Сырскі ўпершыню распавёў пра свой канфлікт з экс-міністрам абароны Міхаілам Фёдаравым
«Ён лічыў, што лепш ведае нашы патрэбы». У інтэрв’ю BBC Аляксандр Сырскі заявіў, што прычынай спрэчак з Міхаілам Фёдаравым былі фінансаванне арміі і закупкі ўзбраенняў.

Паводле былога галоўнакамандуючага, Фёдараў аддаваў перавагу закупкам дронаў, ігнаруючы іншыя патрэбы войскаў. У выніку арміі не хапала наземных робатаў і іншага абсталявання. Сам экс-міністр раней абвінавачваў Сырскага ў блакаванні ініцыятыў і інтрыгах.
Як патлумачыў генерал, Генштаб складаў план закупак на падставе заявак ад войскаў. Аднак міністр, паводле Сырскага, размяркоўваў грошы паводле ўласных прыярытэтаў: напрыклад, фінансаваў закупкі дронаў адразу на год, тады як закупкі наземных рабатызаваных комплексаў і іншага неабходнага абсталявання не праводзіліся.
«Ён лічыў, што лепш ведае нашы патрэбы, што можна не звяртаць увагі на нашы патрэбы», — сказаў Сырскі.
На пытанне, ці быў ён супраць павелічэння закупак дронаў, генерал адказаў адмоўна. Ён кажа, што фронт трэба забяспечваць збалансавана: адначасова закупляць беспілотнікі, боепрыпасы, наземных робатаў і транспарт. Пры гэтым, паводле яго, нават пастаўкі дронаў былі выкананыя толькі напалову.
Фёдараў пасля свайго звальнення выказваў супрацьлеглыя прэтэнзіі. Ён сцвярджаў, што Сырскі перашкаджаў працы міністэрства, якое зэканоміла каля 100 мільёнаў долараў на тэндарах па закупцы артылерыйскіх снарадаў і яшчэ мільярды — на закупках дронаў.
«Я сутыкнуўся з тым, што нашы ініцыятывы проста блакаваліся. Сырскі аказаўся гатовым плесці інтрыгі, гаварыць за спінай і сцвярджаць, нібыта супраць яго нехта «замовіў кампанію», — заяўляў экс-міністр абароны.
Уладзімір Зяленскі, тлумачачы звальненне ў 2026 годзе абодвух, казаў, што канфлікт узнік праз умяшанне ў чужую сферу адказнасці. На пытанне, хто менавіта ўмешваўся, Сырскі адказваць не стаў і адзначыў, што рашэнне аб звальненні было ў паўнамоцтвах прэзідэнта.
Каментары