У Мінску прадаюць дом з уласным басейнам, пра які можна марыць. Але цана кусаецца
У катэджнай забудове каля Цнянскага вадасховішча, непадалёк ад новага жылога комплексу «Паўночны бераг», выставілі на продаж двухпавярховы дом з уласным басейнам. Што ў ім адметнага і колькі просяць?

Раён на паўночным беразе Цнянскага вадасховішча, дзе сёння стаяць дарагія катэджы, яшчэ не так даўно быў мінскім прыгарадам. Тут знаходзілася вёска Цна-Ёдкава, якая мае даволі даўнюю гісторыю.
У 1982 годзе побач стварылі Цнянскае вадасховішча, а ў 1990‑х мясцовасць пачалі актыўна асвойваць пад катэджную забудову. Старыя вясковыя хаты паступова апынуліся ў суседстве з вялікімі асабнякамі. У 2004 годзе Цну ўключылі ў склад Мінска. З таго часу тут з'явілася яшчэ больш прыватных дамоў, прычым самых розных архітэктурных стыляў.

Сёння гэта адзін з раёнаў сталіцы, дзе можна жыць ва ўласным доме побач з лесам і вадасховішчам. Непадалёк жылы комплекс «Паўночны бераг».
Менавіта ў гэтай мясцовасці, на вуліцы Асвейскай, 8, цяпер прадаюць двухпавярховы катэдж, пабудаваны ў 2021 годзе. Яго агульная плошча — 428,3 квадратнага метра, жылая — 205,5. Дом знаходзіцца на першай берагавой лініі Цнянскага вадасховішча.

Участак плошчай 9,5 соткі. Да дома вядзе асфальтаваная дарога. На тэрыторыі зрабілі ландшафтны дызайн: роўны газон, дэкаратыўныя дрэвы і кусты, дарожкі з пліткі. Ёсць парковачныя месцы перад участкам і на ім, а таксама гараж на два аўтамабілі.

Задні двор адвялі пад адпачынак. Тут знаходзіцца вялікая тэраса з садовай мэбляй і зонай барбекю. Тэрыторыя абгароджаная, устаноўленыя аўтаматычныя вароты і вонкавае асвятленне.
Унутры дома пераважаюць светлыя колеры, глянцавыя паверхні і аздабленне пад мармур.

На першым паверсе знаходзіцца прасторная кухня-гасцёўня з выхадам на тэрасу. Адкрытае памяшканне падзелена на некалькі функцыянальных зон. Кухня з белымі шафамі і люстраной сцяной займае адну частку прасторы. Побач размясцілася сталовая з вялікім абедзенным сталом, белымі крэсламі незвычайнай формы і залатымі шарападобнымі свяцільнямі.

У зоне адпачынку стаіць вялікая светлая вуглавая канапа, насупраць якой размешчаны тэлевізар. Увесь інтэр'ер вытрыманы ў белых і крэмавых адценнях, на падлозе ляжыць глянцавая плітка з мармуровым малюнкам. На другі паверх вядзе белая лесвіца. Прастору вакол яе ўпрыгожваюць люстэркі і падвесныя свяцільні ў выглядзе залатых шароў.

Акрамя таго, на першым паверсе ёсць асобны пакой, які можна выкарыстоўваць як кабінет ці творчую майстэрню, гардэробная, санвузел і гаспадарчыя памяшканні — кацельня, пральня і кладоўка.

Адна з галоўных асаблівасцяў дома — уласная спа-зона. Тут абсталяваны крыты басейн з супрацьплынню — сістэмай, якая стварае штучную плынь і дазваляе плаваць на месцы. Памяшканне аздоблена цёмнай глянцавай пліткай з мармуровым малюнкам, а на столі зрабілі геаметрычную падсветку.

Праз вялікія вокны адкрываецца від на задні двор. Побач ёсць душавая і памяшканне, у якім можна абсталяваць парылку.

На другім паверсе размешчаныя дзве майстар-спальні. У кожнай ёсць асобная гардэробная і ўласны санвузел.

Інтэр'еры спальняў адрозніваюцца. У адной стаіць масіўны цёмны ложак з абіўкай і дэкаратыўнай сцяжкай, па баках — класічныя тумбачкі з настольнымі лямпамі.

Другая спальня аформленая ў светлых бэжавых адценнях. Тут стаіць вялікі ложак з мяккім падгалоўем. Дзве сумежныя сцены амаль цалкам зашклёныя. Панарамныя вокны да падлогі прапускаюць шмат натуральнага святла. Іх закрываюць доўгія бэжавыя шторы, а ўздоўж столі зроблена мяккая падсветка. У пакоі таксама ёсць кандыцыянер і тэлевізар.

Ёсць на гэтым паверсе і яшчэ адзін жылы пакой.
Але найбольш незвычайна выглядае вялікая зала з панарамным шкленнем амаль па ўсім перыметры. У адрозненне ад іншых памяшканняў дома, тут пад столлю пакінулі адкрытыя чорныя металічныя фермы, а ўздоўж іх размясцілі геаметрычныя свяцільні.

На падлозе — буйная глянцавая плітка. Паводле аб'явы, памяшканне можна выкарыстоўваць як трэнажорную залу, зімовы сад або хатні кінатэатр.

У доме газавае ацяпленне, цёплая падлога і ўнутрыпадлогавыя канвектары. Падведзеныя электрычнасць 380 В і цэнтральны водаправод. Каналізацыя аўтаномная (септык). Ёсць інтэрнэт, відэаназіранне і відэадамафон.
За катэдж просяць 5,6 мільёна рублёў, або каля $1,87 мільёна.
Каментары