Тэлеграм-канал, створаны лукашэнкаўцамі, пералічвае прыкметы таго, што Расія рыхтуецца згарнуць вайну.

«Ужо пэўны час узмацняецца тэндэнцыя да заканчэння СВА, — піша тэлеграм-канал «Белорусскій сіловік», эўфемізм «СВА» яны на ўзор расіян выкарыстоўваюць для называння вайны супраць Украіны. — Шмат хто з маіх падпісчыкаў [з Расіі] з розных сфер ужо працяглы час дасылае інфармацыю пра тое, што паўсюдна ідзе «выкрэсліванне» згадак пра СВА з штодзённага жыцця. Вы можаце проста паназіраць за гэтым найбліжэйшым часам пасля прачытання допісу.
Недаўна я добра-такі пасмяяўся, калі адзін сяброўскі адмін, які размяшчае рэкламныя інтэграцыі вялікіх расійскіх карпарацый, даслаў вялікі спіс слоў, якія не мусяць публікавацца ў канале, каб гэта рэкламная інтэграцыя выйшла. Сярод гэтых слоў было ўсё, што звязана з вайной, і, на мой здзіў, нават згадка расійскага лідара.
Бізнес заўсёды задае трэнды раней, чым яны становяцца відавочнымі», — падсумоўвае канал.
Расследаванне «Нашай Нівы» выявіла, што за каналам «Белорусскій сіловік» стаіць афіцэр Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Артур Гайко. Рыторыка канала заўсёды была агрэсіўнай, з праслаўленнем вайны і рэпрэсій і распальваннем нянавісці да Украіны і дэмакратыі.
«Усе вакол, вядома ж, хочуць міру. Я ў тым ліку. Ужо і не палічыць, колькі людзей, якім я дапамагаў праз свой канал, больш мне ніколі не адкажуць. Пытанне толькі ў тым, якім коштам будзе дасягнуты гэты мір», — двухсэнсоўна піша аўтар канала.
Гэта прачытваецца дваіста: або як шкадаванне пра тыя сотні тысяч расійскіх сілавікоў, якія сталі ахвярамі імперскіх амбіцый, або як крытыку гатоўнасці Масквы скончыць вайну, так і не дабіўшыся яе мэтаў. Або і тое, і тое.
Рост страт расійскай арміі прывёў да спынення расійскага наступу. У 2025 годзе Расія акупавала менш за 1% тэрыторыі Украіны коштам страты прыкладна 150 тысяч вайскоўцаў забітымі. За 10 месяцаў 2026 года Расія заняла каля 0,1% тэрыторыі, прытым што страты перавышаюць мінулагоднія. Такі кошт прасоўвання можа быць непрымальны нават для абясчалавечанага расійскага грамадства.
Дваістая рыторыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спараджала ў Крамля надзеі, што яму ўдасца спакусіць Вашынгтон на падзел Еўропы на сферу ўплыву ўзамен за допуск амерыканскіх карпарацый да распрацоўкі расійскіх прыродных рэсурсаў. Напад ЗША і Ізраіля на Іран прывёў да скачка цэнаў на энерганосьбіты, які не толькі прынёс звышпрыбыткі амерыканскім нафтагазавым кампаніям, але і напоўніў расійскі ваенны бюджэт. Аднак дапамога краін Еўропы кампенсавала Украіны страту амерыканскай падтрымкі, украінская армія выстаяла. А правал трампістаў на выбарах у Кангрэс канчаткова паставіў пад сумнеў спадзяванні Крамля.
Паказальна, што новы раўнд перамоваў па Украіне Масква і Вашынгтон адкладалі на пасля выбараў у Кангрэс.
За тыдзень перад перамовамі Украіна нанесла ўдары па сямі нафтаперапрацоўчых комплексаў Расіі, вывеўшы з ладу да 30 працэнтаў магутнасцей. У выніку з панядзелка 9 лістапада «Раснафта» ўвяла абмежаванні на продаж паліва на ўсіх запраўках Расіі.
На перамовах у Абу-Дабі ўпершыню прысутнічаў камандуючы сіламі NATO ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч — прыкмета таго, што Масква пайшла на больш прадметныя размовы. На перамовы ўпершыню прыбыла і еўрапейская дэлегацыя, з якой каардынуе свае дзеянні ўкраінскі бок.
Каментары