Расія забыла пра «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю», гатовая паскараць працэс на перамовах з Украінай
Ужо заўтра, 12 лістапада, Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер ізноў сустрэнуцца з Уладзімірам Пуціным. А заявы Мядзінскага, дарадцы Уладзіміра Пуціна, кантрастуюць з тонам яго ранейшых заяў.

Цэнтральнай тэмай трохбаковых перамоў у Абу-Дабі стала абмеркаванне будучай архітэктуры бяспекі ў Еўропе пасля завяршэння ўкраінскага канфлікту, заявіў журналістам кіраўнік расійскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі.
«Свету патрэбная новая, сучасная, абноўленая сістэма бяспекі, справядлівая, не на шкоду нейкім асобным краінам. Над гэтым будзем працаваць», — сказаў ён па выніках другога дня перамоваў. Паводле яго слоў, канфлікт ва Украіне паказаў, што «дзейная сістэма бяспекі ў Еўропе працуе дрэнна».
Заявы Мядзінскага, дарадцы Уладзіміра Пуціна, кантрастуюць з яго выказваннямі пасля мінулых раўндаў перамоваў. У прыватнасці, больш няма згадак пра «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Украіны — расійскія «эўфемізмы» для падкантрольнасці Расіі і русіфікацыі.
Замоўклі пра гэта і расійская, і лукашэнкаўская машыны прапаганды.
У той жа час Мядзінскі ў заяве для журналістаў у Абу-Дабі зрабіў акцэнт на гуманітарных пытаннях. Бакі дамовіліся пра новы маштабны абмен палоннымі, канкрэтныя параметры якога абвесцяць найбліжэйшым часам.
Анансуецца, што на радзіму могуць вярнуцца нават па паўтары тысячы палонных. Самі маштабы абмену паказваюць на ступень цяжкасцей расійскай арміі — калі ў палон трапляе аж такая колькасць вайскоўцаў.
З украінскага боку большасць палонных па-ранейшаму складаюць людзі, якія трапілі ў рукі расіян у Марыупалі і падчас першага вераломнага ўдару.
Масква, здаецца, дэманструе гатоўнасць паскораць перамоўны працэс.
Ужо заўтра, 12 лістапада, Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер ізноў сустрэнуцца з Уладзімірам Пуціным. Для гэтага яны адправяцца ў Маскву. Пасля гэтага можа адбыцца іх сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ў Дубліне, Ірландыя.
Перамовы паміж РФ, ЗША і Украінай прайшлі ў Абу-Дабі 10—11 лістапада. У першы дзень сустрэча працягвалася каля чатырох гадзін, у другі — трохі менш за дзве гадзіны. Украінскую дэлегацыю ўзначальваў кіраўнік Службы замежнай разведкі Украіны Рустэм Умераў, расійскую — памочнік Пуціна Уладзімір Медзінскі. Таксама за сталом перамоў на момант іх пачатку прысутнічалі эмісары ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер і ўпершыню — галоўнакамандуючы сіламі НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч. Паведамлялася, што перамовы будуць накіраваныя на абмеркаванне ключавых аспектаў фарміравання новага комплексу бяспекі ў пасляваенны перыяд. Чакалася, што ўдзельнікі сустрэчы сканцэнтруюцца на выпрацоўцы механізмаў прадухілення пагроз і ўмацавання рэгіянальнай стабільнасці.
Рост страт расійскай арміі прывёў да спынення расійскага наступу. У 2025 годзе Расія акупавала менш за 1% тэрыторыі Украіны коштам страты прыкладна 150 тысяч вайскоўцаў забітымі. За 10 месяцаў 2026 года Расія заняла каля 0,1% тэрыторыі, пры тым што страты перавышаюць мінулагоднія. Такі кошт прасоўвання можа быць непрымальны нават для абесчалавечанага расійскага грамадства.
Дваістая рыторыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спараджала ў Крамля надзеі, што яму ўдасца спакусіць Вашынгтон на падзел Еўропы на сферы ўплыву ўзамен за допуск амерыканскіх карпарацый да распрацоўкі расійскіх прыродных рэсурсаў. Напад ЗША і Ізраіля на Іран прывёў да скачка цэнаў на энерганосьбіты, які не толькі прынёс звышпрыбыткі амерыканскім нафтагазавым кампаніям, але і напоўніў расійскі ваенны бюджэт. Аднак дапамога краін Еўропы кампенсавала Украіне страту амерыканскай падтрымкі, украінская армія выстаяла. А правал трампістаў на выбарах у Кангрэс канчаткова паставіў пад сумнеў спадзяванні Крамля.
Паказальна, што новы раўнд перамоваў па Украіне Масква і Вашынгтон адкладалі на пасля выбараў у Кангрэс.
За тыдзень перад перамовамі Украіна нанесла ўдары па сямі нафтаперапрацоўчых комплексаў Расіі, вывеўшы з ладу да 30 працэнтаў магутнасцей. У выніку з панядзелка, 9 лістапада «Раснафта» ўвяла абмежаванні на продаж паліва на ўсіх запраўках Расіі. Уначы між першым і другім днём перамоваў Украіна нанесла ўдар па нафтавым тэрмінале «Наватэку» ва Усць-Лузе пад Піцерам.
На перамовах у Абу-Дабі ўпершыню прысутнічаў камандуючы сіламі NATO ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч — прыкмета таго, што Масква пайшла на больш прадметныя размовы. На перамовы ўпершыню прыбыла і еўрапейская дэлегацыя, з якой каардынуе свае дзеянні ўкраінскі бок.
Расійская і лукашэнкаўская прапаганда пры гэтым сёння робіць акцэнт на тым, што еўрапейцаў за стол перамоваў не дапусцілі.
«Прадстаўнікі ЗША былі адным з актыўных бакоў перамоў — Еўропе варта было б у іх павучыцца ў жаданні дасягнуць міру, — гаворыцца ў расійскім паведамленні па выніках перамоваў. — Масква не атрымлівала ніводнай канкрэтнай мірнай прапановы ад еўрапейскіх краін. Кіраўніцтва краін Еўропы па сутнасці займаецца групавым абманам украінскага народа».
«Яны [еўрапейцы] змогуць стаць удзельнікамі мірных перамоў, калі ў іх прачнецца сумленне, — пафасна заявіў Уладзімір Мядзінскі і дадаў. — Кожная пядзя расійскай зямлі так ці інакш будзе вернутая».
Амерыканскі пасланец Джарэд Кушнер назваў самым складаным пытанне тэрыторый.
Каментары