялі, але каб уявіць, што гэты тады ўжо пенсіянерскі клуб здолее стварыць свае злавесныя ячэйкі ў войску, дзе камуністы згубілі ўсялякую павагу ў афіцэраў пасля пакорлівага выканання каманды «Разыйсціся!», трэба мець багатую фантазію.

Калі паглядзець відэа святкавання 75‑годдзя БНР (яго, здаецца, можна пабачыць на гістарычным праекце Gazetaby пад назвай «Марш баевікоў»), то можна ўбачыць уразлівую розніцу паміж дэманстрацыяй БНФ і маршам БЗВ. Як колькасную, так і энергетычную.

Пасля няўдалай спробы БНФ распусціць Вярхоўны Савет праз прызначаны самім Вярхоўным Саветам (!) рэферэндум аўтарытэт гэтай партыі ўпаў. На яе акцыі прыходзіла вельмі мала людзей. Можна сказаць, што БЗВ сваім удзелам уратавала святкаванне 75‑годдзя БНР. А яны аддзячылі».

Адказаў Статкевіч і на пытанне Навумчыка, чаму ў 1994 годзе ягоная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя на прэзідэнцкіх выбарах падтрымала не Зянона Пазняка, а Станіслава Шушкевіча, хоць той у свой час не падтрымаў ініцыяванага БНФ у 1992 годзе рэферэндуму аб пераабранні ў новых палітычных умовах Вярхоўнага Савета, а пасля нібыта ні слова не сказаў у падтрымку звальняных з войска сябраў БЗВ:

«Таму, што там разумелі адсутнасць у яго (Пазняка. — Рэд.) шанцаў на перамогу, у тым ліку з-за адрыву ад рэальных праблем і турбот большасці выбаршчыкаў, неразумення гэтых праблем і турбот. Многіх грамадоўцаў — дэпутатаў фракцыі БНФ — насцярожваў і стыль кіравання Пазняка. А сябры кіраўніцтва БЗВ памяталі, хто спрычыніўся да знішчэння іх арганізацыі. Чаму Шушкевіч? Таму што іншых настолькі вядомых беларускамоўных палітыкаў не было.

Гэта няпраўда, што рэферэндум не адбыўся па віне Шушкевіча. Бо рэферэндум прызначае Вярхоўны Савет большасцю галасоў. Як трэба не разумець людзей, каб думаць, што большасць дэпутатаў прагаласуюць за пазбаўленне сябе грашовай і прывілеяванай працы? Калі б не прызначылі галасаванне па рэферэндуме, яго вынік быў бы аднолькавым.

Станіслаў Шушкевіч у той час, як быў старшынёй Вярхоўнага Савета. За яго спінай злева — тагачасны міністр абароны Павел Казлоўскі

Стаўка на збор 400 тысяч галасоў толькі за ўнясенне прапановы аб рэферэндуме ў Вярхоўны Савет, які будзе вырашаць, ці праводзіць рэферэндум, — заведама правальная, знясільваючая стратэгія, якая і выклікала крызіс даверу да нацыянальных сіл».

Сяргей Навумчык пасля таго разгорнута пракаментаваў у фэйсбуку і гэтыя сцвярджэнні Статкевіча, паабяцаўшы таксама ўключыць іх без ніякіх купюр у тэкст сваёй кнігі «Дзевяноста чацвёрты», калі будзе яе перавыдаваць. Але пры гэтым падкрэсліў: 

«Мы тады ні слова папроку не сказалі калегам з БСДГ, але для нас, фронтаўцаў, тое вылучэньне Шушкевіча было «нажом у спіну» (зрэшты, пасля адкліканьня подпісаў дэпутатаў БСДГ за Карпенку, што для Генадзя абярнулася сыходам з выбараў, выказваць прэтэнзіі неяк не выпадала).

І далей працягвае выкладаць сваё бачанне тых лёсавызначальных у беларускай гісторыі падзей:

«Папракаць дэпутатаў БНФ у ліквідацыі БЗВ (што робіць шаноўны Мікола сістэматычна) — гэта, мякка кажучы, несправядліва. Але я ўжо прыводзіў аргументы на гэты конт, не буду паўтарацца.

Адносна непадтрымкі Пазняка і вылучэння Шушкевіча.

Напачатку нагадаю, што фракцыя БСДГ у поўным складзе ўваходзіла ў склад Апазіцыі БНФ у ВС-12, а яе лідар Алег Трусаў (пасля смерці Міхася Ткачова — і старшыня партыі) быў намеснікам старшыні Апазіцыі БНФ Зянона Пазняка. Мы разам распрацоўвалі законапраекты, эканамічныя праграмы, разам арганізоўвалі масавыя ды іншыя акцыі. Я мог месяцамі не згадаць, што дэпутат А. — член БСДГ, а дэпутат Б. — член БНФ. Мы былі як адно цэлае.

Алег Трусаў і Сяргей Навумчык (крайнія справа) у парламенцкай зале падчас аднаго з пасяджэнняў

Я не чуў у 1990—1994 гадах ні ад самога Статкевіча, ні ад каго-небудзь з «грамадоўцаў» ні слова, ні паўслова адносна «стылю кіравання Пазняка».

Пры тым, што на пасяджэннях Апазіцыі мы выказваліся абсалютна шчыра, пры патрэбе крытыкавалі прапановы і дзеянні адзін аднаго, і Пазняк зусім не быў выключэннем (скажам, асабіста я ўвесь час спрачаўся з Зянонам Станіслававічам наконт ягоных адносін з журналістамі). Паверце, у нас (дэпутатаў Апазіцыі) дыскусіі дасягалі вельмі моцнай напружанасці, некаторыя падрабязнасці сыдуць са мной у магілу. Але таго, пра што піша шаноўны Мікола, я ні ад кога не чуў.

Роўна як не чуў крытыкі ідэі правядзення рэферэндуму з боку БСДГ — за выключэннем аднаго выпадку, калі на Сойме БНФ намеснік старшыні Мінгарсавета і сябра БСДГ Анатоль Гурыновіч выказаў сумнеў, што рэферэндум удасца правесці. І я пра гэта напісаў у сваёй кнізе «Дзевяноста другі».

Падчас працы над ёй я вывучыў усе даступныя мне дакументы і ўсю даступную мне прэсу — з іх вынікае, што шаноўны Мікола Статкевіч ніякіх сумненняў не выказаў, нічога падобнага, пра што ён піша цяпер, не казаў. Магчыма, я нешта прагледзеў — буду ўдзячны, калі прадставіць тагачасную публікацыю, у якой ён выступае супраць рэферэндуму і прыводзіць цяперашнія аргументы.

Але, як вядома, БСДГ рэферэндум падтрымала. Заўважу, што калі Управа БНФ заявіла, што кіраўніцтва БСДГ не адразу падтрымала ідэю рэферэндуму (нагодай, калі не памыляюся, быў той самы выступ Гурыновіча), лідар БСДГ Міхась Ткачоў у газеце «Свабода» абверг гэта. Цытата: «Навошта абвінавачваць Грамаду ў тым, што яна нібыта не адразу падтрымала ідэю рэферэндуму» («Свабода», № 1, люты 1992). Увогуле, Ткачоў быў не тым чалавекам, каб, бачачы бесперспектыўнасць ідэі, рэалізацыя якой запатрабуе вялізных высілкаў у тым ліку і ад яго партыі, змаўчаць і не заявіць пра гэта публічна.

Сяргей Навумчык і Зянон Пазняк на адным з вулічных мерапрыемстваў БНФ у першай палове 1990-х

Такім чынам, БСДГ (як і ўсе без выключэння іншыя дэмпартыі) выступіла за рэферэндум. І тое было правільна: рэферэндум аб датэрміновых парламенцкіх выбарах быў адзіным законным шляхам змяніць уладу, якая не адпавядала патрэбам толькі што адноўленай беларускай дзяржавы.

«Як трэба не разумець людзей, каб думаць, што большасць дэпутатаў прагаласуюць за пазбаўленне сябе грашовай і прывілеяванай працы?» — піша Статкевіч. Гучыць прыгожа, але не адпавядае рэальнасці:

у жніўні 91‑га тая самая большасць дэпутатаў прагаласавала за спыненне дзейнасці КПСС, пазбавіўшы сябе працы ў ЦК, абкамах і райкамах. Не кажучы ўжо што прагаласавалі за Незалежнасць, супраць якой зацята выступалі днём раней. Па логіцы Статкевіча, мы ўвогуле не павінны былі дамагацца склікання Сесіі Незалежнасці — бо які сэнс, усё роўна не прагаласуюць.

Прагаласавалі пад уплывам абставін, уздзеяннем грамадскіх настрояў і ціску дэпутатаў Апазіцыі БНФ.

І грамадскія настроі ў канцы 1991-га, калі вылучалася ідэя рэферэндуму, былі за тое, каб змяніць уладу. І вясной 92-га, калі сабралі неабходныя подпісы, — таксама. Настроі былі цалкам дастатковымі, каб націснуць на Вярхоўны Савет.

Так, Шушкевіч не мог прызначыць рэферэндум, але ён мог (і быў абавязаны) склікаць сесію, як толькі подпісы былі сабраныя. Ён мог рабіць гэта і раней, са сваім тагачасным рэйтынгам даверу ў народа ў 52%, выступіўшы з ініцыятывай сам. Але не зрабіў нават таго, што мусіў зрабіць на ўжо падрыхтаваным БНФ, БСДГ і іншымі арганізацыямі.

Працытую фрагмент артыкула Юрася Хадыкі (між іншым, галоўнага апанента Пазняка ўнутры БНФ): «Падчас збору подпісаў у лютым — сакавіку 1992 ён рознымі сродкамі процідзейнічаў гэтай кампаніі, высмейваючы то фармулёўку, то тэрмін правядзення выбараў. Ён спрыяў таму, што вынікі працы ЦВК, гатовыя ўжо на пачатку мая, не былі разгледжаныя на вясновай сесіі ВС, а сам Вярхоўны Савет пайшоў на паўгадавыя канікулы» («Свабода», 6 лютага 1994).

Толькі ўдумайцеся, ужо па-за межамі тэмы рэферэндуму: яшчэ года няма адноўленай дзяржаве, кожны дзень вызначальны — а Шушкевіч распускае ВС на паўгадавыя канікулы! Апазіцыя БНФ, у тым ліку і дэпутаты БСДГ, пастаянна патрабавала ад яго склікання сесіі, але — безвынікова.

У выніку сесія была скліканая толькі ўвосені, калі сітуацыя змянілася: глыбокі эканамічны і сацыяльны крызіс прымусіў насельніцтва думаць ужо не пра палітыку, а пра банальнае фізічнае выжыванне. Актыўнасць змянілася апатыяй. І забарона рэферэндуму не выклікала грамадскага рэзанансу. Як палітык з вялікім стажам Мікола Статкевіч цудоўна ведае, што эканамічны крызіс далёка не заўсёды спараджае палітычную актыўнасць, і што настроі грамадства могуць змяніцца цягам некалькіх месяцаў, а не тое што года.

На самой жа сесіі Шушкевіч актыўна выступаў супраць рэферэндуму.

Мы (БНФ, але не толькі — Статкевіч таксама, бо тады ён быў з намі, ва ўсякім разе лічыць інакш падстаў не было) сапраўды зрабілі адну памылку — не прадугледзелі здраду з боку Шушкевіча. А мусілі б — бо ён неаднаразова даваў для гэтага нагоду (як, напрыклад, у часе красавіцкага страйку 91-га, калі ён стаў на бок наменклатуры).

І за гэтую памылку бяру на сябе сваю частку адказнасці».

Каментары7

  • Не хочуць Пазняку ў попу дуць, ніхто акрамя сектантаў
    13.10.2026
    А Навумчык спрабуе ўсіх упэўніць у святасці Пазняка і БНФ. Не спрацуе, таму што гэта хлусня, ніхто не святы. Ва ўсіх ёсць памылкі.
  • Статкевіч мае рацыю
    13.10.2026
    Таму, што там разумелі адсутнасць у яго (Пазняка. — Рэд.) шанцаў на перамогу, у тым ліку з-за адрыву ад рэальных праблем і турбот большасці выбаршчыкаў, неразумення гэтых праблем і турбот. Многіх грамадоўцаў — дэпутатаў фракцыі БНФ — насцярожваў і стыль кіравання Пазняка. А сябры кіраўніцтва БЗВ памяталі, хто спрычыніўся да знішчэння іх арганізацыі. Чаму Шушкевіч? Таму што іншых настолькі вядомых беларускамоўных палітыкаў не было.
  • Вось так
    13.10.2026
    Гэта вылучэнне Пазняка было нажом у спіну Беларусі, Шушкевіч мог аб'яднаць беларусаў і выйграць у другім туры, а Пазняк не. Пазняк раскалоў электарат і спрацаваў на перамогу Лукашэнкі.

Цяпер чытаюць

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну24

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Карней: Будзе каманда — зробяць усё, каб і з годам трымаць у закладніках хоць пяцігодку, хоць болей

«А дзе ўсе?» Белдзяржцырк шукае адразу 15 работнікаў. У каментарах — шапіто6

АНТ запусціла інтэлектуальнае шоу, у якім трэба адгадваць кадры з расійскіх серыялаў «Універ» і «Татавы дочкі»13

Амерыканская паліцыя атрымала ШІ-інструмент, які вызначае дом па адным фота інтэр’ера2

Як за паўкватэры: беларусы падлічылі, колькі аддалі за арэнду жылля ў Мінску за доўгія гады7

КНДР выпрабавала балістычную ракету і заявіла пра «вялікі поспех»

У воку выявілі невядомую раней сістэму ачышчэння. Гэта можа дапамагчы ў барацьбе са слепатой1

Удар па Харкаве: параненыя 11 чалавек, пад заваламі дома знайшлі целы трох чалавек

Зорка серыяла «Ва ўсе цяжкія» Ар-Джэй Міт памёр ва ўзросце 34 гадоў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну24

Таксістка з Таджыкістана насмерць збіла беларуску ў Польшчы — і спакойна пакінула краіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць