Удзельнічалі ў паўстаннях, былі экзатычнымі слугамі і нават ратавалі магнатаў ад даўгоў. Кім былі афрыканцы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай?
Гісторык і постдактарант Віталь Быль вывучае ў Бонскім універсітэце лёсы афрыканцаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ён расказаў «Нашай Ніве» пра гэтых малавядомых людзей і пра тое, якія старонкі нашай гісторыі яны адкрываюць.

Ці былі Радзівілы рабаўладальнікамі
Адкуль у Вялікім Княстве Літоўскім афрыканцы? Віталь сцвярджае, што іх нешматлікая, але пастаянная прысутнасць на нашых землях у тыя часы — сведчанне забытага ўдзелу грамадства ВКЛ і Рэчы Паспалітай у трансатлантычным гандлі рабамі.
Быль звяртае ўвагу на тое, што афрыканцы траплялі ў нашу краіну з розных прычын: некаторыя прыбывалі самі як вольныя людзі ў пошуках кар’еры і заробку, а часам і ў Рэчы Паспалітай нараджаліся тутэйшыя з цёмнай скурай. Аднак усё ж большасць афрыканцаў апынуліся тут зусім не па сваёй волі.
«Здаецца, у Радзівілаў і іншых магнатаў ёсць мноства сваіх прыгонных, эксплуатуй іх як хочацца. Але яны ўсё роўна набывалі ў Іспаніі, Партугаліі, Лондане ці Вене цёмнаскурых слугаў.
Пагаджуся з тымі даследчыкамі, якія звязваюць гэта не з патрэбай у працоўнай сіле, а найперш з барочнай эстэтыкай, яе любоўю да незвычайнага і алегарычнага. У Сярэднявеччы цёмнаскурыя маўры, яны ж мурыны, атаясамліваліся з таямнічым Усходам. З пашырэннем плантацыйнага рабства ў Амерыках у ранні Новы час афрыканцы і ў еўрапейскім уяўленні пачалі таксама ўспрымацца як жывыя сімвалы абсалютнага служэння і пакоры. Напрыклад, выявы чорнаскурых пажаў з’яўляюцца на партрэтах знатных дам як алегорыі рабоў кахання».

Першыя звесткі пра афрыканцаў на землях Вялікага Княства адносяцца да сярэдзіны 16‑га стагоддзя. У 1544 годзе, калі Жыгімонт ІІ Аўгуст ужо верагодна пачаў раман з Барбарай Радзівіл, у складзе яго двара, што вандраваў паміж Вільняй, Варшавай і Кракавам, згадваецца мурын-фурман. А ў 1565‑м Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка напісаў ліст свайму дзядзьку, Мікалаю Радзівілу Рудому, каб той вярнуў некалькі афрыканцаў, якіх забраў сабе пасля смерці бацькі, Мікалая Радзівіла Чорнага:
«А той піша ў адказ, што калі ён іх атрымаў, то тыя хлопцы нічым не займаліся, толькі ў мяч гулялі. А на службе ў новага гаспадара яны навучыліся музыцы і цяпер граюць на бубнах і трубах».
Арганізаваны трафік нявольнікаў на беларускія землі дасягнуў піку ў першай палове 18 стагоддзя і сканчваецца бліжэй да падзелаў Рэчы Паспалітай, калі арыстакраты сталі ахвотней наймаць вольных спецыялістаў.
У 19 стагоддзі гэта было ўжо не так папулярна, але згадкі пра афрыканцаў усё роўна трапляюцца: Віталь прыводзіць прыклад невядомага цёмнаскурага ўдзельніка паўстання Каліноўскага, які загінуў у адной з сутычак з расейцамі каля Мінска-Мазавецкага.
«Можна ўбачыць рэестр, дзе пералічаныя побач цукар, жалеза і мурыны»
Нам збольшага невядомыя дакладныя месцы паходжання і маршруты, праз якія афрыканцы траплялі на беларускія землі, бо новых гаспадароў гэта мала цікавіла.
Нявольнікам давалі новае імя і новую веру, часам прыдумлялі і свой экзатычны касцюм, які адлюстроўваў не іх паходжанне, а гаспадарскія фантазіі.
Некаторыя іх гісторыі можна прасачыць па крыніцах.
«Іеранім Фларыян Радзівіл у сваім дзённіку ў 1748 годзе запісаў, што ягоны агент набыў у Вене і вязе ў Слуцк маладога афрыканскага прынца Рабінду з Конга, захопленага ў палон французамі. Праз два гады жонка князя згадала ў пісьме, што бедны Купідон нядаўна памёр. Вось так няшчасны афрыканскі прынц стаў жывым барочным упрыгажэннем і памёр на халоднай чужыне.
Наогул Іеранім Фларыян меў незвычайны энтузіязм адносна афрыканцаў, ён адсылаў адпаведныя запыты сваім замежным агентам, якія звычайна набывалі яму розныя атрыбуты раскошы. Адзін такі агент набывае яму ў Лондане ў 1752 годзе 12 афрыканскіх хлопчыкаў і дзяўчынак і адпраўляе іх разам з іншымі грузамі для князя караблём у Рыгу, а адтуль абозам у Слуцк. Можна ўбачыць рэестр, дзе пералічаныя гэтыя пакупкі побач: цукар, жалеза і мурыны».
Калі б сустрэліся афрыканец-нявольнік з Амерыкі і яго калега, які жыве на беларускіх землях, каму б з іх жылося лягчэй?
«Рабства ў Новым Свеце заслужана лічаць адной з самых жорсткіх праяваў рабства ў гісторыі. Гэтае выкарыстанне людзей на знос у прамысловых маштабах было звязана менавіта з яго псеўданавуковым расавым абгрунтаваннем.
Калі нявольнік любога паходжання і колеру скуры ў Асманскай імперыі ці Персіі пры ўмове прыняцця ісламу меў шанец стаць сваім, а то і апынуцца ў самых высокіх саслоўях, то нават вольнаму афраамерыканцу і яго нашчадкам у рабаўладальніцкім грамадстве амерыканскага Поўдня даводзілася мець справу з мноствам абмежаванняў з-за свайго паходжання», — адказвае Віталь.
Стан такіх нявольнікаў у Еўропе і ў нашых краях часам апісваюць тэрмінам «прывілеяваная залежнасць». Такіх афрыканцаў не адпраўлялі на паншчыну разам з сялянамі, яны часта жылі ў палацы і добра харчаваліся, выконвалі не самыя цяжкія працы.
Але гэты «прывілеяваны» лёс часта быў нешчаслівы, расказвае Віталь:
«Выкрадзеныя дзецьмі з родных краёў, на чужыне афрыканцы часта хутка гінулі ад хваробаў і суровага клімату. Тых, хто здолеў выжыць, часта чакала пажыццёвая служба без заробку, са сцёртай ідэнтычнасцю, змененым іменем, у поўнай залежнасці ад капрызаў гаспадароў. Вельмі мала хто з іх заводзіў сем’і, і яны не маглі вырашаць, чым ім займацца ў жыцці.
Напрыклад, Іеранім Фларыян Радзівіл вывучаў афрыканскіх дзяцей, каб яны гралі ў яго тэатры. Некаторыя, як Губерт, Войцэх і Сафія, адзначыліся сваімі талентамі, але калі пазней тэатр надакучыў новым гаспадарам, таленавітых чорнаскурых актораў перавялі ў слугі. Хоць Статут ВКЛ 1588 года практычна адмяніў нявольніцтва, інакш як нявольнікамі гэтых «мурынаў» лічыць цяжка».

Здараліся і больш шчаслівыя гісторыі. Суразмоўца згадвае Аляксандра Дыніса, былога слугу кракаўскага біскупа — магчыма, Ежы Радзівіла. У пачатку 17 стагоддзя Дыніс даслужыўся да таго, што атрымаў у сваё трыманне маёнткі недалёка ад Чанстаховы, ажаніўся з полькай, парадніўся з мясцовай дробнай шляхтай і стаў важным чалавекам.
У 18 стагоддзі была яшчэ адна гісторыя з хэпі-эндам, хаця і менш яркая. Дзяўчынка Кацярына, што трапіла да Францішкі Уршулі Радзівіл у Нясвіж, пасля доўгія гады служыла яе дачцэ Тэафіліі. Але ў выніку яна здолела збудаваць і ўласнае жыццё: выйсці замуж, асесці ў Вільні і здабыць ад былых гаспадароў заслужаную пенсію.
«Былі выпадкі, калі бралі мясцовых хлопцаў, апраналі на ўсходні манер, размалёўвалі цёмным і давалі ім арыентальнае імя — напрыклад, Алі»
У ВКЛ, кажа Віталь, на адрозненні паміж людзьмі глядзелі зусім не так, як мы сёння.
«Сучасная навука больш не ўспрымае расы як асобныя біялагічныя групы. Гэта штучны падзел, які склаўся пераважна ў 17‑19 стагоддзях як асэнсаванне тагачасных сацыяльных рэалій, у тым ліку геаграфічных адкрыццяў, каланізацыі і рабства.
Жыхары ВКЛ, вядома, ва ўсе часы бачылі, што іншыя адрозніваюцца ад іх знешнасцю, але значна больш увагі надавалі рэлігіі ці саслоўю. А для апісання знешніх адрозненняў маглі ўжываць даволі неакрэсленыя ярлыкі. Маю ўражанне, што тое самае слова «мурын» у розных крыніцах маглі выкарыстаць у дачыненні да любога замежніка, цямнейшага за турка».
Пазней мурынамі пачалі называць і проста цемнаскурых слугаў, прычым калі такі чалавек больш не быў слугой, то і мог перастаць называцца мурынам. Калі ж афрыканцаў не было, а слугу-мурына хацелася мець, часам знаходзілася выйсце:
«Былі выпадкі, калі бралі беларускіх хлопцаў, размалёўвалі цёмным і давалі ім арыентальнае імя — напрыклад, Алі. Прызначалі такога хлопца на пасаду мурына ці турка — слугі ці музыканта».
У гэтым кантэксце Віталь звяртае ўвагу на тое, як мы называем людзей з цёмнай скурай — і ў мінулым, і сёння. Ён прапануе перагледзець некаторыя звыклыя словы:
«Слова «негр» пашырылася і замацавалася ў кантэксце рабства і «навуковага» расізму 19 стагоддзя, таму адпаведнікі яго ў многіх мовах сёння лічацца абразлівымі. Адтуль гэта слова прыйшло і ў беларускую мову, таму я яго не ўжываю і не раю гэта іншым. Мы гэтак жа не любім слова «Беларусія», бо яно звязанае з нашай няволяй».
Менш негатыўнага гістарычнага багажу мае даўняе беларускае слова «мурын». Яно паходзіць ад назвы маўраў, якіх уяўлялі як жыхароў экзатычнага Усходу, аднак таксама не пазбаўлена негатыўных гістарычных стэрэатыпаў. Таму Віталь лічыць, што канчатковае рашэнне, якое слова тут ужываць, па праве належыць прыняць самім беларусам афрыканскага паходжання.
«Лап’ер выбіваў грошы ў Радзівілаў гадоў дзесяць»
Праз тое, што ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай не было жорсткага расізму, свабодныя афрыканцы мелі тут больш магчымасцяў.
Віталь успамінае гісторыю Жана Лап’ера, слугі Тадэвуша Касцюшкі. Сам Касцюшка не быў магнатам і ўвогуле быў сціплым чалавекам, але да яго, начальніка паўстання, у 1794 годзе паступіў на службу камердынер-афрыканец, верагодна, карыбскага паходжання. Ён суправаджаў Касцюшку і калі той быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці, але пасля вызвалення, верагодна, не паехаў з гаспадаром у Амерыку, як той планаваў. Лап’ер замест гэтага праз нейкі час з’яўляецца ў Нясвіжы на службе ў Дамініка Радзівіла.

«З камердынера, які дапамагаў пану апранацца, ён за пару гадоў узняўся фактычна да маршалка, то-бок галоўнага над слугамі двара. Патранаж Радзівіла і ўласныя здольнасці ўзнялі яго з рангу звычайных слуг у шэрагі княжацкай адміністрацыі.
Больш за тое, у выніку Радзівілы яму аказаліся вінныя велізарныя грошы. Існавала практыка, калі паны, у якіх часта былі праблемы з наяўнымі, даручалі сваім давераным слугам аплочваць розныя патрэбы з уласнай кішэні, што пасля абавязваліся кампенсаваць з добрымі працэнтамі. Лап’ер шмат меў такіх даручэнняў, якія спрытна выконваў і аплачваў сам у доўг са сваіх капіталаў і пазык.
Працэнты раслі, і калі Дамінік Радзівіл загінуў у шэрагах арміі Напалеона, Лап’ер звярнуўся па свой ужо вельмі значны капітал. Ён выбіваў запазычанасць часткамі гадоў дзесяць і пры гэтым сам ужо жыў не як слуга, а як пан — стасаваўся са шляхтай, гасцяваў у маёнтках, быў сябрам масонскай ложы. І што цікава, з ростам яго багацця і статусу у дакументах ён «пабялеў»: перастае згадвацца «мурынам», хіба што «ураджэнцам Амерыкі», — расказвае Віталь.
А вось народжаныя ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай цёмнаскурыя ліцвіны ці палякі і мурынамі не лічыліся. У пачатку 17 стагоддзя пазашлюбны сын згаданага вышэй Аляксандра Дыніса зрабіў вайсковую кар’еру ў шэрагах знакамітых наймітаў-«лісоўчыкаў» і быццам нават атрымаў шляхецтва. Крыніца апісвае яго як «хлопца чорнага, высокага, станістага», але ў адрозненне ад бацькі мурынам не называе.
У 18 стагоддзі афрыканскія рысы маглі выклікаць плёткі пра паходжанне і даць мянушку, але не перашкодзіць жыццю і кар’еры. Напрыклад, з-за свайго выгляду мянушку «Мурынчык» меў Уладзіслаў Францішак Ябланоўскі, удзельнік паўстання Касцюшкі, генерал польскіх легіёнаў у арміі Напалеона. Цікава, што загінуў ён на Гаіці, куды яго, як і нямала суайчыннікаў, накіравалі на на падаўленне гаіцянскай рэвалюцыі.

Адзін анекдот таго часу сцвярджаў, што яго маці вандравала па Францыі і пасля гэтага нарадзіла цёмнаскурае немаўля. Мужу яна гэта патлумачыла так: у Парыжы была крама тытуню, а ля яе стаяла вельмі прыгожая фігура мурына з люлькай, і, магчыма, дзіця пачарнела, бо маці шмат глядзела на тую фігуру. Чуткі казалі, што гэты ваенны дзеяч з Гданьска быў пазашлюбным сынам жонкі генерала Канстанціна Аляксандра Ябланоўскага і цёмнаскурага слугі — верагодна, гэта сведчыць, што падобныя гісторыі здараліся.
А самы знакаміты цёмнаскуры ўраджэнец ВКЛ Іеранім Іпаліт Аўгуст нарадзіўся ў 1778 годзе ў Белай Берасцейскага павета (цяпер Белая-Падляшская ў Польшчы) ад нямецкай маці і таты з Барбадаса на радзівілаўскай службе. Праўда, гэты меркаваны вучань Ёзафа Гайдна і сябар Людвіга ван Бетховена стане вядомы ўжо ў Брытаніі як вундэркінд-музыка, кампазітар і скрыпач Джордж Брыджтаўэр.

Чаму мы амаль забыліся пра афрыканцаў, якія жылі на нашых землях? На думку Віталя, адна з прычын у тым, што яны не ўпісваюцца ў звыклую карціну беларускага мінулага. Часам гэта ўплывае нават на тое, як гісторыкі чытаюць крыніцы.
«Калі гісторык бачыць запіс пра нейкага афрыканца ў даўняй Беларусі, ён часта проста не можа ў гэта паверыць. Мой калега Дзяніс Лісейчыкаў прыводзіць выдатную гісторыю з мануфактурай слуцкіх паясоў, дзе ў крыніцах згадваюцца сярод іншых і дзяўчыны-«murzynki». Папярэднія гісторыкі не маглі ўявіць, што ў Слуцку ў тыя часы маглі быць мурынкі, таму чыталі гэта слова як «мужычкі».
Падобныя, хоць і менш яскравыя выпадкі сустракаў і я сам. Але справа не толькі ў гэтым. Многае з расказанага мной вышэй вядома гісторыкам, але яно настолькі не ўпісваецца ў наша бачанне мінулага, што так і застаецца хіба што малавядомымі кур’ёзамі», — тлумачыць навуковец.
Віталь лічыць, што праблема глыбейшая:
«Мы ахвотна лічым сябе еўрапейцамі, аднак не заўсёды гатовыя прызнаць, што еўрапейская гісторыя — гэта таксама каланіялізм, рабства і расізм. І што нашы продкі таксама былі часткай гэтага свету, а не стаялі ўбаку ад яго. Мы хочам ганарыцца сваёй еўрапейскасцю, але не задумвацца пра яе цёмныя бакі».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЗамест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
«Чаму беларусы нас не абаранілі?» Шукеловіч расказаў малавядомую гісторыю сям’і Багушэвіча
Калісьці тут жылі мільёны. Лазерныя тэхналогіі раскрываюць маштаб загінулай цывілізацыі Амазоніі
Каментары