«Белтэлекам» збіраецца выйсці на рынак мабільнай сувязі ў наступным годзе
«Белтэлекам» плануе ўжо ў 2027 годзе выйсці на рынак мабільнай сувязі ў якасці нацыянальнага аператара. Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка.

Паводле слоў чыноўніка, кампанія мае неабходныя магчымасці для такога развіцця. Цяпер на прадпрыемстве працуе каля 12,5 тысячы чалавек, а яго падраздзяленні ёсць амаль ва ўсіх раённых і абласных цэнтрах краіны, у тым ліку ў Мінску.
Сёлета мінскае падраздзяленне «Белтэлекама» адзначае 130-годдзе. За гэты час яно ператварылася з тэлефоннай станцыі на 100 апаратаў у прадпрыемства, якое абслугоўвае амаль 800 тысяч абанентаў стацыянарнай сувязі.
Акрамя традыцыйных тэлекамунікацыйных паслуг, кампанія развівае інтэрнэт і тэлебачанне. Апошнія чатыры гады яна таксама адказвае за рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі, якая дапамагае МУС і іншым структурам сачыць за людзьмі. Акрамя таго, у прадпрыемства ёсць уласная студыя і тэлеканал.
Сергеенка адзначыў, што ў Мінску грамадзяне амаль не скардзяцца на якасць мабільнай сувязі, аднак у асобных рэгіёнах такія звароты яшчэ паступаюць.
Каментары