Таджык спрабаваў увезці ў Беларусь суму, у чатыры разы большую за дазволеную
Аператыўная мытня распачала яшчэ адну крымінальную справу праз незаконнае перамяшчэнне праз мяжу буйной сумы наяўных грошай. У мінскім аэрапорце ў грамадзяніна Таджыкістана знайшлі незадэклараваныя больш за 40 тысяч даляраў.

Грамадзянін Таджыкістана прыляцеў у Нацыянальны аэрапорт Мінск рэйсам з Ташкента. Для праходжання мытнага кантролю мужчына выбраў зялёны калідор, прызначаны для пасажыраў без тавараў, якія падлягаюць дэклараванню.
Аднак падчас мытных аперацый супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні знайшлі ў яго больш за 40 тысяч даляраў ЗША і 21 тысячу ўзбекскіх сумаў. Агульная сума больш чым у чатыры разы перавышала ўстаноўлены ліміт для перамяшчэння грошай без мытнага дэкларавання.

Крымінальную справу распачалі паводле часткі 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Гэтая норма прадугледжвае пакаранне аж да пяці гадоў пазбаўлення волі, а таксама канфіскацыю грашовых сродкаў.
Мытныя органы нагадваюць, што пры перамяшчэнні праз мытную мяжу сумы, якая перавышае эквівалент 10 тысяч даляраў ЗША, неабходна ісці праз чырвоны калідор і запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю. За незаконнае перамяшчэнне грошай эквівалентых суме звыш 30 тысяч даляраў ЗША прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Каментары