Расія актыўней плануе замахі на кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных кампаній
Некалькі кіраўнікоў абаронных кампаній за апошнія паўгода ўзмацнілі сваю ахову па рэкамендацыі дзяржаўных службаў бяспекі.

Расія пашырае дыверсійныя і гібрыдныя аперацыі ў Еўропе. Яна актыўней плануе замахі на кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных прадпрыемстваў, у тым ліку кампаній, якія выпускаюць беспілотнікі і кампаненты для іх, паведамляе Financial Times са спасылкай на свае крыніцы. Займаецца гэтым ГРУ.
Расія такім чынам хоча аслабіць падтрымку Украіны ў той час, калі ў расійскіх войскаў няма істотных поспехаў на фронце.
Планы Крамля па планаванні замахаў часткова пацвердзіў кіраўнік нямецкай контрразведкі Сінан Селен. Выступаючы перад дэпутатамі Бундэстага, ён казаў, што Расія плануе гвалтоўныя дзеянні супраць асобных людзей з выкарыстаннем дзяржаўных структур або падкантрольных ім выканаўцаў.
Некалькі кіраўнікоў абаронных кампаній за апошнія паўгода ўзмацнілі сваю аховы па рэкамендацыі дзяржаўных службаў бяспекі. Хтосьці выкарыстоўвае ахову толькі ў замежных паездках.
ГРУ для сваіх аперацый за мяжой усё часцей супрацоўнічае з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі і вярбуе за грошы аднаразовых агентаў.
Выданне піша, што некаторыя напады еўрапейскія спецслужбы ўжо змаглі прадухіліць.
Але важны і псіхалагічны эфект ад такіх пагроз. «Ужо прымушаючы людзей адчуваць, што яны могуць стаць мішэнню, яны [у Крамлі] дамагаюцца эфекту. Яны хочуць, каб людзі двойчы падумалі, перш чым весці бізнэс з Украінай», — сказаў прадстаўнік адной з разведак.
Каментары