Каханне і сэкс

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу

У 2024 годзе кантэнт-менеджарка Настасся Антанюк здзейсніла своеасаблівы камінг-аўт. «У мяне не было сэксу два гады, нягледзячы на колькасць ахвотных са мной пераспаць», — заявіла яна. Тады дзяўчына распавяла «Нашай Ніве» пра вымушаны працяглы перыяд без інтыму праз няякасных кандыдатаў вакол.

Настасся Антанюк. Тут і далей — фота з асабістага архіва

Мы звязаліся з Настассяй амаль праз тры гады, каб распытаць, што змянілася ў яе жыцці. Спойлер: дзяўчына дагэтуль у пошуках партнёра, але найперш ёй непакояць побытавыя праблемы. Як высветлілася, Настасся сышла з IT-кампаніі, дзе працавала раней, і пакуль не можа знайсці новую працу, зарабляе на жыццё стварэннем кантэнту 18+.

Чытайце: «У мяне не было сэксу два гады, нягледзячы на колькасць ахвотных са мной пераспаць». Беларуска расказала, чаму жыве без інтыму

«Першапачаткова я думала зарабляць на прыгожых ню-фатаграфіях, але з часам зразумела, што без вялікай аўдыторыі атрымліваць такім чынам добрыя грошы складана. Таму мне давялося перайсці да стварэння значна больш дарослага кантэнту. У нейкі момант я ўсвядоміла, што ўвесь час пераступаю праз сябе. З аднаго боку, я разумею, што не хачу гэтым займацца, а з іншага — мне патрэбна плаціць за кватэру, купляць прадукты і на нешта жыць», — шчыра прызнаецца Настасся.

«На піку я зарабляла каля $ 2000‑3000 на месяц»

Настасся жыве ў Гданьску. Сацыёлаг па адукацыі, як і многія беларусы, яна з’ехала з роднай краіны пасля ўдзелу ў пратэстах-2020 супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Толькі на арэнду кватэры дзяўчыне патрэбна больш за $800 кожны месяц, і гэта не было праблемай, пакуль яна не згубіла асноўную працу.

«Агулам мне заўсёды падабалася эстэтыка ню-фатаграфіі, і ў 2021 годзе я ўпершыню рашылася на такую здымку. Тады я перажывала расстанне, і гэта стала для мяне адным са спосабаў адчуць сябе лепш і проста захаваць прыгожыя фатаграфіі на памяць», — згадвае дзяўчына.

«У 2024 годзе, ужо жывучы ў Варшаве, я зноў пачала браць удзел у падобных здымках. У нейкі момант адзін з фатографаў прапанаваў мне стварыць старонку на OnlyFans. Ён сказаў, што я магла б зарабляць на сваіх фатаграфіях, а ён дапамагаў бы мне рэгулярна здымаць новы матэрыял. Я падумала: чаму б і не? Тым больш, шмат сваіх здымкаў я і так публікавала ў сацыяльных сетках. Здавалася цалкам лагічным паспрабаваць яшчэ і зарабіць на гэтым».

Аднак Настасся падкрэслівае, што ніколі не збіралася здымаць дарослы сэксуальны кантэнт (тым больш — відэа), ёй хацелася проста эстэтычных ню-фатаграфій.

«Але ў выніку тое, што планавалася як эксперымент, ператварылася ў асноўную крыніцу прыбытку. Зараз я сапраўды працягваю займацца гэтым перадусім па фінансавых прычынах. Я хачу сысці з індустрыі».

На піку Настасся магла зарабляць 2‑3 тысячы даляраў у месяц, але толькі да таго моманту, пакуль не перагарэла. Яшчэ год таму ў яе з’явіліся першыя званочкі: яна прымушала здымаць сябе дарослыя відэа і ўдзельнічаць у эратычных стрымах. Нядаўна нервы здалі канчаткова і яна расплакалася амаль у працэсе стрыму.

Праз унутраны канфлікт і дыскамфорт прыбытак упаў у некалькі разоў.

«Цяпер я атрымліваю значна менш, бо паступова скарачаю сваю дзейнасць на OnlyFans і хачу канчаткова сысці з гэтай сферы. Я б хацела развеяць міф пра тое, што на гэтай платформе можна лёгка зарабляць вялікія грошы.

Калі ты не быў(-ла) знакамітасцю яшчэ да рэгістрацыі на платформе, трэба падрыхтавацца да велізарнага аб'ёму працы, і такая занятасць можа быць нават цяжэйшай за звычайную офісную працу. Перадусім таму, што паступова губляецца мяжа паміж працай і асабістым жыццём. Ты ўвесь час думаеш пра тое, што трэба зняць, апублікаваць, як прыцягнуць новых падпісантаў і ўтрымаць цікавасць тых, хто ўжо на цябе падпісаны. Да гэтага дадаецца псіхалагічная нагрузка, злучаная з грамадскім асуджэннем. Прычым справа не толькі ў абразах у інтэрнэце. Нават калі ў штодзённым жыцці ніхто цябе не асуджае, ты ўсё адно разумееш, што твая праца лічыцца ў грамадстве нечым ганебным».

«Маці спачатку не ўхваліла майго выбару»

Сама Настасся сутыкнулася з хейтам выключна ў сацсетках, у тым жа твітары, дзе на яе падпісана больш за 20 тысяч чалавек.

«У рэальным жа жыцці я практычна ніколі не сутыкалася з асуджэннем. Хіба што маці спачатку не ўхваліла майго выбару, калі даведалася, чым я займаюся. Але з часам яна лепш зразумела, чаму я прыйшла да гэтай працы, і стала ставіцца да гэтага спакайней. Цяпер яна бачыць, што я спрабую знайсці іншую крыніцу прыбытку, і ўсяляк мяне падтрымлівае. Сябры і знаёмыя таксама ніколі мяне не асуджалі».

Як сацыёлаг па адукацыі дзяўчына нават разабрала стыгматызацыю сэкс-працы на сваім ютуб-канале, які хоча развіваць далей.

«З эканамічнага пункту гледжання сэкс-працу цалкам можна лічыць працай. Бо чалавек аказвае паслугу ці стварае кантэнт і атрымлівае за гэта грошы. Пры гэтым прастытуцыя, здымкі ў порна і продаж эратычнага кантэнту на OnlyFans — вельмі розныя заняткі. Умовы працы і звязаныя з ёй рызыкі таксама адрозніваюцца, таму нельга судзіць пра ўсю сэкс-індустрыю па нейкай адной яе частцы», — лічыць суразмоўца.

У тым ліку Насця ніколі не сутыкалася з асуджэннем з боку мужчын, якія праяўлялі да яе інтарэс.

«Мяне неаднаразова запрашалі на спатканні мужчыны, якія загадзя ведалі, што ў мяне ёсць OnlyFans і ставіліся да гэтага спакойна. Вядома, мужчыны сустракаліся розныя. Некаторыя адразу давалі зразумець, што разлічваюць выключна на сэкс, але былі і тыя, хто хацеў сур'ёзных адносін, шанаваў мае межы і не дазваляў сабе нічога лішняга. Проста ніхто з іх мяне па-сапраўднаму не зачапіў, таму нічога не склалася».

Настасся кажа, што выдатна разумее, што не кожнаму мужчыне спадабаецца той факт, што яго патэнцыйная партнёрка займаецца ці раней займалася стварэннем кантэнту для дарослых.

«Але калі для кагосьці адной гэтай акалічнасці дастаткова, каб адмовіцца ад знаёмства — значыць, мы проста не падыходзім адно аднаму».

За апошнія гады ў дзяўчыны здарыўся адзін мімалётны раман.

«На жаль, чалавек разбіў мне сэрца, і нічога з гэтага не выйшла. Што да інтымнага жыцця, то тут таксама ўсё без перамен. Я па-ранейшаму жыву без сэксу, бо выпадковыя сувязі мяне не цікавяць. Для мяне сэкс — гэта не проста фізічнае задавальненне. Мне важна адчуваць моцную ўзаемную цягу, запал, эмацыйную блізкасць і мець нейкія пачуцці да чалавека. І пакуль такога чалавека побач няма, я не бачу сэнсу згаджацца на нешта меншае».

