У расійскай арміі беларускага наёмніка павесілі на дрэве ўніз галавой і білі палкай па геніталіях
«Я прыгатую з цябе пюрэ, зразумеў?» — крычыць яму камандзір і працягвае збіваць.

Брытанская газета The Sun апублікавала гісторыі пра тое, як расійскія камандзіры катуюць уласных салдат. Як мяркуецца, адна з ахвяр — беларус.
На гэтым запісе баец вісіць на дрэве ўніз галавой: яго прывязалі за ногі вяроўкай да галіны. Камандзір раз за разам б'е яго палкай, а той спрабуе прыкрыць рукамі геніталіі.
«Я прыгатую з цябе пюрэ. Зразумеў?» — крычыць афіцэр.
Мяркуецца, што ахвяра з Беларусі, бо, як тлумачаць брытанцы, «да яго звяртаюцца словам «бульбаш» — зневажальнай мянушкай для беларусаў».
Іншых звестак пра гэтага чалавека — імя, нумар часці, месца здымкі — у публікацыях няма.
За што менавіта яго каралі, невядома. Паводле паведамленняў, ён мог адмовіцца ісці ў бой — а за такое ў расійскім войску забіваюць.
Гэта не адзіны запіс. На другім відэа камандзір расійскага падраздзялення нагамі б'е салдата, які скруціўся на зямлі. На трэцім — байца прывязваюць да дрэва і б'юць палкай па голай спіне. Тут ахвяра з Башкартастана, да яго таксама звяртаюцца зневажальна: «Ты, башкір». Яго правіна ў тым, што ён не скінуўся разам з іншымі грашыма на набыццё дронаў.

«Дык ты вырашыў зэканоміць, не ўкладаючы грошай, бл***ь! Твае сябрукі апошнія капейкі збіраюць на дроны, бл***ь… Яны ўкладваюць, бл***ь!» — крычыць кат. Збіты салдат у агоніі адказвае: «Я ўкладу, я ўкладу!»
Каментары