Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі пацвердзіў, што сустрэўся ў Нью-Ёрку на палях Генасамблеі ААН з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым.

На пытанне, ці сапраўды адбылася такая сустрэча, Сікорскі пацвердзіў гэта. Ён адзначыў, што ў ААН сустракаецца з некалькімі дзясяткамі міністраў замежных спраў, піша Onet.pl.
— ААН — гэта нейтральная тэрыторыя, — сказаў ён, падкрэсліваючы, што ў сувязі з гэтым тут можна сустракацца і з прадстаўнікамі тых краін, з якімі не абавязкова наладжаныя адносіны ў іншых кантэкстах.
— Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы іншых ведамстваў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак пасольства ў Мінску, — сказаў Сікорскі.
На пытанне пра ход сустрэчы і тое, якія тэмы абмяркоўваліся, Сікорскі сказаў, што сярод іх была сітуацыя на мяжы, а таксама сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай.
На пытанне, ці прасіў ён, каб Беларусь не дазваляла Расіі пралятаць беспілотнікам і ракетам праз сваю тэрыторыю, ён адказаў: «У тым ліку».
— Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы іншых ведамстваў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак пасольства ў Мінску. Калі сусед хоча размарозіць і палепшыць адносіны, то Польшча заўсёды першай гатовая да згоды, — сказаў кіраўнік МЗС.
На ўдакладняльнае пытанне, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае рэжым Лукашэнкі, Сікорскі адказаў: «Як дзяржава мы прызнаём іншыя дзяржавы, а не ўрады».
На пытанне, ці азначае гэта нармалізацыю адносін з Беларуссю, ён сказаў, што «гэта як пралеска, якая можа заквітнець, калі надвор’е будзе спрыяльным».
Каментары