«Усведамляю, што магу стаць першай беларускай, якая наведае ўсе краіны свету». Падарожніца з Мінска размаўляе на 8 мовах і марыць пражыць 200 гадоў
Мінчанка Лізавета Макей, магчыма, неўзабаве стане першай беларускай, што наведае ўсе краіны свету. А яшчэ Лізавета размаўляе на васьмі мовах, займаецца ўсходнімі адзінаборствамі і піша кнігу «Як пражыць 200 гадоў», піша выданне Blizko.by, якое ўзяло ў яе інтэрв'ю.

— Вас можна назваць прафесійнай падарожніцай?
— Я б дакладна не назвала сябе так. Гэта не праца і ніколі не было спосабам заробку. Я не вяла блогаў і не разглядала падарожжы як прафесію. Для мяне дарога — гэта спосаб зразумець свет і гісторыю. Усе мае паездкі вельмі старанна спланаваныя: па часе, маршрутах, лагістыцы і магчымасцях. Менавіта за кошт планавання мне ўдаецца наведваць вялікую колькасць краін.
Пасля пандэміі ў мяне адбыўся ўнутраны пералом. У той момант я ясна ўсвядоміла: калі ўсё адкладаць на потым, то нічога не спраўдзіцца. Таму стала інакш ставіцца да часу і загадзя планаваць тое, што для мяне сапраўды важна.

— Ці праўда, што вы ведаеце восем моў? Як вы іх засвоілі? Гэта суперздольнасць?
— Я размаўляю на рускай, беларускай, англійскай, польскай, турэцкай, іспанскай, італьянскай і французскай мовах. Зараз я вывучаю партугальскую, а ў будучыні планую нямецкую. Я не лічу гэта суперздольнасцю. Так можа практычна кожны. Мовы ніколі не даваліся мне лёгка.
Некаторыя, напрыклад, іспанская, італьянская і французская, адносяцца да адной моўнай групы. Калі ты ўжо вывучыў адну мову з групы, астатнія сапраўды даюцца крыху лягчэй. Самай складанай для мяне аказалася французская — з-за фанетыкі і нюансаў граматыкі.
У мяне ёсць свая сістэма. Спачатку — самастойная праца і граматыка, затым заняткі з выкладчыкам або ў групе. Самы эфектыўны этап — гэта паездка ў краіну-носьбіт і навучанне ў моўнай школе на інтэнсіўным курсе. У такой сітуацыі ў цябе проста няма іншага выйсця, акрамя як гаварыць.
Для мяне важна спачатку зразумець структуру мовы. Калі граматыка выбудавана правільна, нават пры працяглым перапынку мова даволі хутка аднаўляецца.

— Колькі краін вы ўжо наведалі? Ці ёсць тая, куды вам хацелася б вярнуцца зноў?
— На гэты момант я наведала 161 краіну. Мая ўлюбёная — Філіпіны. Я закахалася ў яе з першага візіту, у першую чаргу праз людзей. Яны вельмі адкрытыя, спагадлівыя і добразычлівыя, як быццам у іх унутры пастаянна свеціць сонца. Там лёгка камунікаваць, і я з вялікім задавальненнем вярнулася б туды зноў.
— Ці траплялі вы ў нязручныя або забаўныя сітуацыі, звязаныя з іншай культурай?
— Так, вядома, і даволі часта. Напрыклад, у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі мяне спачатку моцна выбіваў з каляіны зусім іншы рытм жыцця. У заходняй культуры мы прызвычаіліся да хуткасці і эфектыўнасці — калі нешта трэба вырашыць, то хутка. А ў будыйскіх краінах цярпенне — гэта не проста рыса характару, а практычна філасофія жыцця. Ты можаш кудысьці спяшацца, спазняцца, нервавацца, а вакол ніхто не разумее, чаму ты наогул перажываеш. Усё робіцца спакойна, павольна, без мітусні. Спачатку гэта ўводзіць у ступар, потым раздражняе, а затым ты проста вымушаны адаптавацца і прыняць гэты рытм.
У Афрыцы ў мяне таксама былі сітуацыі, звязаныя з паняццем часу. Калі табе кажуць, што дарога зойме 30 хвілін, гэта лёгка можа ператварыцца ў тры гадзіны. Калі кажуць «гадзіна» — трэба быць гатовым і да пяці. Спачатку гэта падаецца абсурдным, але з часам ты пачынаеш успрымаць гэта як частку культуры і проста закладаеш іншы маштаб чаканняў.

— Ці даводзілася вам трапляць у небяспечныя інцыдэнты за мяжой?
— Часам узнікалі напружаныя моманты, як у любога падарожніка. Напрыклад, у некаторых раёнах Афрыкі лепш быць вельмі асцярожным, асабліва калі ты падарожнічаеш адзін. У мяне была адна дрэнная сітуацыя ў Нігерыі, але ўсё абышлося.
Важна разумець, што існуюць раёны — трушчобы, фавелы, нядобранадзейныя кварталы, — куды лепш не заходзіць наўмысна.
Я лічу, што многае вырашае камунікацыя і ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі. Але пры гэтым цвярозы розум і асцярожнасць ніхто не адмяняў: не гуляць пасля заходу сонца, не дэманстраваць каштоўныя рэчы і не ігнараваць мясцовыя правілы.

— Вы займаецеся адзінаборствамі, каб здолець абараніцца ад небяспек у дарозе?
— Я займаюся кікбоксінгам, тайбоксінгам і джыу-джытсу, таму што лічу, што для дзяўчат адзінаборствы нават важнейшыя, чым для мужчын. На жаль, менавіта жанчыны часцей становяцца ахвярамі гвалту або нападаў. У мужчын з дзяцінства ёсць досвед фізічнага ўзаемадзеяння — хлопчыкі б’юцца, штурхаюцца, разумеюць свае магчымасці і межы. У дзяўчынак такога досведу звычайна няма.
Для мяне трэніроўкі — гэта не пра агрэсію і не пра жаданне кагосьці перамагчы, а пра фізічны баланс, дысцыпліну і ўнутраную ўпэўненасць. Жанчына аказваецца ўразлівай не таму, што яна фізічна слабейшая, а таму што не разумее, як рэагаваць у стрэсавай сітуацыі, як рухацца, як трымаць дыстанцыю. Адзінаборствы даюць не столькі прыёмы, колькі адчуванне сябе ў прасторы і ўпэўненасць, якую вельмі добра счытваюць навакольныя.
На шчасце, мне пакуль не даводзілася выкарыстоўваць гэтыя навыкі ў сур’ёзных канфліктных сітуацыях. Адзіны выпадак быў звязаны з крадзяжом — у Барселоне.

— Самая смелая авантура ў вашым жыцці?
— Само рашэнне наведаць усе краіны свету — ужо авантура. Гэта шлях з пад’ёмамі, падзеннямі, адкатамі і вялікай колькасцю складанасцяў. Гэта не святочны адпачынак, а сур’ёзнае выпрабаванне для розуму і цела, таму што кожны дзень даводзіцца сутыкацца з тым, да чаго ты не прывык. Пастаянна ўзнікаюць новыя пытанні і форс-мажоры, планы мяняюцца, з’яўляюцца новыя задачы.
— Якія лайфхакі палягчаюць вам падарожжы?
— Самае простае — я заўсёды падарожнічаю толькі з ручной паклажай. У ёй у мяне базавы прадуманы набор: дакументы, тэлефон, зарадныя прылады, мінімальны набор адзення, які можна камбінаваць, і сродкі гігіены.
Гэтага мінімуму больш чым хапае. Мне шчыра незразумела, навошта здаваць багаж, траціць час на рэгістрацыю, а потым чакаць яго па прылёце без гарантый. Па-першае, амаль у любой краіне пры неабходнасці можна нешта дакупіць. Па-другое, адсутнасць лішніх рэчаў моцна спрашчае лагістыку: ты не прывязаны да багажу, не траціш час у аэрапортах.
У 90% выпадкаў можна зарэгістравацца анлайн нават у краінах з менш развітай інфраструктурай. Ты выходзіш з самалёта і адразу працягваеш шлях. Акрамя таго, падарожжы ўлегцы — нашмат эканамічней.

— Вось, дарэчы, ці заставаліся вы калі-небудзь за мяжой без грошай?
— Цалкам без грошай — не. Але бывалі сітуацыі, калі сродкі маглі быць недаступныя: праз крадзяжы або асаблівасці мясцовых плацежных сістэм. У некаторых краінах немагчыма карыстацца банкаўскімі картамі, і без наяўных бывае складана.
Таму я заўсёды прадумваю фінансавую бяспеку загадзя: дзе лепш мець наяўныя, дзе — карты, як размеркаваць грошы, каб не захоўваць усё ў адным месцы.

Тэлефон у падарожжах — гэта асобная тэма, таму што гэта сродак сувязі і навігацыі, і яго страта можа стварыць сур’ёзныя праблемы. Я нашу тэлефон на ланцужку, выкарыстоўваю чахол з кольцам і дадатковы трымальнік на кісць. Нават у натоўпе або транспарце тэлефон заўсёды замацаваны і застаецца пад кантролем.
— Ці даводзілася калі-небудзь сустракацца з экзатычнымі дзікімі жывёламі ў прыродзе?
— Так, за гады падарожжаў мне давялося сустракацца з дзікімі жывёламі ў іх натуральным асяроддзі — і на сушы, і ў вадзе. Гэта былі львы, кракадзілы, гіены, змеі, уключаючы кобраў, а таксама мноства насякомых, павукоў і скарпіёнаў. Былі і марскія жывёлы — скаты, марскія коцікі, якія, дарэчы, могуць быць даволі агрэсіўнымі, нягледзячы на вонкавую «мілату».
Азіраючыся назад, я разумею, што многае з гэтага я б больш не паўтарыла. У пачатку падарожжаў здаецца, што калі ўсё скончылася добра, значыць, гэта было бяспечна. Калі ты малады і поўны энтузіязму, ёсць адчуванне, што з табой нічога не здарыцца. Але дзікія жывёлы — гэта не турыстычнае шоу.
Акрамя жывёл існуюць і небяспечныя хваробы. Адной з іх застаецца малярыя. Гэта не нешта экзатычнае ці рэдкае, а цалкам рэальная рызыка ў пэўных краінах, асабліва ў трапічных зонах.

Для мяне базавыя меры — гэта закрытае адзенне ў вячэрні час, выкарыстанне рэпелентаў і маскітных сетак. А лепш наогул увечары не выходзіць без неабходнасці.
— Ці адчуваеце вы сябе ўнікальным чалавекам?
— Шчыра кажучы, не. Я даволі часта бываю ў асяроддзі даследчыкаў і ўдзельнікаў экспедыцый — людзей, якія былі не проста ў краінах, а ў самых аддаленых і цяжкадаступных рэгіёнах свету, перасякалі акіяны, працавалі ў экстрэмальных умовах і бачылі свет такім, якім яго не паказваюць у фільмах.
Побач з такімі людзьмі вельмі хутка разумееш, што падарожжы — гэта не пра прыгожыя карцінкі, а пра сітуацыі, дзе няма сцэнарыя, няма дубляў і няма магчымасці «выключыць камеру». Гэта кіно, якое адбываецца ў рэальным жыцці, і ў якім ты сам павінен знаходзіць рашэнні.

Ёсць падарожнікі, якія ўкладваюць уласныя сродкі ў будаўніцтва школ у аддаленых рэгіёнах, дзе дзеці інакш не атрымалі б адукацыю. Ёсць людзі, якія дапамагаюць арганізоўваць медыцынскую дапамогу там, дзе няма доступу да бальніц. Ёсць тыя, хто першымі прыязджаюць у рэгіёны пасля стыхійных бедстваў і дапамагаюць на месцы — не дзеля публічнасці, а таму што інакш не могуць.
На фоне такіх людзей вельмі складана казаць пра ўласную ўнікальнасць. Хутчэй узнікае пачуццё павагі і разуменне таго, што свет трымаецца менавіта на такіх ціхіх, але вельмі моцных людзях.
— Самае страшнае месца, якое вы бачылі?
— Для мяне гэта не канкрэтнае месца, а досвед падарожжаў па краінах, якія перажылі вайну або сур’ёзныя разбурэнні.
З аднаго боку, ты прыязджаеш як падарожнік і глядзіш архітэктуру, гістарычныя помнікі, гарады з цікавай культурай і гісторыяй. З іншага — пастаянна сутыкаешся са слядамі разбурэнняў: пашкоджаныя будынкі, пустыя кварталы, інфраструктура, якая яшчэ не аднавілася. Ты разумееш, што гэта не дэкарацыі і не мінулае, а чыёсьці рэальнае жыццё, якое было перапынена або зменена назаўжды.
У такія моманты ўзнікае ўнутраны канфлікт: ці этычна быць турыстам у краіне, дзе людзям усё яшчэ цяжка? Ці не з’яўляецца гэта нечым няправільным або недарэчным? У мяне таксама ўзнікалі такія сумневы.

Пры гэтым турызм у падобных краінах можа адыгрываць і станоўчую ролю. Людзі, якія прыязджаюць, падтрымліваюць мясцовую эканоміку, малы бізнэс і сем’і, якія спрабуюць аднавіць нармальнае жыццё.
Для мяне галоўны прынцып — гэта павага: не ператвараць чужую трагедыю ў атракцыён, не шукаць вострых адчуванняў і не фатаграфаваць разбурэнні дзеля эфектных кадраў.
Гэты досвед вучыць шанаваць стабільнасць, бяспеку і простыя рэчы, якія ў паспяховых краінах часта ўспрымаюцца як належнае.
— Чым вы любіце займацца ў вольны ад падарожжаў час?
— Мне важна захоўваць баланс паміж актыўнасцю і аднаўленнем. Я люблю чытаць — у асноўным літаратуру, звязаную з мысленнем, здароўем, будовай чалавека і тым, як працуе арганізм.
Вялікую ролю ў маім жыцці адыгрывае спорт і рух: гэта і адзінаборствы, і тэніс, і агульная фізічная актыўнасць.

Музыка таксама застаецца важнай часткай майго жыцця. Зараз гэта ўжо не пра навучанне (я скончыла музычную школу), а хутчэй пра асабістую прастору.
Акрамя таго, мне важна часам быць у цішыні і без пастаяннага патоку ўражанняў. Пасля велізарнай колькасці паездак, змены краін, культур і людзей я цаню магчымасць проста падумаць і асэнсаваць перажытае.
— Ваша кніга ўжо скончана?
— Кніга «Як пражыць 200 гадоў» пакуль не гатовая, і я не спяшаюся з яе завяршэннем, у тым ліку таму што многія назіранні будуць дапоўненыя пасля завяршэння майго падарожжа па ўсіх краінах свету.
Гэта не брашура з абяцаннямі і не фантазія пра бессмяротнасць. Хутчэй, гэта разважанне пра здароўе, даўгалецце і якасць жыцця — пра тое, як чалавек можа даўжэй заставацца актыўным, ясным і фізічна ўстойлівым.
Гэта пытанне не столькі пра «магічную лічбу», колькі пра тое, што мы называем жыццём. Калі чалавек жыве 200 гадоў, але значную частку гэтага часу праводзіць у цяжкай хваробе, — гэта не той вынік, да якога варта імкнуцца. Я падзяляю два паняцці: працягласць жыцця і працягласць актыўнага, якаснага жыцця.
Калі пачынаеш глядзець на працягласць жыцця як на сістэму, разумееш, што людзі «згараюць» не ад узросту як такога, а ад назапашвання пашкоджанняў і ад таго, што арганізм усё горш спраўляецца з аднаўленнем.

Пытанне «200 гадоў» для мяне ўпіраецца ў іншае: наколькі моцна навука дапаможа запаволіць назапашванне гэтых пашкоджанняў і палепшыць працэсы аднаўлення. Ужо цяпер з’яўляюцца тэхналогіі, якія дазваляюць раней дыягнаставаць рызыкі, дакладней падбіраць прафілактыку, лепш кантраляваць хранічныя працэсы і даўжэй захоўваць здароўе сасудаў, мозгу і мышцаў.
Я не кажу, што заўтра ўсе будуць жыць 200 гадоў. Але я лічу, што ў найбліжэйшыя 10—20 гадоў мы ўбачым заўважны зрух у практыцы. У тым, што чалавек будзе кіраваць сваім здароўем не тады, калі ўжо дрэнна, а загадзя.
— У такім выпадку, якія спосабы жыць даўжэй вы практыкуеце?
— Для мяне гэта базавыя рэчы: чыстая вада, паўнавартасны сон, рух, фізічная актыўнасць і харчаванне. Гэта не пра экстрэмальныя метады, а пра сістэмны падыход да жыцця.
— Ці не хацелася вам калі-небудзь затрымацца і спыніць шлях?
— Так, асабліва востра гэтае адчуванне з’явілася пасля таго, як я наведала больш за 140 краін. У нейкі момант колькасць уражанняў перастае быць проста натхняльнай. Ты пачынаеш бачыць не толькі прыгажосць свету, але і яго другі бок — разбураныя гарады, беднасць, зламаныя лёсы, наступствы войнаў і катастроф.
Спачатку ты ўспрымаеш гэта як частку досведу. Але з часам разумееш, што ты тут праездам, а людзі вакол жывуць у гэтай рэчаіснасці кожны дзень. Узнікае адчуванне, што табе складана радавацца паездцы, бо вакол занадта шмат болю. Гэта ўжо не «адкрыццё новых месцаў», а сутыкненне з рэальнасцю.
Тады ўзнікае жаданне спыніцца — не ў сэнсе назаўжды спыніць падарожжы, а зрабіць паўзу.

З часам я зразумела, што спыненне — гэта не слабасць і не адмова ад шляху, а неабходнасць.
У канчатковым выніку я ўсведамляю, што, хутчэй за ўсё, стану першай беларускай жанчынай, якая наведае ўсе краіны свету. Але для мяне гэта ніколі не было самамэтай.
Самае галоўнае, што я вынесла з гэтага шляху, — гэта разуменне каштоўнасці руціны і стабільнасці. Гэта раскоша. Раскоша, якую мы часта не заўважаем, бо ўспрымаем як належнае.
Калі ты бачыш свет цалкам, пачынаеш разумець, што нашы продкі заплацілі вельмі высокую цану за магчымасць жыць у парадку, камфорце і адноснай стабільнасці.
Пасля такога досведу камфорт перастае быць чымсьці самім сабой зразумелым. І, бадай, гэта адно з самых важных адкрыццяў, якія я зрабіла за ўвесь гэты час.
Як цяпер жыве «суровы турыст» з Беларусі, які стаў знакамітым 12 гадоў таму
Кіты, карабель-прывід і чырвонае святло: беларус перасёк Атлантыку пад ветразем
Як паехаць у экзатычнае падарожжа і не захварэць?
«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА
Беларуска падарожнічае па самых бедных краінах Афрыкі і расказвае — як гэта, калі цябе пастаянна разводзяць на грошы
Хочаце жыць доўга — шукайце раён з нармальнымі дрэвамі. Навукоўцы высветлілі, што дрэвы ратуюць ад інфарктаў, а газоны могуць нават нашкодзіць здароўю
Каментары
Я люблю читать
Большую роль в моей жизни играет спорт и движение: это и единоборства, и теннис, и общая физическая активность.
Музыка тоже остается важной частью моей жизни.
А кто зарабатывает деньги на путешествия?
Гэта не так, часцей гэта мужчыны.