«Перадусім я шукаю вакансіі, звязаныя з маім папярэднім прафесійным досведам — гэта кантэнт-менеджмент і капірайтынг»

Галоўная мэта, якую паставіла перад сабой цяпер Настасся — знайсці новую працу, каб перастаць быць adult-мадэлькай. Яна размясціла сваё рэзюме.

«Перадусім я шукаю вакансіі, звязаныя я з маім папярэднім прафесійным досведам. Я каля шасці гадоў працавала ў сферы кантэнт-менеджменту і капірайтынгу, таму разглядаю пасады кантэнт-менеджара, рэдактара, капірайтара, адмыслоўца па кантэнт-маркетынгу і SEO. Але гэтым я не абмяжоўваюся. Адгукаюся таксама на вакансіі ў сферы падтрымкі кліентаў, адміністрацыйнай працы, рэкрутынгу і арганізацыі працоўных працэсаў. Таксама мне цікавая і праца ў некамерцыйных арганізацыях, асабліва тых, якія займаюцца сацыяльнымі праектамі і дапамогай людзям».

Праўда, пакуль ёй нічога не прапанавалі нават у McDonald’s. 

«Нейкі час я яшчэ магу дазволіць сабе шукаць працу, што адпавядае майму досведу і інтарэсам. Але калі нічога не атрымаецца, найхутчэй, давядзецца разглядаць і варыянты, што не патрабуюць адмысловай кваліфікацыі, напрыклад, працу на складзе, — разважае Настасся. — Калі будзе патрэбна, я гатовая разглядаць такую занятасць як часовае рашэнне, пакуль не знайду нешта лепшае».

У Настассі — дадатковая абарона ў Польшчы і праязны дакумент як замена беларускаму пашпарту.

«Я заўсёды была супраць рэжыму Лукашэнкі»

Нягледзячы на ўсе складанасці эмігранцкай долі, Настасся кажа, што ў 2020‑м годзе ўсё роўна б падтрымала пратэст.

«Палітыкай я цікаўлюся з 16 гадоў і заўсёды была супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму масавыя выступы беларусаў сталі для мяне велізарным шчасцем. Я столькі гадоў марыла ўбачыць, як людзі адкрыта праяўляюць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне, што застацца збоку было проста немагчыма. Для мяне гэта было пытаннем маіх перакананняў і сумлення».

Пры гэтым ад некаторых сваіх рашэнняў дзяўчына, калі б можна было адматаць назад, адмовілася б.

«Калі б я загадзя ведала, як складзецца мая праца OnlyFans-мадэлькай, магчыма, я б зусім не стала гэтым займацца ці хаця б адмовілася ад здымак дарослых відэа».

Настасся кажа, што калі не пра асабістае, то марыць пра вольную Беларусь.

«Пра тое, каб вызвалілі ўсіх палітвязняў, перасталі пераследаваць людзей за іх перакананні і нарэшце з'явіліся ўмовы для дэмакратычных перамен. Ці захачу я некалі вярнуцца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства, пакуль не ведаю. Для мяне значна важней, каб сама магчымасць такога выбару нарэшце з'явілася».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу

Усе навіны →
Усе навіны

«Робім стаўкі, што будзе на НГ». У сацсетках абмяркоўваюць рэзка падаражэлую скумбрыю5

Буданаў заплаціць штраф за выкарыстанне рускай мовы падчас інцыдэнту ў Баршчагоўцы пад Кіевам12

Шпіёнскі скандал у Nvidia: кітайская разведка магла выкарыстаць рамантычную сувязь з кіраўніком кампаніі3

Таямніца 400‑гадовай даўніны: у Брытаніі разгаданы код замка з затанулага карабля1

На баку Расіі ў вайне загінулі мінімум 394 тысячы чалавек — «Кіберпартызаны»20

Сталініста Драбышэўскага выгналі з Камуністычнай партыі Беларусі11

Лукашэнка сказаў, што ў яго няма сяброў23

Зборныя Беларусі па хакеі не дапусцілі да чэмпіянатаў свету ў 2027 годзе7

«Яшчэ нічога не патраціў». Бяляцкі расказаў, на што патраціць грошы ад Нобелеўскай прэміі міру7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць