Здароўе11

Пасля татуіроўкі мужчына страціў усе валасы і перастаў пацець

Звычайная татуіроўка з чырвонай фарбай абярнулася для 36‑гадовага мужчыны з Польшчы цяжкай медыцынскай драмай: праз некалькі месяцаў пасля працэдуры ён цалкам страціў валасы, перастаў пацець і сутыкнуўся з сістэмным збоем імуннай сістэмы, наступствы якога аказаліся часткова незваротнымі.

Пачатковая стадыя захворвання: (A, B) змены скуры ў зоне чырвонага пігменту татуіроўкі на правым перадплеччы; (C) эрытрадэрмія і поўная алапецыя. Фота: mdpi.com

Татуіроўкі, якія сёння ўспрымаюцца як сімвал самавыяўлення і мастацтва, могуць прывесці да сур’ёзных медыцынскіх ускладненняў: ад лакальных алергічных рэакцый да маштабных сістэмных збояў у працы ўсяго арганізма.

Вучоныя з цэнтра дэрматалогіі і анкадэрматалогіі Уроцлаўскага медыцынскага ўніверсітэта ў артыкуле на старонках часопіса «Clinics and Practice» расказалі пра незвычайны выпадак, які адбыўся з 36‑гадовым мясцовым жыхаром.

Улетку 2020 года мужчына зрабіў татуіроўку ў выглядзе чырвонай кветкі на правым перадплеччы. Прыкладна праз чатыры месяцы пасля гэтага ў зоне малюнка пачаўся моцны сверб, скура стала лушчыцца, а на целе ўзнік сып.

Спачатку змены закранулі рукі і грудзі, але з часам запаленне распаўсюдзілася амаль на ўсё цела, і ў мужчыны развілася эрытрадэрмія — цяжкі стан, пры якім скура масава чырванее і лушчыцца.

У пачатку 2021 года сітуацыя яшчэ больш пагоршылася: мужчына пачаў імкліва губляць валасы, пакуль не застаўся без іх зусім — як на галаве, так і на ўсім целе. Дактары называюць такі стан поўнай алапецыяй (alopecia universalis). Праз некаторы час з’явіўся яшчэ адзін небяспечны сімптом — ангігідроз: мужчына амаль перастаў пацець, а праз некалькі месяцаў пот знік цалкам.

Гэта аказалася не проста нязручнасцю, а сур’ёзнай пагрозай здароўю. Без пота цела не можа нармальна астуджацца, таму мужчына больш не мог бяспечна займацца фізічнай працай, спортам або знаходзіцца ў цёплых памяшканнях. Нават звычайная спёка стала для яго небяспечнай — узнік рызыка цеплавога ўдару.

На працягу 2021 года мужчыну неаднаразова шпіталізавалі ў розныя аддзяленні бальніц. Дактары правялі дзясяткі аналізаў і абследаванняў, каб выключыць анкалагічныя і іншыя рэдкія захворванні. У выніку яны прыйшлі да высновы, што прычынай стала моцная імунная рэакцыя, верагодна звязаная з кампанентамі чырвонай фарбы для тату.

Знешні выгляд цела пацыента ў ходзе захворвання: (A, B) у 2022 годзе; (C, D) у 2024 годзе. Фота: mdpi.com

Лячэнне моцнымі супрацьзапаленчымі і імунасупрэсіўнымі прэпаратамі давала толькі часовы эфект. Як толькі дозы зніжалі або лекі адмянялі, праблемы вярталіся. Асабліва паказальным было тое, што пры спыненні лячэння новыя высыпанні зноў з’яўляліся менавіта ў зоне чырвонага пігменту тату.

У выніку медыкі вырашылі пайсці на крайні крок — хірургічнае выдаленне татуіроўкі. На працягу паўтара года мужчыне зрабілі сем аперацый, падчас якіх паступова выразалі ўсе ўчасткі скуры з чырвонай фарбай. Пасля кожнай аперацыі стан скуры паляпшаўся, але валасы не адрасталі, а пот не з’яўляўся.

У 2022 годзе з’явілася яшчэ адна праблема — вітыліга, захворванне, пры якім скура губляе пігмент і пакрываецца светлымі плямамі. З часам яны ахапілі каля трэці паверхні цела.

Далейшыя даследаванні паказалі, што потавыя залозы ў многіх участках цела былі фактычна знішчаныя і замененыя рубцовай тканінай. Гэта значыць, здольнасць пацець, хутчэй за ўсё, страчана назаўсёды.

Сітуацыю ўскладняла тое, што ў мужчыны даўно было аўтаімуннае захворванне — хвароба шчытападобнай залозы. Дактары мяркуюць, што тату-фарба магла стаць своеасаблівым «пускавым механізмам», які справакаваў збоі ў імуннай сістэме арганізма, ужо схільнага да такіх рэакцый.

Пазней мужчыну прызначылі сучаснае імунамадулюючае лячэнне. Яно дало плён: валасы пачалі зноў расці, а распаўсюд вітыліга ўдалося спыніць. Аднак здольнасць пацець так і не вярнулася. Каб не перагравацца, мужчына пастаянна астуджае цела вадой з пульверызатара і вымушаны ўважліва сачыць за фізічнымі нагрузкамі.

Гэты выпадак называюць выключна рэдкім: раней не фіксавалася, каб пасля татуіроўкі адначасова ўзнікалі агульнае запаленне скуры, поўная страта валасоў, знікненне пота і вітыліга.

Даследчыкі адзначаюць: для большасці людзей татуіроўкі не ствараюць сур’ёзных праблем, аднак людзям з алергіямі, аўтаімуннымі або хранічнымі захворваннямі скуры варта асабліва ўважліва падыходзіць да рашэння зрабіць татуіроўку і, пры магчымасці, папярэдне пракансультавацца з дэрматолагам. Нават пры сучасных нормах і сертыфікацыі склад фарбаў не заўсёды гарантуе поўную бяспеку, а індывідуальная рэакцыя арганізма можа аказацца непрадказальнай.

Каментары1

  • %
    29.01.2026
    Ну вось гэты небарака без дадатковай інфармацыі на ўласнай скуры зразумеў, што гэта есьць шкодная і дурная справа

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту44

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім5

У «Мінсктрансе» расказалі, колькі ў Мінску штомесяц ловяць зайцаў5

Рубіа запатрабаваў ад іранскай дэлегацыі неадкладна пакінуць Нью-Ёрк1

«Я пацягнуў за штурвал». Пасажыр рэйса Flydubai распавёў, як яму ўдалося выратаваць самалёт Дубай — Тэль-Авіў1

Жанчына з Тэнэсі выжыла пасля дзвюх смяротных ін'екцый падчас пакарання смерцю і была дастаўлена ў бальніцу6

Свабода дурніц. Як амерыканцы пачалі вырошчваць ягады ў Кітаі, але радаваліся нядоўга7

26 палос мае хіба што самая шырокая аўтастрада свету. Але ад затораў не ратуе

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

«Пакуль мы памятаем сваіх, ніхто ў нас іх не скрадзе». Гурневіч растлумачыў, чаму думка Парфёнава пра Шагала нам да «сиреневой луны»26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту44

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць