«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы». Беларусы расказалі, на чым і як ашчаджаюць
Ад якіх выдаткаў можна лёгка адмовіцца, на чым рэальна ашчадзіць, а за што грошы выкладваюцца без агаворак, і не важна, пра якую суму ідзе гаворка? Выданне Myfin спытала пра гэта ў сваіх чытачоў, якія падзяліліся сваім вопытам размеркавання фінансаў.

«Няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы»
Уладзімір, 58 гадоў, супрацоўнік прыватнага прадпрыемства
«Узровень даходаў у мяне невысокi, таму жыву па сродках. Маючы аўтамабіль, у межах горада стараюся перамяшчацца на грамадскім транспарце. Не раблю запасаў ежы, купляю ўсё толькі самае свежае.
У мяне нават халадзільніка няма, каб ежу складаваць. Вырашыў для сябе, што няхай за захоўванне прадуктаў плацяць крамы. Плюс такога падыходу ў тым, што я, як мінімум, эканомлю на электраэнергіі. Узімку, дарэчы, мяне выручае «савецкі халадзільнік» — ніша пад акном, якая ёсць у большасці хрушчовак.

У рацыёне я пастаянна выкарыстоўваю мяса птушкі і рыбу, заўсёды бяру вельмі шмат гародніны. На сняданак у мяне традыцыйная яешня на цыбульнай «падушцы», на абед і вячэру магу прыгатаваць гарнір з мясам і салатам. Цукар практычна не ўжываю, магу дазволіць сабе трохі добрага алкаголю.
Гатую сам — навучыўся і вельмі гэтым задаволены. Дарэчы, пры выбары прадуктаў выкарыстоўваю формулу, якой са мной калісьці падзяліўся адзін вельмі добры чалавек. Яна гаворыць, што спачатку трэба вызначыць у выбранай нішы самы танны і самы дарагі тавар, а потым купляць той, які будзе каштаваць трохі даражэй, чым самы танны.
На адзенне зараз я практычна не выдаткоўваю, у мяне ўсё ёсць. Хіба што абутак час ад часу даводзіцца купляць. Вось нядаўна набыў скураныя туфлі ў «Мегатопе» на акцыі ўсяго за 69 рублёў, мяне гэта цана цалкам задавальняе.
Адзінае, за што гатовы плаціць без агаворак і поўны кошт, дык гэта за якасную турыстычную экіпіроўку. Плюс я захапляюся велатурызмам і не ашчаджаю на запчастках для ровара, адно сядло да якога каштуе 100 еўра.
Паколькі я не аматар балбатаць па тэлефоне, то ў аператара Life, напрыклад, карыстаюся базавым тарыфам, які мне абыходзіцца ў 8 рублёў на месяц. Асноўны нумар у мяне ўвогуле прывязаны да МТС з тарыфам «Блізкі» па 68 капеек на месяц. Па гэтым нумары я не тэлефаную, а толькі прымаю ўваходныя.
Што тычыцца хатняга інтэрнэту, то я выкарыстоўваю byfly і кожны год пры перазаключэнні дамовы атрымліваю на год зніжку ў памеры 25% — думаю, што гэтым лайфхакам карыстаюцца многія.
Яшчэ адзін спосаб эканоміі — выкарыстанне банкаўскіх картак з манібэкам. У мяне іх некалькі, і кожная прызначаная для тых ці іншых пакупак. Сумарна ў месяц такім чынам я вяртаю сабе парадку 10‑15 рублёў.
Увогуле з узростам я стаў дастаткова прыжымістым. Можна нават сказаць, што скнарай. Я і ў маладосці не лічыў сябе марнатраўцам, але тады было значна больш спакус і падманных мэтаў. Цяпер прыйшло разуменне таго, што існуюць сапраўдныя каштоўнасці — здароўе і душэўная раўнавага.
Таму ідэя дэманстратыўнага спажывання тавараў і паслуг з выстаўленнем сваіх набыткаў напаказ мне агідная. А яшчэ я перастаў траціць грошы на тое, каб заваяваць прыхільнасць супрацьлеглага полу».
«Практычна не купляем садавіну і гародніну, а замест мора адпачываем на лецішчы»
Валянціна, 63 гады, пенсіянерка
«Не скажу, што мы з мужам калісьці моцна ашчаджалі, заўсёды жылі ў адносным дастатку. Але з гадамі ўсё ж выпрацаваліся звычкі, якія дазваляюць больш рацыянальна распараджацца грашыма. Напрыклад, мы практычна не купляем садавіну і гародніну, бо ўсё неабходнае вырошчваем на лецішчы. Натуральна, узімку ў ход ідуць хатнія нарыхтоўкі, а не купленыя сокі і саленні. Нават хрэн хатні і аджыку я гатую сама.
З часоў маладосці ў нас захавалася звычка выбіраць у крамах танныя, але дастаткова якасныя прадукты: навошта пераплачваць за тыя ж хлеб і малако?
Дарэчы, цяпер, калі ў мяне дастаткова шмат вольнага часу, хлеб я пяку сама і нават навучылася рабіць сыры ў хатніх умовах. Вядома, на ўсім гэтым эканомія капеечная выходзіць, але яна ўсё роўна ёсць.

Хутчэй ужо па звычцы, а не дзеля эканоміі, я ашчаджаю кожную анучку і пускаю ў справу любое рыззё. Напрыклад, са старых рэчаў шыю пледы і пакрывалы ў тэхніцы пэчворк, а зношаныя джынсы выкарыстоўваю для вырабу аб'ёмных авосек, іх цяпер шоперамі называюць.
У чым я сабе не адмаўляю, так гэта ў доглядавай касметыцы — нават у маім узросце хочацца выглядаць прывабна. Таму на крэмах, бальзамах і пенцы для мыцця я не ашчаджаю.
А вось ад падарожжаў мы з мужам адмовіліся даволі лёгка. З улікам таго, што на дваіх у нас пенсія выходзіць 1600 рублёў на месяц, раз на год з'ездзіць на мора мы можам сабе дазволіць. Але ў нас ужо трое ўнукаў, а ў сына купленая кватэра ў крэдыт. Так што стараемся дзецям дапамагаць па меры магчымасцяў, а замест мора адпачываем на лецішчы».
«Ашчаджаю практычна на ўсім, каб выглядаць добра»
Крысціна, маладая спецыялістка, 24 гады
«У студэнцкія гады я асабліва не задумвалася над тым, куды і на што трачу грошы. Жыла з бацькамі, якія куплялі прадукты, а таксама давалі мне некаторыя сумы на абутак, адзенне, касметыку, забавы. Калі былі якія-небудзь падпрацоўкі (я па прафесіі настаўніца англійскай мовы), то атрыманыя грошы траціла на сябе.

Зараз я ўжо другі год на адпрацоўцы, жыву ў невялікім райцэнтры на здымнай кватэры разам з яшчэ адной дзяўчынай. Палова кошту арэнды мне кампенсуецца, у выніку на жыллё разам з камуналкай выдаткоўваю ад сілы 80‑120 рублёў на месяц. Аднак заробак пакуль невялікі — выходзіць прыблізна 1300‑1400 рублёў на рукі.
На чым я зараз ашчаджаю? Ды практычна на ўсім, каб выглядаць добра і стыльна. Таму што адна брэндавая рэч кшталту касцюма ад Mango можа каштаваць палову майго заробку. За абноўкамі звычайна езджу ў Мінск, часам нешта купляю ў сябе ў родным Гомелі.
Нармальны манікюр у майстра раз на тыдзень — гэта 30‑40 рублёў, ды і да касметолага хаця б раз на месяц стараюся хадзіць. А гэта яшчэ мінімум 80 рублёў. Плюс касметыка, якасны парфюм (я аддаю перавагу брэнду Valentino) абыходзяцца нятанна.
Бацькі, дарэчы, мне дагэтуль матэрыяльна дапамагаюць. Але агулам я жыву па прынцыпе назапашвання сродкаў, якія потым трацяцца на якія-небудзь сур'ёзныя куплі.
Мабыць, ежа — гэта самая нязначная частка маіх расходаў. Для сябе я гатую пад настрой, аддаю перавагу выкарыстанню недарагіх паўфабрыкатаў. Гародніну і садавіну звычайна перадаюць бацькі разам з хатняй кансервацыяй, крупамі, мясам. Ну і ў школьнай сталовай купляю пастаянна абеды — выходзіць сытна і адносна нядорага.
Я ўвогуле не трачу грошы на грамадскі транспарт, бо ад кватэры да месца працы магу дайсці за 10 хвілін пешшу. Гэта ў сярэднім дазваляе ашчаджаць 50‑60 рублёў на месяц. А вось ад філіжанкі кавы ў кавярні не магу пакуль адмовіцца, гэта адна з нешматлікіх радасцяў у жыцці. Магчыма, з часам я куплю сабе добрую кавамашыну, але пакуль пару разоў на тыдзень дазваляю сабе такую раскошу за 5‑7 рублёў».
«Не гатовы плаціць за ежу ў кавярнях і рэстаранах»
Яўген, 53 гады, менеджар
«Нядаўна я вырашыў паставіць на сабе эксперымент — спрабую пражыць месяц на мінімальную заработную плату, якая пасля выплаты падаткаў складае 739 рублёў, а ўсё, што зверху — адкладаць. Што магу сказаць? У жніўні эксперымент скончыўся крахам, а за два тыдні верасня я спакойна ўклаўся ў 300 рублёў і пры гэтым ні ў чым сабе не адмаўляў.
Адразу пачну з таго, за што я гатовы пераплачваць грошы. За ежу. Ем я няшмат, але люблю, каб усё было смачна. Таму нягледзячы на тое, што сам па адукацыі кухар, аддаю перавагу куплі гатовых страў, загадзя ведаючы, што я за іх аддам больш.
Пры гэтым я ашчаджаю час на іх прыгатаванні — самы, на мой погляд, каштоўны чалавечы рэсурс. Аднак я не гатовы плаціць за ежу ў кавярнях і рэстаранах — не бачу сэнсу пераплачваць за атмасферу і забавы, калі можна проста паесці дома.
На чым я адносна нядаўна стаў ашчаджаць? На аўтамабілі. Ездзіць асабліва ім зараз няма куды, таму выдаткі на паліва зведзеныя да мінімуму. Яшчэ практычна не купляю сабе новыя рэчы, бо з адзення і абутку ўсё ёсць. У гэтым годзе, напрыклад, купіў сабе толькі адну майку на рынку за 20 рублёў».
«Павяліся на бясплатную экскурсію і пакінулі там $500». Беларуска расказала пра адпачынак у В'етнаме
Завязлі ў магнітных пясках і здзівіліся цэнам у кавярнях. Беларус расказаў, як з'ездзіў з сям'ёй на машыне ў Грузію
«Убачыла ў Польшчы Conte — шакавала цана». Беларусы расказалі, што вязуць з Польшчы, а што — назад
«Заўсёды хочацца больш». Як трацяць грошы беларусы з заробкам 5—6 тысяч рублёў
«У дзень на ежу трацім 30—40 BYN». Як жыве ў Беларусі сям'я з даходам 3 000 BYN
Каментары
Я часто закупаюсь замороженными продуктами за полцены по акциям, экономия составляет часто десятки евро (например, 40 пицц по 2 евро вместо 4),
Максим Дизайнер, ты?