Культура11

«Постмадэрністычнае нахабства». У Полацку гістарычны правіянцкі склад ХVIІІ стагоддзя пераробяць пад гатэль

Былы правіянцкі склад на Верхнім замку, які быў адрэстаўраваны ў мінулым дзесяцігоддзі, хочуць надбудаваць на цэлы паверх дзеля гасцінічных нумароў.

Рэндар праект рэканструкцыі правіянцкага склада пад гатэль. Фота: ІнЭр Буд

На тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку рыхтуецца рэканструкцыя помніка архітэктуры ранняга класіцызму пад гатэльна-рэстаранны комплекс. Заяўленая інвестарамі рэстаўрацыя помніка архітэктуры абернецца яго фактычнай перабудовай з узвядзеннем новага паверха і пазбаўленнем ад аўтэнтычнага тынку.

Як піша выданне «Полацкі веснік», 9 кастрычніка 2026 года на тэрыторыі гістарычнага будынка па вуліцы Замкавай, 5 адбылася нарада з удзелам першага віцэ-прэм'ера Беларусі Мікалая Снапкова. Генеральны дырэктар кампаніі-інвестара «Скарб Сэрвіс» Ігар Жабароўскі прэзентаваў план адаптацыі аб'екта пад буцік-гатэль. Сам будынак быў набыты кампаніяй у 2025 годзе.

Рэндар праект рэканструкцыі правіянцкага склада пад гатэль. Фота: ІнЭр Буд

Агульны аб'ём інвестыцый ацэньваецца на 8,5 мільёна рублёў. Праект прадугледжвае стварэнне 17 нумароў на 36 месцаў на другім і новым паверхах. На першым паверсе размесціцца рэстаран, а побач запланавана ўзвядзенне асобнага павільёна на 48 месцаў для ўрачыстасцей. Актыўны этап будаўнічых работ павінен пачацца ў 2027 годзе.

Правіянцкі склад у Полацку. Фота: radzima.org

Распрацоўкай праектнай дакументацыі займалася прадпрыемства «ІнЭр Буд» пад навуковым кіраўніцтвам Уладзіслава Руты. Афіцыйна заяўляецца, што пры рэалізацыі праекта робіцца акцэнт на захаванні аўтэнтычнасці, аднак апублікаваныя рэндары паказваюць шэраг канструктыўных і візуальных змен.

Узровень даху плануецца прыпадняць для абсталявання паўнавартаснага трэцяга паверха з суцэльным стужкавым шкленнем. На адным з рэндараў паказана, што пад вывеску гатэля збіваецца тынкоўка да голай цэглы. Спецыялісты звяртаюць увагу, што такі прыём парушае сіметрычную кампазіцыю фасада.

Рэстаўрацыя ў будынка ў 2008 годзе. Фота: Полацк: мінулае і сучаснасць
Рэстаўрацыя ў канцы 2000‑х гг. Фота: Полацк: мінулае і сучаснасць

У канцы 2000‑х — пачатку 2010‑х гадоў у будынку ўжо была праведзена грунтоўная і дарагая навуковая рэстаўрацыя. Тады былі ўмацаваныя фундаменты, заменены дах, адноўлены гістарычныя праёмы і аркі. 

«Зараз зроблена даволі добрая рэстаўрацыя. З увагай да дэталяў і да колераў. Некалі гэты аб'ект спецыяльна хадзілі глядзець як добры прыклад, а калегі прасілі падабраць падобны колер афарбоўкі металу, які вельмі добра перадае характар гістарычнай паціны», — пракаментаваў праект беларускі архітэктар-рэстаўратар, які пажадаў застацца ананімным.

На гэтым тле цяперашні праект перабудовы выклікае ў прафесійнай супольнасці вострае непрыманне. Эксперты паказваюць на састарэлы падыход і поўнае неразуменне аўтарамі сутнасці працы з гістарычнымі аб'ёмамі.

«Прапанова — постмадэрністычнае нахабства, якое не мае нічога агульнага з рэстаўрацыяй і аховай спадчыны, — адзначае спецыяліст. — Так праектавалі і «разумелі» помнікі ў 1990-2000‑х учорашнія архітэктары-мадэрністы, якія наглядзеліся карцінак у часопісах, нешта пачулі пра «кантраст новага і старога», але так нічога і не зразумелі ў сістэме вартасцей гістарычнага аб'екта.

Тут вялікія пытанні да кампетэнтнасці і сумленнасці навуковага кіраўніка, які «абгрунтоўвае» такія рашэнні. Бо прапанова проста знішчае цэльнасць успрымання аб'ёму: абразае дах і стварае агрэсіўны працяглы кампазіцыйны разрыў. Калі адкласці метадалагічныя супярэчнасці, то тут і архітэктура бездапаможная зусім. Тыя ж самыя задачы можна было вырашыць з густам, з захаваннем цэласнасці помніка».

Будынак у забудове Верхняга замка ў Полацку. Фота: ІнЭр Буд

Будынак таксама абцяжараны вельмі сціснутымі ўмовамі, бо ад вуліцы, на якой ён стаіць, ён аддзелены агароджай закрытай тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча. Інвестар хоча атрымаць дадатковы зямельны надзел пад паркоўку. 

Былы правіянцкі склад з'яўляецца помнікам архітэктуры ранняга класіцызму і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2‑й катэгорыі (рэспубліканскага значэння). Двухпавярховы будынак быў пабудаваны ў 1772‑1778 гады паводле праекта губернскага архітэктара Івана Зігфрыдана пасля ўваходжання Полацка ў склад Расійскай імперыі. Яе галоўны фасад гістарычна вызначаўся манументальнасцю, быў дэкарыраваны вуглавымі пілястрамі, нішамі з лучковымі перамычкамі і завяршаўся вальмавым дахам з буйным цэнтральным франтонам. Да пачатку рэканструкцыі будынак знаходзіўся ў здавальняючым стане з адноўленым тынкаваным фасадам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • .
    11.10.2026
    Чаму постмадэрнізм выкарыстоўваецца як сінонім неадукаванасці і бязглуздасці?
    Па-першае, не кожнае "намяшаць у кучу" ўжо можна назваць постмадэрнізмам. Каб гуляць з сэнсамі і цытатамі, трэба добра разумець тыя сэнсы і цытаты.
    Па-другое, любы твор, у тым ліку, постмадэрнісцкі мае права на існаванне, але толькі не ў выпадку, калі ён знішчае іншы твор. А няправільная рэстаўрацыя гэта знішчэнне, не творчасць ў постмадэрне, сінкрэтызме, кітчу або чымсьці яшчэ.

Цяпер чытаюць

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай24

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай

Усе навіны →
Усе навіны

Аэрастаты вяртаюцца на поле бою: як іх выкарыстоўвае Украіна і ці могуць яны абараніць масты Кіева

Гэтыя мінскія каты маюць уласны гардэроб і наведваюць рэстараны — як жывецца Азуру і Прушы ФОТЫ10

Мінская кампанія прапануе працу 10‑ці кіроўцам таксі. Абавязковая ўмова — веданне туркменскай мовы11

У Маларыце амаль цалкам высахла мясцовае возера. Што з ім сталася?1

На Дажынках у Калінкавічах заўважылі трактар з паролем паўстанцаў 1863 года21

У ЗША падчас страляніны ў прыватным доме загінулі 9 чалавек1

Ірландыя прапануе скараціць бюджэт Еўрасаюза на 8%. Іншыя яшчэ больш радыкальныя5

А1 дазволілі аказваць паслугі хостынгу і электроннай пошты1

Новы ўкраінскі закон мае спрасціць жыццё беларусам, якія засталіся без дзейных дакументаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай24

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць