Навука і тэхналогіі

Больш не трэба выводзіць татуіроўкі? Іх навучыліся рабіць нябачнымі

Амерыканскія навукоўцы распрацавалі адмысловую фарбу для татуіровак, дзякуючы якой малюнкі на скуры можна рабіць нябачнымі, а потым зноў праяўляць. Як працуе незвычайная тэхналогія, расказвае The Conversation.

На здымку відаць, што фарба PhotoTat спалучана са звычайнай фарбай для татуіровак. Асобныя элементы малюнка становяцца каляровымі пад уздзеяннем ультрафіялету і зноў робяцца нябачнымі пры белым святле. Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Уявіце, што перад сумоўем на працу вы можаце зрабіць свае татуіроўкі нябачнымі, а збіраючыся на вечарыну, зноў іх паказаць. Гучыць як фантастыка, але неўзабаве гэта можа стаць рэальнасцю, бо навукоўцы з Каларадскага ўніверсітэта ў Боўлдары стварылі фарбу PhotoTat, якая становіцца каляровай пад уздзеяннем ультрафіялету, а пры яркім белым святле зноў робіцца амаль нябачнай.

Сакрэт у фотахромных пігментах — рэчывах, якія змяняюць колер пад уздзеяннем святла. Падобны прынцып даўно выкарыстоўваецца ў акулярах з лінзамі, якія цямнеюць на сонцы.

У новай фарбе гэтыя пігменты змешчаныя ў мікраскапічныя палімерныя часцінкі. Ультрафіялетавае выпраменьванне змяняе структуру малекул, і пігмент набывае колер. Дастаткова пасвяціць на скуру ўльтрафіялетавай лямпай дзве-тры секунды, каб татуіроўка праявілася. А яркае белае святло запускае адваротную рэакцыю, і малюнак знікае з вачэй.

Пры гэтым сама фарба нікуды не дзяецца — яна застаецца пад скурай, як і пры звычайнай татуіроўцы.

Першая такая фарба чырвонага колеру з'явілася ў продажы яшчэ ў 2024 годзе пад назвай Magic Ink. Яе выпусціла амерыканская біятэхналагічная кампанія Hyprskn. Праўда, яна прыкладна ў 100 разоў даражэйшая за звычайную фарбу для татуіровак.

Цяпер даследчыкі распрацавалі яшчэ тры колеры: сіні, пурпуровы і жоўты. Камбінуючы іх, можна атрымаць яшчэ 16 адценняў. Гэта дазваляе ствараць шматколерныя татуіроўкі, якія можна рабіць бачнымі і нябачнымі з дапамогай святла.

Аднак новая фарба пакуль мае шэраг недахопаў. Напрыклад, сонечнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне можа нечакана праявіць схаваную татуіроўку. А пры звычайным асвятленні ў памяшканні малюнак паступова блякне і праз некалькі дзён можа стаць нябачным.

Ёсць праблемы і з устойлівасцю фарбаў. У прыватнасці, сіні пігмент пакуль вытрымлівае толькі ад 10 да 100 цыклаў праяўлення і знікнення, пасля чаго можа пакінуць пастаянны фіялетавы след. Да таго ж новыя пігменты яшчэ павінны прайсці ўсебаковую праверку бяспекі. На гэта, імаверна, спатрэбіцца некалькі гадоў.

Але тэхналогія можа знайсці прымяненне і ў медыцыне. Напрыклад, пры прамянёвай тэрапіі пацыентам наносяць на скуру пастаянныя пазнакі, каб дакладна накіроўваць апраменьванне. Таксама імі адзначаюць месцы біяпсіі.

Пасля лячэння такія татуіроўкі застаюцца на ўсё жыццё і могуць нагадваць пра цяжкі перыяд. З новай фарбай медыкі маглі б рабіць пазнакі бачнымі толькі падчас працэдур, а ў астатні час яны былі б практычна незаўважныя.

Каментары

Цяпер чытаюць

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі32

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе цяпер Кірыл Слука? Яго песню «И назвал тебя любимой, любимая — Бе-ло-руууссия» ведалі ўсе37

Трамп прызначыў новым кіраўніком апарата Белага дома змагара з іміграцыяй Стывэна Мілера8

«Беларус» са Жлобіншчыны са шматлікімі судзімасцямі і даўгамі па аліментах застаўся ў палях пад Купянскам9

Клічко: У Кіеве надзвычай складаная сітуацыя з электрычнасцю, цяплом і вадой1

Беларусы сабралі тры тысячы налепак ад бананаў

Трамп расказаў пра новыя кантакты ў справе ўрэгулявання канфлікту ва Украіне

У Вільні завяршаецца рэстаўрацыя Вострай брамы. Знакамітая «Пагоня» на фасадзе кардынальна змяніла колер9

Прэзідэнт Парагвая змешчаны пад хатні арышт пасля краху банка Ueno

Птушкі таксама пакутуюць ад джэтлагу і пасля доўгіх пералётаў збіваюцца з курсу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі32

Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць