У воку выявілі невядомую раней сістэму ачышчэння. Гэта можа дапамагчы ў барацьбе са слепатой
Канадскія навукоўцы выявілі ў задняй частцы вока сістэму, праз якую выводзяцца лішняя вадкасць і прадукты абмену рэчываў. Адкрыццё можа дапамагчы ў распрацоўцы новых метадаў лячэння глаўкомы і іншых захворванняў, якія пагражаюць стратай зроку.

Больш за сто гадоў навукоўцы лічылі, што вока ў адрозненне ад большасці іншых органаў не мае ўласных лімфатычных сасудаў. Яны дапамагаюць выводзіць з тканак лішнюю вадкасць і прадукты абмену рэчываў, а таксама адыгрываюць ролю ў імуннай абароне арганізма.
Гэтыя ўяўленні пачалі мяняцца ў 2009 годзе, калі даследчыкі выявілі звязаны з лімфатычнай сістэмай шлях адтоку вадкасці ў пярэдняй частцы вока. Аднак тое, як выводзяцца вадкасць і прадукты абмену рэчываў з задняй часткі вока, доўгі час заставалася недастаткова вывучаным.
Асаблівае значэнне гэта мае для сятчаткі — святлоадчувальнай абалонкі вока, якая спажывае шмат энергіі і пастаянна ўтварае прадукты абмену рэчываў. Менавіта сятчатка і прылеглыя да яе тканкі пакутуюць пры шэрагу цяжкіх захворванняў, здольных прывесці да незваротнай страты зроку.
Невядомы шлях адтоку вадкасці
Як паведамляе ScienceDaily, даследчыкі з Універсітэта Брытанскай Калумбіі і Універсітэта Таронта правялі серыю эксперыментаў на мышах, каб высветліць, як вадкасць выводзіцца з задняй часткі вока.
Для гэтага яны ўвялі спецыяльныя флуарэсцэнтныя маркеры ў вузкую прастору ў задняй частцы вочнага яблыка, а затым адсочвалі іх перамяшчэнне з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі, інфрачырвонай візуалізацыі і мікраскапіі.
Даследчыкі выявілі пад сятчаткай вока дробныя лімфатычныя сасуды, пра існаванне якіх раней не было вядома. Яны прасачылі, як вадкасць выходзіць з задняй часткі вока ў тканкі, а адтуль трапляе ў лімфатычную сістэму арганізма. Уведзеныя навукоўцамі маркеры ўжо праз некалькі хвілін знайшліся ў найбліжэйшых лімфатычных вузлах.
Выяўлены шлях атрымаў назву POLO — ад англійскага posterior ocular lymphatic outflow, што азначае «лімфатычны адток з задняй часткі вока».
Навукоўцы мяркуюць, што гэтая сістэма можа дапамагаць выводзіць лішнюю вадкасць, бялкі і рэчывы, звязаныя з запаленнем.
Ці дапаможа адкрыццё ў барацьбе са слепатой?
Адкрыццё можа мець значэнне для вывучэння глаўкомы, узроставай макулярнай дэгенерацыі і іншых захворванняў, якія прыводзяць да пагаршэння або страты зроку. Іх развіццё можа суправаджацца парушэннямі рэгуляцыі вадкасці, назапашваннем прадуктаў абмену рэчываў і запаленчымі працэсамі.
Калі даследчыкам удасца высветліць, як узмацніць працу новай сістэмы ачышчэння, гэта можа дапамагчы распрацаваць метады лячэння, накіраваныя на абарону сятчаткі. Акрамя таго, вывучэнне гэтага шляху можа адкрыць новыя магчымасці для дастаўкі лекаў у глыбокія структуры вока.
Аднак пакуль гаворка ідзе толькі пра перспектывы. Сістэму POLO выявілі ў мышэй, і навукоўцам яшчэ трэба высветліць, як яна працуе ў чалавека і ці ўплываюць парушэнні яе дзейнасці на развіццё захворванняў.
Каментары